Вольга Някляева: «Дзень допыту мужу не прызначаны»

Вольга Някляева

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў не пайшоў на допыт у КДБ. Замест допыту да спадара Някляева была выкліканая «хуткая дапамога», бо ў палітыка падняўся ціск.

Вольга Някляева: «Раніцай мы даведаліся, што тут будзе знаходзіцца супрацоўнік. Чаго не было ніколі, а раней было ўжо два допыты. Я проста зачыняла кватэру і сыходзіла. І мы з гэтым не пагадзіліся. Чаму чужы чалавек мусіць прысутнічаць у нашай кватэры?».

Карэспандэнт: «А чым патлумачылі зьмену ахоўнікі? Чаму раней яны не заставаліся, а зараз вырашылі застацца? Новы загад атрымалі?»

«Яны нічога не тлумачаць. Кажуць, што падпісана, што яны выконваюць ня толькі загад, але і ахоўваюць кватэру. А чаму раней іх не было, а зараз яны ёсьць, калі нас няма, — ня ведаю. У выніку мы дамовіліся, што такога ня будзе, і мы будзем загадзя дамаўляцца, каб я была вольная і магла заставацца дома на час допыту».
Кажуць, што падпісана, што яны выконваюць ня толькі загад, але і ахоўваюць кватэру.


Уладзімер Някляеў адмовіўся пакідаць кватэру. Канфлікт прывёў да таго, што ў палітыка падняўся ціск і да яго выклікалі «хуткую дапамогу». Лекар абсьледаваў Някляева і даў яму лекі.

«Зараз стан здароўя Уладзімера Пракопавіча лепшы, але ўсё роўна ў яго праблемы са здароўем засталіся. У яго ўвесь час баліць галава і яшчэ непакояць болі ў сьпіне», — паведаміла Вольга Някляева.

Праблемы са здароўем ў экс-кандыдата абвастрыліся пасьля 19 сьнежня мінулага году, калі за гадзіну да мітынгу на Кастрычніцкай плошчы яго зьбілі невядомыя. Уладзімер Някляеў атрымаў траўмы галавы і на пэўны час згубіў прытомнасьць. Палітыка адвезьлі ў шпіталь, адкуль уначы яго скралі супрацоўнікі спэцслужбаў. Толькі празь некалькі дзён стала вядома дакладна, што Ўладзімера Някляева ўтрымліваюць у турме КДБ і яму выстаўленае абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых непарадках.

Сьледзтва па гэтай справе яшчэ не закончанае. Калі Ўладзімера Някляева зноў павязуць пад аховай на допыт — невядома.

Пад хатнім арыштам Уладзімера Някляева ўтрымліваюць ужо месяц. Яму забароненыя прагулкі на сьвежым паветры, размовы па тэлефоне і карыстаньне інтэрнэтам, а таксама кантактаваньне з усімі, акрамя жонкі Вольгі.