Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Севярынца вылучаная асобна


Павал Севярынец у хуткім часе пачне знаёміцца са сваёй справай, між тым у сьледчых дзеяньнях ён ня браў удзелу. Маці Андрэя Саньнікава спрабавала наведаць суд над Алесем Атрошчанкавым. Насьце Палажанцы наўмысна, як яна мяркуе, не вяртаюць пашпарт.

2 сакавіка бацькі сузаснавальніка БХД Паўла Севярынца атрымалі ад яго ліст, у якім паведамляецца пра тое, што хутка Павал пачне знаёміцца са сваёй крымінальнай справай. Між тым вядома, што да Севярынца два месяцы не выклікалі адваката. Якім чынам аказалася, што ягоная справа ўжо завершаная? Маці вязьня "амэрыканкі" Тацяна Севярынец распавяла:

"Вядома, што Павал адмовіўся ад супрацоўніцтва са сьледзтвам. Другое — насамрэч, што адваката да яго не пускалі з 29 сьнежня. Але, відаць, і безь іх нейкім чынам справа гэтая неяк разгортвалася. У папярэднім лісьце Павал напісаў, што ягоную справу вылучылі асобна, а зараз ён ужо піша, што хутка будзе знаёміцца з матэрыяламі".

Паводле Тацяны Севярынец, яе сын піша дамоў "цёплыя і вельмі спакойныя" лісты, у якіх няма і намёку на тое, што, мяркуючы па заяве Алеся Міхалевіча, адбываецца ў турме КДБ зь вязьнямі. "Але зразумела, што калі б ён пра гэта напісаў, такі ліст мы б не атрымалі. І ў любым выпадку мужны ўчынак Міхалевіча дапаможа ўсім вязьням "амэрыканкі", — кажа маці арыштаванага актывіста. Тацяна Севярынец паведаміла, што запісалася на прыём да старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, але на які дзень будзе прызначана сустрэча, ёй яшчэ не паведамілі.

2 сакавіка экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў не пайшоў на допыт у КДБ. Замест гэтага да яго выклікалі хуткую дапамогу, бо ў яго падняўся ціск.

Канфлікт адбыўся з-за таго, што адзін з ахоўнікаў КДБ, якія знаходзяцца ўвесь час у кватэры, дзе Някляева трымаюць пад хатнім арыштам, адмовіўся пакідаць яе на час допыту арыштаванага. Гэта абурыла Ўладзімера Някляева, і ён адмовіўся ехаць на допыт. Мэдыкі далі Ўладзімеру Някляеву лекі і рэкамэндавалі некалькі гадзінаў заставацца дома. Допыт у КДБ быў адкладзены.

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна спрабавала прайсьці на суд над Алесем Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым, якіх судзяць у Фрунзенскім судзе Менску. Аднак з-за таго, што ахвотных патрапіць на працэс багата, а частку месцаў у залі займаюць міліцыянты ў цывільным, на працэс маці экс-кандыдата ў прэзыдэнты не патрапіла:

"Там жа прайсьці не было як. Я там на лесьвіцы патаўклася, і ўсё. Паразмаўляла з Дашай, жонкай Сашы. Тая сказала, што толькі чалавек трыццаць пусьцілі. Але трэба было прыходзіць. Калі адзін аднаго ня будзем падтрымліваць, дык зусім нічога ня будзе".

Наста Палажанка, якую больш за два тыдні таму выпусьцілі з
ізалятара КДБ пад падпіску пра нявыезд, дагэтуль не атрымала ў сьледчага свой пашпарт. "Наўпрост не адмаўляюць, але кажуць кожны раз — потым", — паведаміла Наста. Актывістка "Маладога фронту" мяркуе, што сьледчы адмыслова ўтрымлівае яе пашпарт:

"Магчыма, яны маюць засьцярогу, што я магу пакінуць межы краіны. Але ўцячы можна і бяз пашпарта. Было б жаданьне. Але я нікуды зьяжджаць не зьбіраюся і неаднаразова ім пра гэта казала".

Марына Фядута і Натальля Класкоўская паведамілі карэспандэнту "Свабоды", што лістоў ад іх мужоў гэтымі днямі не было. Адвакатаў да Аляксандра Фядуты і Аляксандра Класкоўскага на гэтым тыдні таксама не выклікалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG