Ён нарадзіўся 17 красавіка 1940 году ў Менску ў сям’і патомных інтэлігентаў. Скончыўшы Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, паехаў вучыцца ў Маскву ва Ўсесаюзны дзяржаўны інстытут кіно. Атрымаўшы дыплём кінарэжысэра, вярнуўся на радзіму і ад 1969 году працаваў на «Беларусьфільме».
70-80-я гады — гэта быў час яркіх асобаў у беларускім кінамастацтве, — кажа кінакрытык Ала Бабкова, — Тураў, Рыбараў, Нікіфараў, Дабралюбаў. Але і сярод такіх талентаў Рубінчык выдзяляўся.
«Валеры Рубінчык — адзін з тых, хто рабіў у беларускім кінэматографе тое, што ён жадаў. Ён ня так многа стужак зрабіў, але тое, што ён зрабіў, гэта вельмі слушная праца, і амаль кожная яго карціна мае мастацкую каштоўнасьць. Ён быў стоікам, ён ніколі не пераступаў тую рысу, за якой пачыналася несумленнасьць у мастацтве».
Доўгія гады з Валер’ем Рубінчыкам сябраваў рэжысэр Віктар Дашук. Ролю і месца сябра ў беларускім кіно ён ацэньвае вельмі высока.
А ён усё ж такі неяк вось гэтую шырму афіцыёзу як бы разьдзіраў рукамі і глядзеў у космас.
«Яго творчасьць вельмі выдзялялася з гэтага так званага сацыялістычнага рэалізму. Гэта быў чалавек ужо ў тыя часы эўрапейскага творчага мысьленьня. Сыстэма, якая існавала ў тыя часы, нас прыгнятала, душыла, мы былі ня толькі пад зьнешняй, а і ўнутранай цэнзурай таго, што адбывалася вакол, а ён усё ж такі неяк вось гэтую шырму афіцыёзу як бы разьдзіраў рукамі і глядзеў у космас».
Валеры Рубінчык зьняў на «Беларусьфільме» больш за 20 стужак. Апошнім ягоным фільмам, зьнятым на беларускім матэрыяле, але ўжо ў Маскве, быў «Барыс Забораў». Найбольш знакамітым з усіх яго карцін стала «Дзікае паляваньне караля Стаха» (1979) паводле гістарычнай аповесьці Ўладзімера Караткевіча. Зь ёю ён езьдзіў на многія міжнародныя кінафэсты і атрымаў за яе прыз журы кінафэсту ў Манрэалі. Гэтая стужка разам зь «Вянком санэтаў» і некаторымі іншымі дазволіла кінакрытыку Андрэю Расінскаму назваць Валер’я Рубінчыка паэтам беларускага кіно.
«Тонкім кінапаэтам, стваральнікам кінасанэтаў, чалавекам з унікальным аўтарскім позіркам, мэлянхалічным, карункава-празрыстым, паветраным, стваральнікам паэтычных сусьветаў, абсалютна аўтарскіх, абсалютна сваіх, і ў той жа час усіхніх, чалавекам, які экранізаваў „Дзікае паляваньне караля Стаха“, якое ўвайшло ва ўсе энцыкляпэдыі „страшнага“ кіно, чалавекам, які ствараў дзівосныя кінапаэмы пра наш час, пра нашу рэальнасьць і пра кінарэальнасьць. Жыцьцё як кіно і кіно як жыцьцё — гэта тое, што ён рабіў».