Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".
Эфір 2 сакавіка 2011 году
У пошце "Свабоды" па-ранейшаму пераважаюць лісты на тэму наступстваў падзей 19-га сьнежня 2010 году, калі апазыцыйная акцыя пратэсту была жорстка разагнаная міліцыяй, а многія яе ўдзельнікі і арганізатары (у тым ліку кандыдаты ў прэзыдэнты) трапілі ў турму.
Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Аляксандар Івановіч зь Менску. Ён сам быў удзельнікам і сьведкам таго, як увечары 19-га сьнежня людзі, што сабраліся на плошчы, трапілі пад міліцэйскія дубінкі. Згадваючы тыя падзеі, слухач піша:
"Лукашэнка проста імкнецца запалохаць людзей і паставіць усіх на ўлік у міліцыі. 19-га сьнежня ніякай спробы перавароту не было. Людзі мірна, спакойна ішлі. Я ня бачыў ніводнага чалавека ні з каністрамі, ні з рыдлёўкамі, ні зь ледарубамі. Іншая справа — людзей было шмат, і паступова станавілася ўсё больш. І Лукашэнка, верагодна, спалохаўся і вырашыў спыніць іх. І тут жа знайшлася падстава. Аднекуль зьнянацку зьявіліся правакатары, пачалі біць шкло ў дзьвярах. Ім чамусьці ніхто не перашкаджаў, нікога з правакатараў не затрымлівалі. Ну, а потым на людзей нацкавалі загадзя падрыхтаваны АМОН. Цяпер хваляцца: ачысьцілі плошчу за 7 хвілін. Таму і ачысьцілі, што гэта былі мірныя людзі, без агрэсіўных намераў. А ў іншым выпадку на разгон і сямі сутак не хапіла б.
Цяпер звальваюць усю віну на апазыцыйных кандыдатаў. Маўляў, яны заклікалі і вялі людзей на Плошчу. Я ў гэтай сувязі згадваю сьвяткаваньне 3 ліпеня 2008-га году. Тады Лукашэнка і ягоныя СМІ таксама заклікалі людзей на плошчу. Але ці азначае гэта, што іх трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за выбух, які прагрымеў у тую ноч падчас сьвяткаваньня?
Ня мае значэньня — быў дазволены гэты мітынг ці не. Міліцыя, АМОН у любым выпадку павінны сачыць за парадкам і неадкладна затрымліваць тых, хто б'е шыбы ці іншым чынам зьнішчае маёмасьць, правакуе беспарадкі", —
— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Аляксандар Івановіч зь Менску.
Сапраўды, у паводзінах міліцыі і АМОНу 19-га сьнежня — шмат незразумелага і цяжкавытлумачальнага. Кім быў учынены напад на Ўладзімера Някляева і актывістаў ягонага штабу, якія везьлі на Плошчу гукаўзмацняльную апаратуру? Чаму падыходы да дзьвярэй Дома ўраду ніхто не ахоўваў? Дзеля чаго падразьдзяленьні АМОНу былі загадзя сканцэнтраваныя ўнутры будынка, а ня выстаўленыя як ачапленьне вакол пляцоўкі ля Дома ўраду?
Адказаў на гэтыя пытаньні няма. Хоць ёсьць прызнаньне Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён асабіста кіраваў спэцапэрацыяй сілавых структураў увечары 19-га сьнежня. І тое, што кіраўнікі і ўдзельнікі разгону зь ліку міліцыянтаў былі ўзнагароджаныя па выніках той апэрацыі — таксама пра многае сьведчыць.
Аўтар наступнага ліста Валеры Старыкаў з Баранавічаў выказваецца адносна санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў, што ўвялі нядаўна ўрады Эўразьвязу і ЗША. Слухач піша:
"Правільна ўсё зроблена — каб не барзелі і не нахабнічалі. А то ўвогуле страх страцілі: што хочуць, тое і робяць. Яны думаюць, што Лукашэнка — навечна, і іхныя штукарствы ды хітрыкі так і застануцца беспакаранымі. А Лукашэнка ж наўрад ці доўга працягне прэзыдэнтам — гэта ж відавочна. І пачнуць тады гэтыя начальнічкі ўцякаць, як пацукі з карабля, што ідзе на дно... Нябось, тады акажацца, што ўсе яны ў душы былі дэмакратамі, ды вось толькі дыктатар не даваў ім разгарнуцца. Ён ва ўсім вінаваты...
Пасьля выбараў многія мае знаёмыя сталі слухаць ваша радыё — асабліва калі ідзе перадача Яна Максімюка. Ну што вы хочаце — дыктатура, людзі запалоханыя. Усіх, хто галаву падніме — душаць, не даюць голас падаць. А свабоднае слова ўсё роўна хочацца пачуць.
Вам на радыё звоняць адважныя людзі. Усе ж ведаюць: у нас усё кантралюе КДБ. Дый пісаць лісты, відаць, небясьпечна. Але гэта ўсё — часовае. За ўсё ім у сваю пару давядзецца заплаціць", —
— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Валеры Старыкаў з Баранавічаў.
Эпоха незьмяняльных аўтарытарных рэжымаў, пры якіх неабмежаваная ўлада правадыра толькі зьлёгку дэкараваная псэўдадэмакратычнымі інстытутамі, мінула ня толькі ў Эўропе. Сьвет са зьдзіўленьнем і ўтрапеньнем назірае, як адна за другой рушацца дыктатуры на поўначы Афрыкі, на Блізкім Усходзе — там, дзе ўсе дэмакратычныя памкненьні людзей яшчэ нядаўна былі дарэшты заціснуты, дзе жорсткія дыктатары дзесяцігодзьдзямі трымалі свае народы ў кулаку і ўсе як адзін рыхтавалі "на царства" ўласных сыноў... Зразумела, што беларусы за ўсім гэтым назіраюць, супастаўляюць, робяць высновы... А тым часам з навінных праграмаў беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў згадкі пра падзеі ў ахопленых рэвалюцыямі дзяржавах арабскага сьвету раптам цалкам зьніклі — нібы там і не адбываецца нічога, нібы гэта ня ёсьць міжнароднай навіной нумар адзін у сьвеце. Гэта так па-дзіцячы: захіліў вочы далонямі — і схаваўся. Але ў кожнага Мубарака рана ці позна здараецца свая плошча Тахрыр. Як ад гэтага ні хавайся.
Пра лёс адстаўных дыктатараў піша ў сваім лісьце на "Свабоду" і наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:
"Хосьні Мубарак 30 гадоў трымаўся за прэзыдэнцкае крэсла, чапляўся за яго да апошняй магчымасьці — а ўсё роўна давялося сысьці. Кажуць, што ў яго дзясяткі мільярдаў даляраў у швайцарскіх банках. Можа, з такімі грашыма ён і ў Беларусь прыедзе? Трэба ж недзе хавацца ад свайго народу. Будуць зь беглым прэзыдэнтам Кіргізіі Бакіевым гарбату папіваць ды сваё мінулае ўспамінаць. Відаць, лёс усіх узурпатараў падобны на гэтым сьвеце..."
Далей у сваім лісьце Павал Сац разважае на іншую тэму — пра цяперашні стан калгаснай сыстэмы, пра тое, наколькі яна эфэктыўная. Слухач прыводзіць наступныя прыклады, сьведкам якіх стаўся сам (зноў цытую ліст):
"У нас у Макранах дагаспадарыліся да таго, што ўраджай грэчкі застаўся пад сьнегам. Ня здолелі ўбраць і кукурузу — так і засталася на палях. А хваляцца ў справаздачах багатымі ўраджаямі. Праўду ў нас кажуць: што дурны пасее, тое разумны пажне. У выніку людзі ўдосталь назьбіралі кукурузных кіяхоў — добры корм для курэй. Увогуле, засталіся няўбранымі прыкладна 100 гектараў палёў. І ніхто не нясе адказнасьці. Цяпер вось з Макран возяць у Ляхаўцы кукурузны сянаж, а ўзамен бяруць салому. Такі вось бартэр. Хоць і ў адных, і ў другіх той саломы па палях — сотні тон. Але што ты ім дакажаш...", —
— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.
Цікавыя зьвесткі, спадар Сац, — асабліва пра грэчку. Эканамісты ды палітыкі шукаюць нейкіх глыбокіх прычынаў таго, чаму грачаныя крупы падаражэлі ў шэсьць разоў, чаму іх даводзіцца завозіць з Расеі і Кітаю. А грэчка, аказваецца, нікуды зь Беларусі не зьнікала. Вунь яна — зімуе пад сьнегам ля палескай вёскі Макраны. І што гэта, цікава, за гаспадар, які замест таго, каб зарабіць дзясяткі, а мо і сотні тысяч даляраў на дэфіцытным прадукце, пусьціў увесь ураджай пад сьнег? Ці магчыма было б такое, калі б гэта было не калгаснае поле, а прыватнае?
Палітычныя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, турбуюць нашу слухачку Лідзію Касьцевіч зь Ліды. Разважаючы пра наступствы падзей 19-га сьнежня, яна піша:
"Нельга маўчаць. І як з гэтым жыць далей? Нават калі б Лукашэнка атрымаў на выбарах усяго адзін працэнт галасоў — усё роўна афіцыйны вынік быў бы абвешчаны той жа, што і 19-га сьнежня. І колькі яшчэ нам наканавана перацярпець гэтых "убядзіцельных элегантных" перамог? Калі Бог пачуе нас і выратуе наш шматпакутны народ?
Успамінаю, як ён на сваім так званым "народным" сходзе пагражаў, што не аддасьць краіну кандыдатам-жулікам, абражаў і прыніжаў іх. І, як бачым, ажыцьцявіў усе свае пагрозы.
Мяне як грамадзянку не задавальняе тое, што мы ня ведаем, якое сапраўднае маральнае аблічча прэзыдэнта нашай краіны. Які ён у сям'і? Чаму мы ня бачым ягоную жонку? Адкуль узялася і куды падзелася маці Колі?" —
— напісала ў сваім лісьце на "Свабоду" Лідзія Касьцевіч зь Ліды.
Вядома, спадарыня Лідзія, спадзявацца на Бога варта ва ўсіх сваіх добрых справах і памкненьнях. І ўсё ж уратаваць сябе, зьмяніць сваё жыцьцё ў лепшы бок беларускае грамадзтва можа і павінна найперш праз уласныя намаганьні. Ня будзе такога памкненьня, такіх высілкаў — тады чакаць, верагодна, давядзецца яшчэ доўга.
І на заканчэньне — ліст ад Алеся Бортніка з Глыбокага. Падсумоўваючы ўласны жыцьцёвы досьвед і назіраньні за палітычнымі падзеямі ў краіне, слухач піша:
"Мае прадзеды, дзяды і бацька былі праваслаўнымі сьвятарамі. У часы сталінскага ліхалецьця бацьку як самаадданага беларуса расстралялі, а маці асудзілі на 25 год. Сам я ў савецкія часы, як і большасьць маіх равесьнікаў, вымушаны быў паказваць сябе атэістам.
А ў 90-я, калі быў на заробках у Расеі, рамантуючы дзіцячы інтэрнат, выпадкова знайшоў у шуфлядзе Эвангельле. Прачытаў — і знайшоў шлях да свайго Бога. Якога мне ўсё папярэдняе жыцьцё вельмі не хапала. Зараз для мяне Бог — гэта ўсё. Хаця, прызнацца, і грашу. Бо вось жа сказана ў Эвангельлі: "Усякая ўлада ад Бога". А я — прынцыповы антылукашыст. І нічога зрабіць з гэтым не магу. На першых прэзыдэнцкіх выбарах галасаваў за Пазьняка. А цяпер, пры Лукашэнку, галасаваць бессэнсоўна.
Як на маю думку, дык апазыцыі найперш трэба дамагчыся адстаўкі Лукашэнкі, а потым ужо займацца дэмакратычным уладкаваньнем у дзяржаве, барацьбой за ўладу паміж сабой. І стаўку ў гэтым змаганьні з рэжымам трэба рабіць на Расею. Толькі яна мае рэальны ўплыў на Лукашэнку. Гэта наконт тактыкі. А ў стратэгіі нам, славянам, трэба аб'ядноўвацца ў новы саюз. У асноўным гэта Расея, Беларусь і Ўкраіна. У нас адна вера і адзін гістарычны корань…", —
— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Алесь Бортнік зь Віцебшчыны, з Глыбокага.
Досьведу жыцьця ў адным саюзе (а яшчэ раней — у імпэрыі) пад скіпэтрам расейскіх цароў і генсекаў КПСС у славянскіх (і ня толькі славянскіх) народаў багата. І ніводзін з народаў, які пасьля стагодзьдзяў каляніяльнай залежнасьці здабыў сабе незалежнасьць, не імкнецца назад, у падпарадкаванае і прыніжанае становішча. Беларусы ў гэтым сэнсе — не выключэньне. Усе сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра тое, што прыхільнікаў новага саюзу з Расеяй сярод беларускіх грамадзянаў з часам становіцца толькі меней.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by