«А дзе раней былі гэтыя сьведкі?»

Your browser doesn’t support HTML5

У Маскоўскім судзе Менску аднавіўся працэс над грамадзянамі Расеі Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым, якіх падазраюць ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня.

Пракурор Сяргей Кунаш адразу, як аднавіўся працэс, зачытаў новы тэкст абвінавачаньня Івану Гапонаву і Арцёму Брэўсу. Абвінавачаньні Гапонаву цалкам паўтаралі абвінавачаньні Брэўсу: што «прыйшлі на плошчу з надуманай прычыны — нібыта сфальшаваных выбараў», што дзейнічалі ў натоўпе, які быў узброены «бутэлькамі з гаручай вадкасьцю», што білі нагамі і рукамі міліцыянтаў, якія стаялі ў ачапленьні вакол Дома ўраду.

Пракурор Кунаш зачытаў сьпіс міліцыянтаў, якія, паводле сьледзтва, пры гэтым пацярпелі: Булавацкі, Скараход, Кудравец ды яшчэ 12 прозьвішчаў. Пракурор хадайнічаў перад судом аб тым, каб далучыць да матэрыялаў справы пратаколы допытаў гэтых міліцыянтаў ды іншыя дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што гэтыя людзі пацярпелі, і суд хадайніцтва пракурора Кунаша задаволіў.

Што да хадайніцтва адвакатаў Алены Сяргеевай і Людмілы Казак аб зьмене меры стрыманьня для Гапонава і Брэўса на падпіску пра нявыезд, судзьдзя Любоў Сімахіна яго адхіліла. Пасьля гэтага судзьдзя абвясьціла перапынак у працэсе да 10 сакавіка — каб даць час абароне падрыхтавацца ў зьвязку з новым абвінавачаньнем.

Між тым на думку праваабаронцаў, якія назіраюць за працэсам, новага ў абвінавачаньні — толькі імёны пацярпелых. «Нездарма і артыкул застаўся той жа — 293 частка 2: удзел у масавых непарадках», — кажуць назіральнікі. Паводле праваабаронцаў, праз пацярпелых пракуратура спрабуе падмацаваць слабую базу доказаў віны Брэўса і Гапонава, што выявілася падчас папярэдняга паседжаньня, 22 лютага. Праваабаронца БХК Гары Паганяйла кажа, што суд дагэтуль не ўстанавіў факт масавых непарадкаў, і таму недакладна разьбіраць асабісты ўдзел у іх пэўных грамадзян. Былы судзьдзя Паганяйла зрабіў выснову пра зададзенасьць выніку працэсу:

Суды нашы залежныя, і, адпаведна, будзе абвінаваўчы прысуд, і прысуд жорсткі.
«У нас сёньня выключана магчымасьць накіраваньня справы на дасьледаваньне, і ў суду выхад адзіны: няма доказаў — апраўдаць, ёсьць доказы — асудзіць. Калі доказы сьведчаць пра меншую віну, выкарыстайце адпаведна іншы артыкул зь мякчэйшым пакараньнем. Але судзьдзя выбера шлях адзін: суды нашы залежныя, і, адпаведна, будзе абвінаваўчы прысуд, і прысуд жорсткі».

Your browser doesn’t support HTML5

"Мы ня бачым доказаў масавых беспададкаў"



Адвакаты Брэўса і Гапонава ад камэнтару адмовіліся. Алена Казак распавяла толькі пра ўмовы ўтрыманьня яе падабароннага Арцёма Брэўса:

«Умовы яго ўтрыманьня звычайныя, як і ўва ўсіх. Прадстаўнікі амбасады яго наведваюць кожны тыдзень, пытаюцца пра ўмовы, ён заўсёды адказвае — здавальняючыя. Мне таксама ня скардзіўся. А настрой які ў яго? Настрой сёньня, відаць, горшы. Бо ўсе чакалі мякчэйшага абвінавачаньня».

Маці Івана Гапонава Сабіра Атакішыева адмовілася ад інтэрвію, сказаўшы, што яна разгубленая пасьля выступу пракурора.

Дарадца амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў сёньня зноў прысутнічаў на працэсе ад самага пачатку і да канца паседжаньня. «Свабодзе» спадар Гусеў сказаў:

Да вынясеньня прысуду амбасада ўстрымаецца ад камэнтароў, але, вядома, узьнікае шэраг пытаньняў.
«Да вынясеньня прысуду амбасада ўстрымаецца ад камэнтароў, але, вядома, узьнікае шэраг пытаньняў. Адно зь іх — паводле сёньняшніх падзей: абвінавачаньне засталося ранейшым, але зьявіліся 15 сьведкаў. Пытаньне: а дзе раней былі гэтыя сьведкі? Будзем чакаць 10 сакавіка, і па рашэньні суду тады зробім заяву. Яшчэ магу адзначыць, што вельмі важная адкрытасьць працэсу. На ім прысутнічаюць і прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, і незалежных мэдый, якія могуць самі пераканацца ў праўдзівасьці абвінавачаньняў, якія выстаўленыя грамадзянам Расеі».

Працэс па-ранейшаму праходзіць пры поўнай залі. Справай Брэўса і Гапонава цікавяцца ня толькі іх сваякі і журналісты, але і праваабаронцы, палітыкі, прадстаўнікі грамадзкасьці. Засталіся і былыя захады бясьпекі — у залю людзей пускаюць праз мэталашукальнік, у самой залі сярод публікі сядзяць міліцыянты ў цывільным.