Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лімонаў: Улады Расеі пакуль не гатовыя псаваць адносіны з Лукашэнкам


Абвінавачаньне грамадзянам Расеі Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву, насуперак чаканьням, не зьмякчылі. Адхілена і хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня пад падпіску аб нявыезьдзе. Фактычна ім пагражае ўсё той жа артыкул Крымінальнага кодэксу — да 8 гадоў зьняволеньня за «ўдзел у масавых беспарадках». Як у Расеі ставяцца да нежаданьня беларускіх уладаў прыслухацца да пажаданьняў Крамля? Чаму Масква не патрабуе неадкладнага вызваленьня суайчыньнікаў, чыя віна па-ранейшаму пад вялікім пытаньнем?

Эдуард Лімонаў
Расейскі дысыдэнт, старшыня выканкаму партыі «Іншая Расея» Эдуард Лімонаў за палітычную актыўнасьць некалькі гадоў правёў за кратамі. Ён лічыць, што Крэмль досыць індыфэрэнтна ставіцца да сваіх грамадзянаў увогуле, таму няма чаго дзівіцца, што па-за ўвагай застаюцца маладыя людзі, якія не ўяўляюць для расейскага кіраўніцтва ніякай «стратэгічнай каштоўнасьці». Да таго ж, кажа спадар Лімонаў, адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам для крамлёўскага дуумвірату пакуль што нашмат важнейшыя:

«Мяркую, што расейскія ўлады папросту ня хочуць псаваць адносіны з Лукашэнкам да такой ступені, таму, зразумела, прыносяць у ахвяру сваіх грамадзянаў. Гэта, вядома, толькі здагадка, бо немагчыма падобныя рэчы абгрунтаваць доказамі. Але ў мяне менавіта такое ўражаньне. Увогуле расейскія ўлады ставяцца да арыштаваных на тэрыторыі іншых дзяржаў, скажам так, пагана. Няма звычкі абараняць сваіх грамадзянаў. Я вось бачу, што ў нас кожны раз адбываецца на Трыюмфальнай плошчы, дык гэта ўсё больш і больш нагадвае ваенны лягер. Наколькі гэта падобна да беларускай практыкі — ня мне, натуральна, меркаваць. Але адна зь сябраў нашага аргкамітэту „Стратэгіі 31“ Насьця Рыбачэнка падчас выбараў пабывала ў беларускім СІЗА і кажа, што добрага там мала».

Алег Казлоўскі
Заснавальнік расейскай «Абароны», сябра Палітрады аб’яднанага руху «Салідарнасьць» Алег Казлоўскі — аднагодка Арцёма Брэўса і не нашмат старэйшы за Івана Гапонава. У сакавіку 2006-га браў удзел у мітынгу беларускай апазыцыі супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, падчас штурму спэцназам намётавага лягера быў затрыманы і адбываў 15 сутак у ізалятары на Акрэсьціна. Трапіў у сьпіс асобаў, якія становяць «пагрозу нацыянальнай бясьпецы Рэcпублікі Беларусь». Праз тры гады пасьля заканчэньня гадавой забароны на ўезд у Беларусь быў выдвараны з краіны на ўказаньне КДБ. Лічыць, што расейскія ўлады занадта глыбока загразьлі ў гульнях з Лукашэнкам, каб чакаць ад іх ультыматуму наконт вызваленьня Брэўса і Гапонава:

«У Расеі ўвогуле мала хто ведае пра тое, што нашы суграмадзяне знаходзяцца ў беларускай турме. Ніякай асаблівай увагі дзяржаўныя СМІ да гэтага пытаньня не прыцягваюць. Таму ня думаю, што расейскія ўлады ў цэлым так моцна дамагаюцца вызваленьня сваіх суайчыньнікаў. Усе структуры, так ці інакш зацікаўленыя ў разьвязваньні гэтай праблемы, дзейнічаюць у адпаведнасьці з указаньнямі палітычнага кіраўніцтва. Але і ў Расеі, і ў Беларусі палітычнае кіраўніцтва нашмат больш заклапочанае захаваньнем сваёй улады і барацьбой з апазыцыяй, чым гарантаваньнем бясьпекі грамадзянаў ці барацьбой з крыміналам і г.д. То бок барацьба з крыміналам ідзе, хутчэй, паводле рэшткавага прынцыпу — на што ўжо хапае рэшты сілаў».

Актывісты «Салідарнасьці» перадалі ў беларускую амбасаду ў Маскве калектыўнае патрабаваньне аб вызваленьні ўсіх зьняволеных па «справе 19 сьнежня», а таксама аб зьняцьці надуманых абвінавачаньняў з Брэўса і Гапонава. Аналягічны зварот трапіў і ў МЗС Расеі, якое хоць і агучвала пазыцыю адносна сваіх грамадзянаў, аднак беларускі бок гэтыя заявы проста ігнаруе. Збор подпісаў ладзіўся на адмысловым сайце uznikiluki.ru, супраць рэпрэсіяў у Беларусі выказаліся сотні расейцаў. Адзін з сузаснавальнікаў «Салідарнасьці» Ўладзімер Рыжкоў перакананы: наяўнасьць такой колькасьці палітзьняволеных у цэнтры Эўропы — ганьба:

Уладзімер Рыжкоў
«Я маю на ўвазе абсалютна ўсіх арыштаваных, а выпадак з блізкімі мне Андрэем Саньнікавым і Ірынай Халіп увогуле лічу адным з найбольш абуральных прыкладаў бесчалавечнага абыходжаньня зь людзьмі, калі бацька ўжо больш за два месяцы ня можа пабачыць сына, калі пазбаўляюць якога б там ні было доступу назіральнікаў, адвакатаў і г.д… Але я цалкам дапускаю, што ў 2011 годзе, калі ў Расеі будзе актыўная падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў, а таксама выбараў прэзыдэнта, нас чакае прыблізна той жа сцэнар разьвіцьця падзеяў, што і ў Беларусі. То бок, з аднаго боку — масавае незадавальненьне і пратэсты расейскага насельніцтва, зь іншага боку — жорсткія рэпрэсіі ўладаў супраць апазыцыянэраў, супраць грамадзкіх актывістаў».

Расейскі публіцыст Дзьмітрый Быкаў — адзін зь пераможцаў апошняй журналісцкай прэміі «Залатое пяро». Яшчэ адна ляўрэатка — карэспандэнтка «Новай газэты» Ірына Халіп — на ўзнагароджаньне зь вядомых прычынаў ня трапіла. У гэтым зьвязку спадар Быкаў заклікае да абуджэньня перадусім грамадзянскай супольнасьці. Калі свой голас пададуць вядомыя людзі, уладам нічога не застанецца, як урэшце да яго прыслухацца:

Дзьмітрый Быкаў
«Мяркую, што нашы ўлады маглі б нашмат больш заклапаціцца гэтай сытуацыяй, бо, перакананы, нашы кіраўнікі ў курсе ўсіх нюансаў справы. Але паколькі стан менавіта такі, то ўсё, што магчыма ў гэтай сытуацыі, неабходна рабіць нам. І ў дадзеным выпадку, на маё перакананьне, голас грамадзтва можа аказацца вельмі значным. Голас менавіта расейскай грамадзкасьці. Цудоўна, што ёсьць ліст Аляксеевай, Стругацкага ды, безумоўна, іншых выбітных людзей. Але мяркую, што гэтым абмяжоўвацца нельга. Калі мы насамрэч патрыёты, мы ня можам цярпець, што расейцы знаходзяцца там у чаканьні, па сутнасьці, бяссуднай расправы».

У сваю чаргу, прадстаўнікі расейскай амбасады ў Беларусі сёньня заявілі, што абвінавачаньне Брэўсу і Гапонаву «цалкам надуманае». У прыватнасьці, дыпляматаў абурыла, што зьявіліся паўтара дзясятка новых сьведкаў-міліцыянтаў, якія нібыта пацярпелі ад разьюшанага натоўпу. І, як сьцьвярджае бок абвінавачаньня, асабліва пры гэтым адзначыліся якраз грамадзяне Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG