Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты ў мясцовыя аддзелы КДБ і міліцыі ў сувязі з крымінальнай справай аб падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня.
МАГІЛЁЎШЧЫНА
"Торгаюць усіх, каб хоць што раскалупаць"
У панядзелак у Ленінскім райаддзеле міліцыі Магілёва дапыталі актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Аляксандра Дзямідава. Міліцыянты патлумачылі, што яго мабільны тэлефон быў запеленгаваны 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску.
У аддзеле міліцыі, як кажа Аляксандар Дзямідаў, старшы опэрупаўнаважаны Болатаў паведаміў, што зь Менску прыйшоў ліст з загадам дапытаць яго. Пытаньні тычыліся падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.
"Ён пытаўся: што я там бачыў, хто правакаваў беспарадкі, ці браў удзел я ў іх? Таксама спрабавалі высьветліць, ці ўваходжу я ў якую апазыцыйную партыю, альбо ці праўда, што амаль уся партыя БНФ перайшла ў партыю БХД. Я мяркую, што важкіх доказаў, што на Плошчы былі беспарадкі, у іх няма, таму торгаюць усіх, каб хоць што раскалупаць, каб можна было прышыць гэта да справы", — зазначае актывіст.
Аляксандра Дзямідава раней ужо выклікалі на допыт у Менск. Ехаць туды бяз позвы ён адмовіўся. Зь лістом, які даслалі магілёўскай міліцыі, актывіст азнаёміўся, і вось яго камэнтар:
"Там была такая фраза: "Устаноўлена, што грамадзянін Дзямідаў быў 19-га чысла ў Менску". То бок толькі на падставе таго, што там была мая сімка, зробленая выснова, што я ў сталіцы быў. Хаця я й не хаваю, што я там быў, і я хачу быць сьведкам на судах, аднак так, як работнікі закону робяць высновы, мяне троху напружвае. Я дужа сумняваюся ў іх кампэтэнтнасьці".
Тым часам у Менск на допыт спрабавалі выклікаць актывістку грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Марыю Вайнову. Удзельніцу акцыі пратэсту ўжо дапытвалі ў сталіцы месяц таму.
"Мне патэлефанаваў старшы ўпаўнаважаны ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму Бяляеў Васіль Пятровіч і сказаў: паколькі кампанія Velkom нумары ўсіх тэлефонаў, якія знаходзіліся 19 сьнежня ў раёне плошчы Незалежнасьці, ім аддала, таму яны кожны тэлефон "прабіваюць". Ён запытаўся, хто мяне дагэтуль выклікаў. Я сказала, каб ён сам гэта высьвятляў. Яны паміж сабой не ўзгадняюць працу, таму, відаць, насамрэч ім невядома, што мяне ўжо дапытвалі".
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Забралі зарэгістраваны пісталет у былога афіцэра-дэсантніка
У Гомелі міліцыянты прымусілі грамадзкага актывіста, былога афіцэра-дэсантніка Юрася Захаранку здаць зарэгістраваны на яго імя баявы пісталет.
"У мяне быў пісталет маркі "Beretta", – расказвае Захаранка. – Прыйшоў да мяне дадому ўчастковы й сказаў: ваша пасьведчаньне на дазвол анулявана, таму што вы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 17.1 — дробнае хуліганства. З гэтае прычыны мне й нельга мець пісталет. Яго я мушу альбо прадаць, альбо здаць у міліцыю".
Спадар Захаранка палічыў за лепшае здаць пісталет у міліцыю:
"Мы склалі акт прыёмкі, і ўчастковы забраў пісталет на ўтылізацыю".
Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Юрась Захаранка быў даверанай асобай апазыцыйнага кандыдата Мікалая Статкевіча. 19 сьнежня на досьвітку Юрася прэвэнтыўна затрымалі амапаўцы — ён ішоў з дому на прыпынак грамадзкага транспарту, каб ехаць у сталіцу.
Затрыманага Захаранку адвезьлі ў Савецкі райаддзел міліцыі, дзе й склалі пратакол за дробнае хуліганства — ён нібыта гучна лаяўся.
З пастарунку давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты завезьлі ў ізалятар, а на наступны дзень суд Савецкага раёну пакараў яго 12 суткамі арышту.
У судзе ўжо фігуравала заява нейкага "грамадзяніна Ёфэ". Той нібыта 19 сьнежня прачнуўся а 4 гадзіне раніцы й гуляў на цотным баку вуліцы Барыкіна. І вось гэты самы "грамадзянін Ёфэ" ўбачыў мужчыну ў доўгім паліто й вязанай шапцы й чуў, як гэты мужчына гучна лаяўся. Амапаўцы нібыта рабілі заўвагу, але ж нібыта "мужчына ў доўгім паліто на іх заўвагі не рэагаваў".
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Маці вязьня "амэрыканкі" дамагаецца, каб сыну зьмянілі меру стрыманьня
Маці гарадзенскага лідэра "Маладога фронту" Алеся Кіркевіча — Ларыса Кіркевіч — паведаміла "Свабодзе", што дамагаецца, каб КДБ зьмяніў сыну меру стрыманьня. Ларыса Кіркевіч пераконвае, што ў турме КДБ у сына пачало балець сэрца.
Маці Алеся Кіркевіча пасьля таго, як сын папрасіў даслаць яму лекі ад хваробы сэрца, пачала больш непакоіцца за стан ягонага здароўя. Раней яна перадала сыну выпіскі з гісторыі хваробы, але ня ведае, ці ён іх атрымаў.
"Адвакат падала паперы на зьмену меры стрыманьня ў сувязі з тым, што ў яго праблемы з сэрцам, але сьледчы адказаў, што ўсе гэтыя копіі мэдычных дакумэнтаў нібыта нечытэльныя. І яна папрасіла мяне яшчэ раз даслаць выпіскі з мэдыцынскай карткі электроннай поштаю альбо праз скайп", – распавядае Ларыса Кіркевіч.
Спадарыня Ларыса кажа, што зрабіла гэта яшчэ раз, але яе зьдзіўляе тое, што гэтыя выпіскі яна ўжо і пасылала, і сама завозіла ў СІЗА. Але там цяпер зноў чамусьці патрабуюць іх наноў.
Да ўсяго, спадарыню Ларысу зьдзіўляе і той факт, што адвакатка пасьля прад’яўленьня Алесю абвінавачаньня, што адбылося 3 лютага, так і не дамаглася ніводнай сустрэчы зь ім.
"Яна кажа, што, хутчэй за ўсё, да 28 сакавіка, калі сканчаюцца два месяцы, адведзеныя на сьледзтва, усё будзе ціха і спакойна, а пасьля альбо прад’явяць абвінавачаньні, альбо працягнуць тэрмін сьледзтва", – расказвае Ларыса Кіркевіч.
Актывістку БХК з Горадні пазбавілі пасады старшыні ЖБК
Актывістка Беларускага Хэльсынскага камітэту з Горадні Сьвятлана Рудкоўская скардзіцца, што зазнае апошнім часам адміністрацыйны ціск. У панядзелак яе выклікалі да сьледчага ў аддзел барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю, а ў выходныя заўчасна пазбавілі пасады кіраўніка жыльлёва-будаўнічага каапэратыву. Яшчэ раней яе выклікалі ў адміністрацыю Ленінскага раёну Горадні. Сход жыхароў правялі на два месяцы раней за належны тэрмін, і хаця кворуму не было, замест спадарыні Рудкоўскай выбралі іншага чалавека.
У жыльлёва-будаўнічых каапэратывах, якія будавалі дамы за грошы жыхароў, ёсьць спэцыяліст, які займаецца арганізацыяй рамонту гэтага жыльля. Раней за гэтую працу плацілі ўсяго 280 тысяч рублёў у месяц. Таму нярэдка адзін і той жа чалавек выконвае такія абавязкі ў двух-трох дамах. У ліку такіх спэцыялістаў і спадарыня Рудкоўская.
"Паводле дакумэнтаў да мяне ня можа быць прэтэнзій, у мяне няма ніводнай заўвагі: ні ў кнізе заўвагаў, ні ў кнізе праверак і рэвізій, – кажа Сьвятлана Рудкоўская. – Гэта самы першы ЖБК у горадзе, 1965 году пабудовы".
На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах Сьвятлана Рудкоўская актыўна дзейнічала як незалежны назіральнік. Гэтага, як лічыць жанчына, улада ёй не даравала.
ВІЦЕБШЧЫНА
Пасьля двух апраўдальных судоў Барыса Хамайду аштрафавалі на мільён рублёў
Віцебскага апазыцыянэра ўжо трэці раз затрымалі за распаўсюд незалежных СМІ пад бел-чырвона-белым сьцягам. 3-га студзеня ён абвясьціў акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга", прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці. З тае пары ён рэгулярна выходзіць пад бел-чырвона-белым сьцягам да так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна, дзе распаўсюджвае "Нашу Ніву", часопіс "ARCHE" ды літаратуру па беларускай гісторыі.
Пасьля апошняга затрыманьня ўсе выданьні, бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама частку асабістых рэчаў міліцыянты загадалі пакінуць у пастарунку, распавядае Барыс Хамайда:
"Затрымалі, склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне. І пазабіралі ўсё: газэту "Наша Ніва", часопіс "ARCHE", нават столік забралі, каб мне ўвогуле не было як стаяць. Хацелі нават сумку забраць, дзе цёплае адзеньне й тэрмас! Але знайшоўся нейкі разумны маёр, які сказаў: "Стойце, гэта ж ягоныя асабістыя рэчы!" А потым павезьлі ў суд і далі 30 базавых за несанкцыянаванае пікетаваньне".
Штраф, які прысудзіў спадару Хамайду судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў, складае 1 000 050 рублёў. Іншыя судзьдзі таго самага райсуду — Алена Цыганкова і Алена Грабянчук — дагэтуль двойчы апраўдвалі апазыцыянэра, не знайшоўшы ў ягоных дзеяньнях складу правапарушэньня. Толькі судзьдзя Шыкароў пастанавіў: апазыцыянэр Хамайда праводзіў несанкцыянаваную акцыю. Тым самым судзьдзя пагадзіўся зь меркаваньнямі міліцыянтаў, якія праводзілі затрыманьне.
Міліцыянты патрабуюць адмены ранейшых, апраўдальных судовых пастаноў
Супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС таксама спрабуюць абскардзіць у абласным судзе ранейшыя апраўдальныя пастановы.
23-га лютага судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова ўжо выносіла пастанову, каб паўторна разгледзець справу пра затрыманьне, пасьля якога судзьдзя Алена Цыганкова апраўдала спадара Хамайду. Цяпер, як даведаўся апазыцыянэр, на чарзе абскарджваньне другога апраўдальнага судовага рашэньня:
"У наступную сераду ў абласным судзе будзе разглядацца ўжо другая скарга начальніка Чыгуначнага РАУС. Каб абскардзіць пастанову судзьдзі Алены Грабянчук. І я пайду туды".
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
У суд – на КДБ
Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша вырашыў не чакаць адказу з КДБ на сваю скаргу аб неправамерных дзеяньнях супрацоўнікаў гэтага ведамства і накіроўвае дакумэнты ў суд.
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша на допыт у мясцовую ўправу КДБ прыйшоў разам са сваім прадстаўніком. Супрацоўнікі КДБ не дазволілі гэтаму чалавеку прысутнічаць падчас допыту. Праваабаронца палічыў гэта парушэньнем сваіх правоў і накіраваў скаргу ў Баранавіцкі КДБ:
"Яны павінны даслаць адказ на маю скаргу на працягу месяца. Таму зараз чакаем адказу. Але незалежна ад гэтага кансультуюся зь юрыстам і рыхтую дакумэнты для падачы пазову ў суд. З таго моманту, калі мяне выклікалі на допыт, да падачы пазову я маю толькі месяц часу".
Чакае адказу на сваю заяву ў пракуратуру на неправамерныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі Мая Абромчык з Ганцавічаў. Толькі сёньня, праз больш як паўтара месяцы, павінны прыйсьці ў пракуратуру дакумэнты з судова-мэдычнай экспэртызы, на падставе якіх будзе прынята рашэньне, ці ўзбуджаць крымінальную справу.
Прадпрымальніка зь Берасьця Станіслава Фядзько супрацоўнікі Маскоўскага РАУС Берасьця выклікалі на допыт на падставе таго, што яго тэлефон 19 сьнежня летась быў зафіксаваны на Плошчы ў Менску. Сам прадпрымальнік адмаўляе, што браў удзел у мітынгу пратэсту, кажа праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:
"Размова ў міліцыі тычылася 19 сьнежня. Паводле міліцыянтаў, тэлефон Станіслава быў зафіксаваны ў Менску на Плошчы. Сам жа прадпрымальнік кажа, што ня езьдзіў у Менск у гэты дзень. Але тут справа нават ня ў тым, ці быў чалавек у пэўным месцы, а толькі ў тым, што чалавек не прымаў удзелу ў нечым кепскім, не рабіў нечага незаконнага. Усё гэта — спроба запалохаць грамадзтва".
Праграма "Салідарнасьць" абяцае, што пацярпелыя ад рэпрэсій не застануцца без дапамогі і падтрымкі. Гэтая праграма цяпер працуе ў кожным абласным горадзе. Партыі і рухі таксама імкнуцца дапамагчы сваім сябрам. Сябра АГП Аліна Літвінчук, якую выключылі зь Берасьцейскага дзяржунівэрсытэту імя А.С.Пушкіна, стане студэнткай па праграме Каліноўскага, кажа сябра берасьцейскай АГП Уладзімер Вуек:
"Мы сваімі ўласнымі сіламі дапамагаем Аліне. У нас ёсьць сябры і партнэры. Таму далейшае навучаньне Аліны Літвінчук будзе праходзіць у Польшчы па праграме Каліноўскага".