ААН абвінаваціла Беларусь у незаконных пастаўках зброі ў Афрыку

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў тэрмінова склікаць пасяджэньне Рады бясьпекі ААН для абмеркаваньня пытаньня аб незаконных пастаўках зброі з Беларусі ў афрыканскую краіну Кот-д’Івуар.

“Гэта сур'ёзнае парушэньне эмбарга ў дачыненьні Кот-д’Івуар, якое было ўведзенае у 2004 годзе”, – заявіў прадстаўнік генэральнага сакратара ААН.

У Кот-д'Івуар працягваюцца сутыкненьні, якія пачаліся з прэзыдэнцкіх выбараў у лістападзе. Большая частка міжнароднай супольнасьці палічыла, што выбары выйграў лідэр апазыцыі Алассане Куаттара.

Паводле зьвестак ААН, учора ў горад Ямусукра ў Кот-д’Івуар з Беларусі былі дастаўленыя 3 баявыя гелікоптэры і ваеннае аснашчэньне. На сёньня заплянавыя дадатковыя пастаўкі гелікоптэраў. Іх атрымальнік – былы прэзыдэнт краіны Ларан Гбагбо.

"Генэральны сакратар патрабуе поўнага выкананьня эмбарга на пастаўкі зброі і папярэджвае як пастаўшчыка гэтай ваеннай тэхнікі, гэта к захаваньня зброі эмбарга і папярэджвае як пастаўшчыка гэтай ваеннай тэхнікі, гэтак і спадара Гбагбо, што ў адказ на парушэньне будуць прынятыя адпаведныя меры", – заявіў прадстаўнік генэральнага сакратара ААН.

Пастаўкі вайсковай тэхнікі і маёмасьці сілам, якія падтрымліваюць Гбагбо, зьяўляюцца "сур'ёзным парушэньнем эмбарга, уведзеных у дачыненьні Кот-д'Івуара ў 2004 годзе", адзначае ААН.

"Парушэньне было неадкладна вынесена на разгляд камітэту Рады бясьпекі, адказнага за ўжываньне санкцыяў", - гаворыцца ў заяве генэральнага сакратара.


Навошта ў Кот-д'Івуары беларускія верталёты?

У Кот-д'Івуары існуе сытуацыя фактычнага двоеўладзьдзя. Поўнач гэтай афрыканскай краіны знаходзіцца пад кантролем прыхільнікаў былога прэм’ер-міністра Аласану Ўатарэ, які, паводле выбарчай камісіі і міжнародных назіральнікаў, выйграў прэзыдэнцкія выбары ў лістападзе летась, атрымаўшы 54 адсоткі галасоў.

Але гэты выбарчы вынік абскардзіў у Канстытуцыйным судзе ягоны супернік, папярэдні прэзыдэнт краіны Ляран Гбагбу. Суд, у якім перавагу маюць прыхільнікі Гбагбу, скасаваў вынікі выбараў у некаторых выбарчых акругах на поўначы краіны і заявіў, што на выбарах перамог Гбагбу з падтрымкай 51 адсотка галасоў.

Пасьля інаўгурацыі Гбагбу, Уатара – прэзыдэнцтва якога прызнаецца ААН і большасьцю краінаў сьвету – правёў асобную інаўгурацыю. Гэтыя падзеі давялі да вялікага напружаньня ўнутры краіны, якая знаходзілася ў стане грамадзянскай вайны ў 2002-2007 гг. Баі паміж прыхільнікамі Ўатарэ і Гбагбу ўзнавіліся ў некаторых гарадах краіны на мінулым тыдні.

На дадзены момант у Кот-д'Івуары знаходзяцца прыблізна 8 тысяч міратворцаў пад сьцягам ААН з больш чым 40 краінаў. Акрамя міратворцаў ААН, у краіне, якая да 1960 году была францускай калёніяй, застаюцца каля 4 тысячаў францускіх вайскоўцаў.