Пачобута вызвалілі, але дзе ён — невядома

Андрэй Пачобут

Гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута вызвалілі з ізалятара на Акрэсьціна, але дзе ён знаходзіцца — пакуль невядома.

Як паведаміў ягоны калега Ігар Банцар, сябры чакалі выхаду Пачобута некалькі гадзінаў. Прыблізна а 17:30 за турэмную браму заехала ненадоўга машына. Калі яна зьехала, яны зьвярнуліся да дзяжурнага, які сказаў, што спадара Пачобута на Акрэсьціна больш няма. Ігар Банцар мяркуе, што Пачобута высадзяць дзесь у горадзе. Яны спадзяюцца, што Пачобут здолее ім паведаміць пра месца свайго знаходжаньня.

Журналіст «Gazety Wyborczej» гарадзенец Андрэй Пачобут знаходзіўся пад арыштам за знаходжаньне на плошчы ў Менску 19 сьнежня. Суд пакараў яго зьняволеньнем на 15 сутак, але ўлічыў, што Пачобут быў арыштаваны першы раз 19 сьнежня, тады яго пратрымалі ноч у аўтазаку.