N.R.M. прызналі клясыкай беларускага року

  • БелаПАН

Гурт N.R.M

23 лютага на гала-канцэрце 15-га фэстывалю "Рок-каранацыя" ў менскім клюбе "Рэактар" вызначаныя пераможцы ў дзьвюх намінацыях - "Найлепшы альбом" і "Найлепшая група". Найлепшай групай названая NRM, найлепшым альбомам - яе альбом "Тры чарапахі".

Як паведамляе БелаПАН, у сьпіс прэтэндэнтаў увайшлі ўладальнікі гэтых узнагарод за ўвесь час існаваньня фэстывалю, які ў гэтым годзе адсьвяткаваў 15-годзьдзе. Пераможцаў вызначылі карыстальнікі партала "Тузiн Гiтоў", на якім праходзіла галасаваньне.

На "Рок-каранацыі" N.R.M. выступіла без свайго лідэра Лявона Вольскага, які гуляе таксама ў групах "Крамбамбуля", Zet, зьяўляецца аўтарам некалькіх сольных праектаў.

У сувязі зь юбілеем замест традыцыйнай цырымоніі ўзнагароджаньня найлепшых музыкаў году арганізатары "Рок-каранацыі" правялі гала-канцэрт. У ім узялі ўдзел вядомыя рок-групы, якія раней былі адзначаныя на "Рок-каранацыі". Сярод іх - "Нейра Дзюбель", "Крама", NRM, "Без білета", Drum Ecstasy, "Палац", Kriwi ды іншыя.

Раней "Рок-каранацыя" плянавалася на 18 лютага ў канцэртнай зале "Мінск". Аднак у гэтай зале выйшла са строю супрацьпажарная заслона, безь якой МНС забараніла правядзеньне любых мерапрыемстваў, таму арганізатары прынялі рашэньне аб пераносе фэстывалю.

Дарэчы, на «Рок-каранацыі» 23 лютага ў Менску NRM прэзэнтавала кампазыцыю "Аўтарадыё" з свайго новага альбому.

Песьню музыкі выканалі разам з праграмным дырэктарам радыёстанцыі "Аўтарадыё" Ірынай Львовай. Яна напісана ў знак салідарнасьці з супрацоўнікамі радыёстанцыі, вяшчаньне якой было спынена ў студзені 2011 году.