Ф. Контра: “Пакуль ня вызваляць палітвязьняў, саступак ня будзе”

Фэрэнц Контра

“Народная воля” апублікавала сёньня інтэрвію з Фэрэнцам Контрай – амбасадарам Вугоршчыны, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе. Значную частку інтэрвію занялі цяперашні стан і пэрспэктывы адносінаў Беларусі і ЭЗ. Прапануем вам пераклад інтэрвію ў скароце.

НВ: 20 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў самую жорсткую ў гісторыі рэзалюцыю па Беларусі, у якой запатрабаваў забараніць уезд у Эўропу 157 беларускім чыноўнікам, судзьдзям, журналістам і г.д., запатрабаваў правядзеньня новых выбараў. Але на беспрэцэдэнтны крок -- увядзеньне эканамічных санкцый -- Эўропа не адважылася. На ваш погляд, чаму?

Контра: У Эўропы не было іншага выйсьця, як увесьці пашыраны сьпіс неўязных у Эўразьвяз. Мы хацелі даць зразумець, што ня можам мець кантактаў зь людзьмі, адказнымі за тое, што здарылася ў Беларусі, за той рэгрэс, крокі назад, якія былі зробленыя. Нас, напрыклад, папракалі ў тым, што ў гэтым сьпісе апынуліся журналісты. Але там няма журналістаў -- там прапагандысты рэжыму, якія працуюць над тым, каб даць людзям дазаваную інфармацыю, зручную уладам, якая не дазваляе народу меркаваць аб тым, што на самой справе адбываецца ў краіне і вакол Беларусі.
У Эўропы не было іншага выйсьця.
Але спыняючы кантакты зь імі, мы ня хочам ізаляваць Беларусь. Мы ня кажам, што брама ў Эўропу зачыненая, жывіце, як хочаце. З краінай і людзьмі, беларускім народам мы хочам супрацоўнічаць. І гэта, безумоўна, мае на ўвазе пэўнае супрацоўніцтва і з прадстаўнікамі ўлады. Але формы, глыбіня і шырыня гэтага супрацоўніцтва будуць залежаць ад той сытуацыі, якая будзе складвацца ў Беларусі.

НВ: Аналітыкі выказваюць меркаваньне, што Лукашэнка перайграў Эўропу і зараз пачне гандляваць палітвязьнямі, як гэта ўжо было пасьля выбараў 2006 года, калі ўзамен на свабоду Казуліну Беларусь атрымала ад Эўропы крэдыты ...

Контра: Ня думаю, што атрымаецца. Сёньня Эўропа ставіць жорсткую ўмову: да таго часу, пакуль ня выпусьцяць усіх магчымых палітвязьняў, гутарка наўрад ці адбудзецца. Калі гэта будзе 15 гадоў, значыць, 15 гадоў. Ніякіх саступак ня будзе.

НВ: Тым ня менш у праграме «Усходняе партнэрства» Беларусь рады бачыць, эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю працягваецца, думаю, ніхто ў Беларусі ня зьдзівіцца, калі празь нейкі час і крэдыты наша краіна атрымае ...

Контра: Мне так не здаецца. Чаму Эўропа павінна фінансаваць Беларусь? У Беларусі грошы ёсьць. У Беларусі трацяцца вялікія сродкі на спартыўныя комплексы. Беларусь -- адзіная краіна ў Эўропе, дзе на працягу аднаго года праводзіліся два ваенныя парады. І ў той самы час краіна просіць крэдыты. Можа, проста грошы трэба траціць разумней?

Сёньня ў сьвеце вельмі шмат краін, якія гатовыя супрацоўнічаць з Эўразьвязам, якія просяць дапамагчы прайсьці працэс дэмакратычных пераўтварэньняў хутчэй і менш балюча, чым гэта было ў нашых краінах. І мы з задавальненьнем ідзем ім насустрач. Чаму мы павінны фінансаваць Беларусь?

Што тычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, то апошнім часам беларускі экспарт у нашы краіны рэзка скараціўся.
Чаму Эўропа павінна фінансаваць Беларусь?
Перш за ўсё таму, што Беларусь не магла экспартаваць тыя аб'ёмы нафтапрадуктаў, якія экспартавала раней, -- не хапала нафты, з вэнэсуэльскай не атрымлівалася рабіць той прадукт, які б ішоў на экспарт. Гэта значыць, што існуюць праблемы ў самой беларускай эканоміцы. Акрамя таго, пасьля падзей 19 сьнежня нашы бізнэсоўцы таксама не сьпяшаюцца на беларускі рынак, яны прыслухоўваюцца да ацэнак, якія гучаць з вуснаў нашых палітыкаў. Яны хочуць мець падтрымку ня толькі ад прадстаўнікоў краіны, куды ўкладваюць свой бізнэс, але і ад сваіх уладаў.