"Лукашэнка ваюе ня з ворагамі — з самім сабой"

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 23 лютага 2011 году
Мы працягваем атрымліваць лісты з водгукамі на падзеі 19-га сьнежня, наступствамі якіх сталі масавыя арышты, допыты, ператрусы соцень апазыцыйных актывістаў і проста грамадзка актыўных людзей, якія імкнуцца да дэмакратычных зьменаў у краіне.

Чаму Аляксандар Лукашэнка так насьцярожана, а часам і варожа ставіцца да любых спробаў Захаду наблізіць Беларусь да эўрапейскіх дэмакратычных стандартаў дзяржаўнага ўладкаваньня? Уласны пункт гледжаньня на гэты конт — у нашага даўняга слухача і аўтара Кастуся Сырэля з Ушачаў, што пад Полацкам, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову.

Разважаючы пра сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць, спадар Кастусь піша:

"Ворагі, ворагі, кругом адны ворагі… Паслухаеш прамовы Рыгоравіча — дык складаецца ўражаньне, быццам гаворыць не прэзыдэнт з двума дыплёмамі аб вышэйшай адукацыі, а васьмідзесяцігадовая пэнсіянэрка цётка Маня з двума клясамі пачатковай школы.

Адносіны дэмакратычнай Эўропы да Беларусі — аб’ектыўны вынік палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі. Ён, гісторык паводле адной з адукацый, быццам не разумее і ня ведае (а павінен разумець і ведаць), што краіна з таталітарным рэжымам уяўляе небясьпеку для іншых краін. Найбольш яскравыя прыклады з найноўшай гісторыі — фашысцкая Нямеччына і камуністычны СССР. Таму Эўропа наўрад ці захоча мірыцца з такім небясьпечным суседзтвам і, безумоўна, будзе рабіць пэўныя захады супраць беларускага рэжыму.

Нешта падобнае адбываецца ў жывой прыродзе. Калі загоніш пад скуру стрэмку, то хутка вакол яе ўтвараецца пухліна, потым гнайнік. Такім чынам арганізм блякуе іншароднае цела. Празь нейкі час гнайнік прарываецца і стрэмка выходзіць разам з гноем.

А прымітыўнае ўяўленьне малюе Рыгоравічу нейкія змовы, нейкія інтрыгі варожай Польшчы, варожай Нямеччыны і ўсяго варожага Захаду цалкам. Час ад часу да гэтага сьпісу дадаецца Расея, — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Кастусь Сырэль з Ушачаў. — Пры гэтым не называюцца ні канкрэтныя ўстановы або прозьвішчы, ні нумары і даты рашэньняў парлямэнтаў названых ім дзяржаваў з сумамі накіраваных на падрыўную дзейнасьць супраць Беларусі грошай. Пэўна, Рыгоравіч думае, што і там усё як у Беларусі, што і там прэзыдэнт ці канцлер можа бескантрольна трынькаць грошы зь дзяржаўнага бюджэту куды ўздумаецца і ім за гэта нічога ня будзе.

Можа, цётка Маня і паверыць у гэтую лухту, але чалавек у цьвярозым розуме толькі ўсьміхнецца, бо ён ведае: там грошы падаткаплатнікаў у сумнеўныя праекты так проста ня выдаткуеш, бо можаш як мінімум пазбавіцца пасады.

І ўсё ж такі Лукашэнка мае ворага. Можа, маё меркаваньне на першы погляд здасца дзіўным, але самы зацяты вораг Рыгоравіча — гэта ён сам. На жаль, яму, выглядае, ня дадзена гэтага зразумець, таму ўсю рэшту жыцьця ён, хутчэй за ўсё, асуджаны змагацца з самім сабой. Пераможцы тут, зразумела, быць ня можа. Вонкава гэта будзе выглядаць як барацьба з апазыцыяй, адмарозкамі, вашывымі блохамі, дэбіламі, злодзеямі-чыноўнікамі і г.д. А на самой справе гэта — вайна зь ветракамі. Вайна з самім сабой.

Дрэнна тое, што ад гэтай барацьбы будзем цярпець усе мы"
.

Вялікай пагрозы для дэмакратычнай Эўропы рэжым Аляксандра Лукашэнкі не ўяўляе: параўнаньне зь Нямеччынай ці Савецкім Саюзам 30-х гадоў тут не зусім карэктнае, спадар Кастусь. Гітлер і Сталін узначальвалі эўрапейскія супэрдзяржавы таго часу, сілай зброі дыктавалі сваю волю і свае нялюдзкія дзяржаўныя ды ідэалягічныя мадэлі слабейшым краінам кантынэнту ды ўсяго сьвету. Сёньняшняя Беларусь — невялікая і, паводле мерак Захаду, тэхналягічна адсталая краіна на ўсходняй ускраіне кантынэнту, зь вялікімі эканамічнымі і фінансавымі праблемамі. Сваёй састарэлай зброяй савецкай вытворчасьці яна нікога страшыць ці шантажаваць ня можа. Залежнасьць Эўропы ад беларускіх транзытных шляхоў таксама не крытычная — асабліва з улікам новых расейскіх нафта- і газаправодаў, пракладзеных у абыход Беларусі. Магчыма, таму і санкцыі, на якія наважыўся Эўразьвяз пасьля падзеяў 19-га сьнежня, пакуль што даволі мяккія.

Пра драматычны лёс апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, многія зь якіх надалей застаюцца ў няволі, разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" Яўген Мікітаў з Воршы. Слухач піша:

"Дзень 19-га сьнежня 2010-га году ўвойдзе ў гісторыю Беларусі як крывавая пляма на міліцэйскім мундзіры гэтага рэжыму. Ні пра фальшывыя выбары, ні пра дзіўную пампэзную інаўгурацыю ў будучыні ніхто і ня ўспомніць. А вось зьбітых і арыштаваных кандыдатаў у прэзыдэнты нашчадкі не забудуць.

Выбіраючы дзень выбараў, Лукашэнка разьлічваў, што зімой, у холад, людзей зь цёплых хатаў і кватэр ня выманіш. Але ж пралічыўся.

Неяк Лукашэнка заявіў, што безь яго ведама ў краіне нічога ня робіцца. Значыць, гэта менавіта ён аддаў адпаведны загад падначаленым — на разгон мітынгу. "Даць так, каб мала не падалося",— гэта ж ягоныя словы. Вось і далі. Памяркоўная Беларусь уразіла ня толькі сябе, але і ўвесь белы сьвет. А Лукашэнка паказаў сьвету, што насамрэч уяўляе ягоная натура"
.

Тое, што спэцапэрацыяй увечары 19-га сьнежня кіраваў асабіста Аляксандар Лукашэнка, ён асабіста пацьвердзіў празь некалькі дзён пасьля крывавага разгону. Ня толькі за мяжой і ня толькі ў асяродзьдзі апазыцыі — нават у атачэньні самога кіраўніка Беларусі былі зьдзіўленыя пачаткам палітычных рэпрэсій у той самы момант, калі гульня ў лібэралізацыю, здавалася, ужо была цалкам выйграна — заставалася пацярпець некалькі гадзін.

Па-ранейшаму працягвае змагацца за тое, каб улада зьвярнула ўвагу на бядотны стан мэдыцыны, наш даўні слухач і аўтар, дзіцячы доктар Ігар Пасноў зь Віцебску. У сваім новым лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Нядаўна я зьмяніў працу — застаўся дзіцячым доктарам, але працую ня ў Віцебску, а езджу кансультую дзяцей ды іхных бацькоў па сельскіх ФАПах і амбуляторыях. Магу сказаць зь веданьнем справы: самы захудалы ФАП у аддаленай вёсцы выглядае і ўтрымліваецца райвыканкамамі лепш, чым гарадзкія шпіталі і радзільныя дамы Віцебску. А Даўжанская амбуляторыя аформлена і абсталявана, як самая сучасная клініка. Напэўна, справа ў тым, што там нядаўна пабываў прэзыдэнт, наведваючы мясцовую біяфабрыку.

Вось і я спрабую дастукацца да Аляксандра Рыгоравіча. Яму ж паказваюць толькі такія вось узорныя амбуляторыі, а не вязуць у віцебскія шпіталі, дзе асыпаецца тынк са сьценаў — як у 2-й гарбальніцы на Маркоўшчыне, празванай за ўбоства "Далінай сьмерці".

Большасьць віцебскіх бальніц і дзіцячых садоў чакаюць ня проста фарбаваньня фасадаў і замены вокнаў, а капітальнага рамонту. Хачу данесьці гэтую праўду да прэзыдэнта, расказаць пра бязьдзеяньне віцебскіх чыноўнікаў. Напісаў ліст, але слаба веру, што ён дойдзе да адрасата. На мой погляд, гэтыя людзі жывуць нібы на іншай плянэце. Яны мала ведаюць праўду. А можа, і ня хочуць яе ведаць"
.

Варта заўважыць, што спадар Ігар вядзе сваё змаганьне ўжо больш як два гады. Настойліва турбуе чыноўнікаў, піша лісты, дамагаецца прыёму ў розных высокіх кабінэтах. Вось зараз плянуе зноў трапіць на прыём да памочніка Лукашэнкі, расказаць яму пра рэальны стан мэдыцыны. Ня раз на яго ціснула начальства, раіла спыніцца, пагражала псыхушкай. "Можа, тое, што я раблю, і наіўна, — піша Ігар Пасноў. — Але вынікі майго змаганьня ўжо ёсьць. Таму я не спыняюся. Лічу, што такой легітымнай барацьбой, якая цалкам у межах дзейнага заканадаўства, можна дабіцца нямала".

Зразумела, спадар Ігар, што нейкіх кардынальных зрухаў у сыстэме аховы здароўя вы такім спосабам дамагчыся ня здолееце. Але калі яшчэ будуць тыя рэформы, тая страхавая мэдыцына, пра якую пачынаюць гаварыць, той індывідуальны падыход да кожнага пацыента і асобны доктар для кожнай сям'і... А рэальныя праблемы рэальнай занядбанай бальніцы — вось яны, навідавоку, штодня атручваюць жыцьцё тысячам людзей. І калі вам удасца паставіць на месца хаця б аднаго абыякавага да людзкіх патрэбаў начальніка, дамагчыся, каб улады давялі да ладу хаця б адну паліклініку — то і ў такім разе ваша змаганьне не было марным.

Аўтар наступнага, апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста Аляксандар Казакоў з Горадні — прыхільнік ідэі сацыяльнай роўнасьці і справядлівасьці. Свае скептычныя высновы наконт магчымасьцяў і адметнасьцяў рынкавай эканомікі спадар Казакоў абгрунтоўвае наступным чынам (цытую ліст):

"Мне вельмі падабаецца слухаць на вашым радыё розныя апытаньні. Вось толькі дарэмна вы ідэалізуеце капіталізм, так званы "свабодны" сьвет. Хіба там улады лічацца з электаратам? Ці спытаў хто-небудзь у тым "свабодным" сьвеце ў простых людзей, што яны думаюць пра тых, хто справакаваў сусьветны фінансавы крызіс і зарабіў на гэтым мільярды, у той час як працоўны чалавек страціў і тое нямногае, што меў?

А ці спыталі ў людзей, як трэба пакараць транснацыянальнага монстра — нафтавую кампанію БіПі, якая заліла нафтай усю Мэксіканскую затоку, зьнішчыла ўсё жывое на вялізнай тэрыторыі?

Стрыжань капіталістычнай сыстэмы — эксплюатацыя чалавека чалавекам. Бізнэс, матэрыяльныя стымулы ператвораны ў абсалют. Ну, а рухавік любога бізнэсу — сквапнасьць. Адсюль і мараль: рві, хапай, грабі ўсё пад сябе. У сьвеце жывой прыроды любы драпежнік, насыціўшыся, спыняецца, ня гоніцца за здабычай. У драпежнікаў-капіталістаў — усё па-іншаму. Здаецца, усё ў іх ужо ёсьць: мільярдныя рахункі, палацы і маёнткі на ўсіх кантынэнтах, яхты і пэрсанальныя самалёты... А ім усё мала. Сквапнасьць душыць. І яны працягваюць зьнішчаць усё жывое і нежывое дзеля яшчэ большай здабычы... Вось гэтыя людзі і называюцца ў вас "істэблішмэнтам", які кіруе свабодным дэмакратычным сьветам"
.

Чытаў ваш ліст, спадар Казакоў, і ўспамінаў лекцыі па марксізму-ленінізму, якіх нямала давялося паслухаць у юнацтве. Так, у рынкавай эканомікі, якая прадугледжвае свабодную канкурэнцыю, шмат заганаў. Адны купаюцца ў раскошы — другія жабруюць, адным ад нараджэньня забясьпечаны багацьце і кар'ера, другім даводзіцца самастойна прабіваць сабе дарогу з сацыяльных нізоў. І экалягічныя катастрофы там здараюцца, і жорсткія канфлікты паміж багатымі ўласьнікамі і найманымі працаўнікамі... Словам, да ідыліі далёка. Але якая ёсьць альтэрнатыва? Адабраць і ўсё падзяліць? Аднаго разу ўжо паспрабавалі (якраз у нашай краіне, у былым Савецкім Саюзе) — і што атрымалася? Багатых і прагных да грошай нібыта выкаранілі, але ці сталі ў выніку гэтага бедныя, праводзячы жыцьцё ў чэргах за ўсім неабходным, ад каўбасы да чаравікаў, шчасьлівымі і заможнымі?

А наконт экалягічных бедзтваў... Дык разьліў нафты ў Мэксіканскай затоцы — гэта дзіцячая забаўка ў параўнаньні з Чарнобылем, у якім, як вядома, вінаватыя зусім не акулы імпэрыялізму, а прававерныя савецкія камуністы зь іхнымі лёзунгамі сацыяльнай роўнасьці і дыктатуры пралетарыяту.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by