У Бахрэйне людзі не баяцца памерці за свабоду

Нікалас Крыстаф, карэспандэнт New York Times у сталіцы Бахрэйну Манаме, піша, што захапляецца мужнасьцю тамтэйшых дэманстрантаў, якія "падстаўляюць сябе пад рызыку катаваньняў, зьбіцьця і нават сьмерці таму, што яны прагнуць свабодаў, якія для нас зьяўляюцца нечым натуральным". Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў ягонага камэнтару ў сёньняшнім выданьні New York Times.

(...) Тут, у Бахрэйне ў суботу, я адчуваў сябе амаль фізычна хворым, назіраючы за падыходам калёны прадэмакратычных дэманстрантаў да Пэрлавай плошчы, духоўнага цэнтру іх руху. Днём раней, вайскоўцы адкрылі агонь баявымі патронамі і без папярэджаньня па дэманстрантах на плошчы. Таму я трымцеў і чакаў, што неўзабаве пабачу, як яны пачнуць паміраюць. Але, як ні дзіўна, яны не памерлі. Каралеўская сям'я адмяніла загад ужываць супраць дэманстрантаў агнястрэльную зброю, магчыма, пад амэрыканскім ціскам. Паліцыя ўжывала сьлезацечны газ і гумовыя кулі, але пратэстоўцаў гэта не спыніла, і паліцыянты разьбегліся. Пратэстоўцы апусьціліся на калені і цалавалі зямлю на плошчы. Абнімаліся. Крычалі. Танчылі. Некаторыя плакалі. (...)

Для мяне гэта выглядала як арабская вэрсія рэвалюцыі 1776 году ў Амэрыцы. Ня верце злавеснаму нашэптваньню дыктатараў, што больш дэмакратычны Блізкі Ўсход будзе фундамэнталісцкім, антыамэрыканскім і антыжаночым. Па-першае, там была процьма жанчын на вуліцы, якія патрабавалі зьменаў (і пры тым неверагодна моцных жанчын!). На працягу дзесяцігодзьдзяў Злучаныя Штаты галубілі карумпаваных і рэпрэсіўных аўтакратаў па ўсім Блізкім Усходзе, закрываючы вочы на катаваньні і рэпрэсіі, часткова ад страху, што "дэмакратычная навалач" можа стаць варожай да нас. Занадта часта мы былі блізарукімі і проста стаялі не на тым баку, што трэба.

Тут у Бахрэйне мы патуралі меншаснай суніцкай эліце, якая кіруе талерантнай, адкрытай і эканамічна дынамічнай краінай – але гэтая эліта адначасова завязла ў карупцыі ды рэпрэсавала і моцна дыскрымінавала шыіцкае насельніцтва. Калі б вас скінулі на парашуце ў нейкую мясцовасьць у Бахрэйне, вы адразу распазнаеце, суніцкая яна ці шыіцкая. Калі ў ёй добрыя дарогі, вадасьцёкі і парадак – яна суніцкая; калі не – шыіцкая.

20-гадовая студэнтка мэдыцыны Гадыр сказала мне, што ўсе яе суніцкія аднакурсьнікі атрымліваюць урадавыя стыпэндыі і атрымаюць дзяржаўныя пасады; шыіты плацяць за навуку і ня могуць знайсці працу ў дзяржаўным сэктары. Акрамя таго, шыітаў у пераважнай большасьці выпадкаў не бяруць на працу ў паліцыі і ўзброеных сілах, а замест іх бяруць наймітаў з суніцкіх краінаў.

(...) Мы спазьніліся стаць на бок "улады народу" ў Тунісе і Эгіпце, але ў Бахрэйне людзі вельмі ўсхвалявана адрэагавалі на тое, што прэзыдэнт Абама пазваніў іхнаму каралю, калі той сказаў страляць да сваіх суродзічаў – і яны не прамінулі адзначыць, што пасьля таго тэлефанаваньня страляніну перакрылі (прынамсі да сёньня). У выніку – сапраўдная народная ўдзячнасьць у бок Злучаных Штатаў. (...)