На Магілёўшчыне з Днём роднай мовы павіншавалі паўтысячы чалавек

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» ў Асіповічах, Бабруйску, Бялынічах і Кіраўску адзначылі ўсясьветны Дзень роднай мовы распаўсюдам віншавальных паштовак. Іх раздавалі мінакам у людных месцах, а таксама на гарадзкіх рынках.

Удзельніца віншавальнай акцыі Аксана: «На віншаваньні людзі рэагавалі пазытыўна. Многія былі зьдзіўленыя нашай акцыяй. Было прыемна, што ніхто не сказаў, што Дзень роднай мовы — гэта дзень расейскай мовы. Усе казалі, што нашай, беларускай. Маці давалі паштоўкі дзецям і казалі: «Вось паглядзі — сёньня дзень беларускай мовы». Віншаваньні атрымалі болей за паўтысячы чалавек.

Акрамя віншавальных паштовак зь беларускай літарай «Ў» актывісты «Гавары праўду» расклейвалі плякаты — павялічыя копіі паштовак.


20 лютага ў Магілёве мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы арганізавала дыктоўку. У Палац культуры вобласьці яе прыйшлі больш за семдзесят чалавек. Пад дыктоўку рупліўцы мовы пісалі эсэ Максіма Багдановіча «Хто мы такія?».