Пракуратура правярае, што казаў Уладзімер Скрабатун пра Лукашэнку

Уладзімер Скрабатун

Назіральнікі з выбарчага ўчастку, дзе ён галасаваў 19 сьнежня, склалі акт пра тое, што рэдактар і выдавец недзяржаўнай газэты «Вольнае Глыбокае» нібыта нэгатыўна выказваўся пра пэрспэктывы абраньня Аляксандра Лукашэнкі. А таксама нібыта пагражаў «зладзіць рэвалюцыю».

18 лютага Ўладзімера Скрабатуна выклікалі ў пракуратуру. Спачатку яго дапыталі, а потым заявілі, што хочуць вынесьці папярэджаньне з прычыны недапушчальнасьці падобных выказваньняў.

Спадар Скрабатун заявіў, што катэгарычна ня згодны з вэрсіяй назіральнікаў — прадстаўнікоў ад праўладных грамадзкіх структураў. І распавёў, што ў размове са знаёмай супрацоўніцай райвыканкаму, якая загаварыла зь ім на выбарчым участку, проста агучыў дадзеныя аднаго з сацыялягічных дасьледваньняў — што станоўчы рэйтынг Лукашэнкі напярэдадні выбараў складаў 35-40%. Гэтую размову пачулі назіральнікі і распачалі спрэчку: казалі, што дзейны прэзыдэнт набярэ 80% галасоў.

Уладзімер Скрабатун кажа, што спрачацца ня стаў, і тым больш не пагражаў «зладзіць рэвалюцыю» і «усіх узарваць», як потым было напісана ў скарзе.

Супрацоўнікі пракуратуры сказалі, што ў такім выпадку, калі выдавец недзяржаўнай газэты сваю віну адмаўляе, будуць праводзіць праверку далей. Гэта значыць, будуць шукаць сьведак, якія чулі зьмест гаворкі на выбарчым участку.

Уладзімер Скрабатун кажа, што зрабіў для сябе з гэтай гісторыі адну цьвёрдую выснову, якую і абвясьціў у пракуратуры: на выбары лепей увогуле не хадзіць, каб не псаваць сабе нэрвы.