«Рок-каранацыя» пераносіцца ў «Рэактар»

Заплянаваная на вечар 18 лютага юбілейная 15-я «Рок-каранацыя» адменена. Прычына — тэхнічныя праблемы з пажарнай бясьпекай у канцэртнай залі «Менск». Арганізатары фэсту запэўніваюць, што сама імпрэза будзе перанесеная на 23 лютага і адбудзецца ў клюбе «Рэактар».

У чацьвер увечары адразу ж пасьля канцэрту гурту «312» у канцэртнай залі «Менск» апусьцілася так званая пажарная заслона. І цэлы дзень у пятніцу адміністрацыя ўстановы культуры спрабавала вырашыць гэту тэхнічную праблему.

Намесьніца дырэктара канцэртнай залі «Менск» Алена Гамялькова: «Мы самі занепакоеныя, самі церпім такія страты! У нас учора пасьля канцэрту спрацавала сыстэма пажаратушэньня, усё зазьвінела, літаральна абрынулася проціпажарная заслона, якая адсякае залю ад сцэны. І мы падняць заслону ня можам. МНС усё перакрыла, і дагэтуль ня высьветленая прычына: ці то ў нас нейкі провад плавіцца, ці то няспраўная сама заслона… Мы ўсе вельмі перажываем».

Да 28 лютага ўсе канцэрты ў залі «Менск» скасаваныя.

На «Рок-каранацыю» загадзя было прададзена каля 500 квіткоў. Да таго ж на такія імпрэзы шмат квіткоў раскупаецца ў дзень канцэрту перад пачаткам. Таму за паўгадзіны да заплянаванага пачатку «Рок-каранацыі» каля ўваходу ў канцэртную залю «Менск» арганізатары правялі імпразанавую прэс-канфэрэнцыю.

Юры Цыбін
Прадусар Юры Цыбін: «Гэта сапраўды быў нешчасьльвы выпадак! Упершыню ў гісторыі «Рок-каранацыі». Але ж адзін мой сябар сказаў некалі: «Не праводзь ніколі канцэрты 18-га, калі ў ліку тры шасьцёркі. Ды яшчэ а 18-й гадзіне. Двойчы па тры шасьцёркі. Але ўсё будзе нармалёва! Прыходзьце ў клюб „Рэактар“».

Прадусар Павал Кашырын: «Я наагул пераконваюся, што наша месца — гэта клюб. Але мы ж хацелі, як лепш: 15-я каранацыя, юбілейная, хацелі, каб быў нейкі патас, урачыстасьць. Ня проста, як у клюбе: прыйшлі, „дзябнулі“, патанчылі… Хацелася ўрачыстасьці. Але атрымалася так, як атрымалася. Прыходзьце 23 лютага ў клюб „Рэактар“. Мы вас чакаем! Усе мы прыносім гледачам прабачэньне, форс-мажор, на жаль, у жыцьці здараецца. Усе музыкі, якія былі заяўленыя, пацьвердзілі свой удзел 23-га».

15-я «Рок-каранацыя» пройдзе 23 лютага ў клюбе «Рэактар» а 18-й гадзіне. Што ж тычыцца ўжо набытых квіткоў, то яны будуць дзейныя на канцэрт у «Рэактары». Калі хто не захоча пайсьці на канцэрт у клюб, грошы за квіток яму вернуць.