Washington Post: Суды ў Беларусі пакажуць, чаго вартыя заходнія санкцыі

Washington Post у сёньняшнім рэдакцыйным матэрыяле заклікае Эўразьвяз увесьці санкцыі супраць Белнафтахіму ў выпадку, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі ператворыць суды над арыштаванымі за Плошчу ў паказальныя працэсы з жорсткімі пакараньнямі. Прапануем вашай увазе пераклад гэтага артыкулу.

Заходнія ўрады ўвялі новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ў гэтым месяцы і абвясьцілі аб выдзяленьні мільёнаў даляраў ў падтрымку апазыцыі. Мэтай гэтых крокаў было пакараць рэжым, вядомы пад мянушкай апошняй дыктатуры ў Эўропе, за жорсткае здушэньне пратэсту пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні ды падтрымаць жыцьцяздольнасьць дэмакратычных сілаў. На гэтым тыдні можна будзе пераканацца, ці такая палітыка дасьць вынік. У чацьвер рэжым спадара Лукашэнкі мае пачаць суды над дзясяткамі асобаў, арыштаваных вечарам 19 сьнежня пасьля выбараў і пазьней.

Калі, як чакае шмат хто, вынікам стане ланцуг паказальных працэсаў, закончаных жорсткімі прысудамі – адміністрацыя Абамы і яе саюзьнікі ў Эўразьвязе будуць ведаць, што яны яшчэ не зрабілі дастаткова.

Усяго рэжым распачаў 46 справаў. Сярод абвінавачаных - чацьвёра зь дзевяці кандыдатаў у прэзыдэнты, якія балятаваліся супраць Лукашэнкі, некалькі журналістаў і іншых актывістаў апазыцыі. Шмат хто зь іх абвінавачаны ў арганізацыі непарадкаў, за што прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Трыццаць з абвінавачаных, у тым ліку тры былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, працягваюць знаходзіцца пад вартай, а адзін з кандыдатаў знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Па сутнасьці, ніякіх непарадкаў 19 сьнежня не было, за выняткам тых, якія былі ўчыненыя сіламі бясьпекі спадара Лукашэнкі. Яны напалі на дзясяткі тысячаў людзей, якія мірна сабраліся ў цэнтры Менску, каб асудзіць выбары, якія прэзыдэнт, як ён сам цьвердзіць, выйграў з падтрымкай 79 адсоткаў галасоў. Каля 700 чалавек былі арыштаваныя, а шмат хто, у тым ліку кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і Уладзімер Някляеў, былі жорстка зьбітыя.

Да іх гонару, заходнія ўрады адрэагавалі адносна энэргічна на гэты гвалт. Адміністрацыя Абамы ўвяла санкцыі супраць дзяржаўнай нафтавай кампаніі і далучыліся да Эўразьвязу, накладаючы візавыя санкцыі і замарожваючы актывы ў дачыненьні да звыш 150 службовых асобаў Беларусі. Канфэрэнцыя донараў сабрала дзясяткі мільёнаў даляраў як дапамогу для прадэмакратычных групаў, незалежных СМІ і студэнцкіх арганізацый.

Аднак калі суды будуць працягвацца, санкцыі павінны быць больш жорсткімі. Адміністрацыя Абамы павінна паспрабаваць пераканаць урады ЭЗ увесьці санкцыі ў дачыненьні да Белнафтахіму. Аляксандар Казулін, які быў канкурэнтам Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году і потым патрапіў у турму больш чым на два гады, перакананы, што ягонае вызваленьне было вынікам гэтых санкцый супраць Белнафтахіму. Казулін і іншыя беларускія лідэры спадзяюцца, што прэзыдэнт Абама пэрсанальна і публічна асудзіць Лукашэнку – гэта, як мінімум, узьняло б маральнае самаадчуваньне тых, каму пагражае судовы разбор.

Беларусь таксама павінна атрымаць трывалае месца ў парадку дня адносін паміж ЗША і Расеяй ды Эўразьвязам і Расеяй. Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін на працягу доўгіх гадоў імкнецца аднавіць уладу Крамля над Беларусьсю і недалюблівае Лукашэнку за яго супраціў. Але цяпер Масква цынічна ўхваляе гэты перасьлед як спосаб дыстанцыяваць Беларусь ад Захаду. Расея кажа, што хоча новай структуры бясьпекі ў Эўропе. Трэба ёй давесьці, што ўмовай для гэтага зьяўляецца адмова ад яе імпэрскіх амбіцый і падтрымка дэмакратычнай Беларусі.