Зьміцер Сурба вызвалены з-пад варты судом у Празе

Артур Папок і Зьміцер Сурба на Вацлаўскай плошчы.

Сёньня суд у Празе вызваліў кіраўніка фонду “Адкрытая Беларусь” Зьміцера Сурбу, які быў затрыманы ў суботу з прычыны вышуку Інтэрполам.

Пасьля правядзеньня акцыі ў Празе на Вацлаўскай плошчы Зьміцер Сурба, які жыыве ў Варшаве і мае статус палітычнага ўцекача ў Польшчы, прыйшоў у адзін з пастарункаў паліцыі і запытаўся, ці будзе Чэхія затрымліваць палітычных уцекачоў з Беларусі, якіх афіцыйны Менск падае ў вышук праз Інтэрпол. Зьміцера Сурбу папрасілі прад’явіць дакумэнты і, паколькі ён знаходзіўся ў вышуку ў Інтэрполу, ён быў затрыманы.

Сурба: “Некаторы час таму прадстаўнікі Чэхіі заявілі, што ня будуць выдаваць актывістаў беларускай апазыцыі, якіх рэжым уносіць у сьпіс вышуку Інтэрполу. Я вырашыў пацікавіцца, наколькі гэта адпавядае сапраўднасьці. У суботу мяне затрымалі, але сёньня судзьдзя сказаў, што, паколькі я маю статус палітычнага ўцекача ў Польшчы, ён ня бачыць прычынаў утрымліваць мяне пад вартай. Аднак, сказаў ён, да мяне могуць быць пытаньні з боку пракуратуры, і прапанаваў застацца пакуль у Празе. Я пагадзіўся. У мяне ёсьць доказы таго, што справа супраць мяне палітычна матываваная”.

Нагадаем, што у студзені міністар унутраных спраў Чэхіі Радэк Ён на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі заявіў: “Чэхія ведае, што КДБ мае даволі вялікія магчымасьці для маніторынгу сытуацыі, і як толькі пачнуцца працэдуры палітычнага прытулку, тут жа з’яўляецца ліст Інтэрполу, што гэтага чалавека трэба выдаць. Чэхія не будзе зьдзяйсьняць экстрадыцыі беларускіх палітуцекачоў”.