Стаўленьне да Беларусі – прагматызм або правы чалавека?

Леанідас Донскіс

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 19 сьнежня, масавых пратэстаў, затрыманьняў і рэпрэсіяў супраць апазыцыйных актывістаў, сытуацыя ў Беларусі на пачатку году была адной з найбольш папулярных тэмаў абмеркаваньня на міжнароднай, асабліва эўрапейскай палітычнай арэне. Гэтую тэму ў віртуальнай дыскусіі ў сацыяльнай сетцы Facebook запрасіў абмеркаваць дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Леанідас Донскіс. Якая б мусіла быць пазыцыя Эўразьвязу і Літвы ў дачыненьні да Беларусі – такое пытаньне эўрадэпутат задаў і ў апытаньні на сваім сайце www.donskis.lt.

Больш за палову ўдзельнікаў апытаньня мяркуюць, што Літве і Эўразьвязу трэба было б зьвесьці да мінімуму кантакты з афіцыйным Менскам, аднак падтрымліваць апазыцыю і грамадзянскія ініцыятывы. Падобнай пазыцыі прытрымліваецца і Эўразьвяз – міністры замежных справаў краін-удзельніц на сустрэчы Рады ЭЗ на мінулым тыдні склалі сьпіс афіцыйных асобаў Беларусі, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.

Тым часам Эўрапейская камісія прыняла рашэньне амаль у чатыры разы павялічыць дапамогу ініцыятывам беларускай грамадзянскай супольнасьці і падтрымку незалежным сродкам масавай інфармацыі і адукацыйным праектам.

Праўда, Эўрапарлямэнт заняў яшчэ больш цьвёрдую пазыцыю і запрапанаваў увесьці супраць Беларусі эканамічныя санкцыі – у рэзалюцыі, прынятай на пленарнай сэсіі ў студзені ў Страсбуры, эўрадэпутаты запрапанавалі органам Эўразьвязу прадугледзець канкрэтныя эканамічныя санкцыі і замарожаньне макрафінансавай дапамогі Беларусі; пераарыентаваць курс палітыкі эўрапейскага суседзтва і абмеркаваць прыпыненьне ўдзелу Беларусі ў дзейнасьці «Ўсходняга партнэрства».

Аднак гэтыя прапановы не былі прынятыя міністрамі замежных справаў краін-удзельніц ЭЗ. Тым ня менш бальшыня ўдзельнікаў дыскусіі выказала думку, што менавіта эканамічныя санкцыі зрабілі б рэальны ўплыў на афіцыйны Менск і што рашэньні ЭЗ нярэдка дыктуюцца прагматызмам:

«З суседзямі трэба добра ўжывацца, аднак разам з тым і прыгадваць пра парушэньні правоў чалавека. У гэтым выпадку прагматызм пераважвае правы чалавека».

«Зусім ізаляваць суседнюю краіну нельга. Трэба заахвочваць спрашчэньне парадку перасячэньня мяжы зь Беларусьсю. Ствараць спрыяльныя ўмовы для таго, каб беларускія студэнты маглі канчаць літоўскія ўнівэрсытэты. Адзіным больш-менш рэальным карным захадам быў бы кантроль над фінансамі беларускіх урадоўцаў у заходніх банках. Аднак у Эўразьвязе пра гэта не гаворыцца».

«Я думаю, што абраныя і прызначаныя службоўцы Эўразьвязу такія цьвёрдыя «здалёк», пасіўна: патрэбная няспынная асабістая канфрантацыя з Лукашэнкам і ягонымі «тарпэдамі». Дзеля таго, што Беларусь – гэта крышталізаваная аўтакратыя, любыя рэальныя перамены могуць адбывацца толькі з разбурэньнем крышталічнай герархічнай структуры. Аўтакратыі або рэфармуюцца самі з прычыны недахопу сацыяльнага капіталу ды іншых рэсурсаў, або змушаюцца да рэформаў сілай звонку».

«Як можна ацэньваць краіны-ўдзельніцы ЭЗ, якія цяпер на ўвесь голас крычаць пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і пагражаюць санкцыямі, але ніяк не рэагуюць на падобныя зьявы ў Расеі? Дзе і чаму тыя правы чалавека зьнікаюць? Думаю, што ў трубаправодах».


Каля 40 працэнтаў удзельнікаў апытаньня падтрымалі больш мяккае меркаваньне, што Беларусь трэба спрабаваць дыпляматычнымі сродкамі інтэграваць у асяродзьдзе дэмакратычных краінаў. Удзельнікі дыскусіі падкрэсьлілі, што Літве неабходна падтрымліваць добрыя дачыненьні з сваімі суседзямі:

«Ці сапраўды людзі прагаласавалі за Лукашэнку з такой вялікай перавагай? Калі так, дык ня трэба да іх зноў паварочвацца сьпінай. Літва мусіць добра жыць з суседзямі, якая б у іх ні была форма кіраваньня. (...) Літва магла б быць амбасадарам беларусаў у Эўразьвязе, бо яна лепш за іншых разумее гэтую краіну, яе мову, звычаі і культуру. Вялікія краіны, Расея, Кітай, Украіна, даўно блаславілі і прызналі Лукашэнку. Пытаньне часу, калі вялікія краіны Эўразьвязу пачнуць зь ім фліртаваць. Можа і Літва перш за ўсё дбае пра інтарэсы сваіх грамадзянаў у суседняй краіне».

Сярод удзельнікаў дыскусіі былі і прыхільнікі вельмі жорсткай пазыцыі, хоць скрайні варыянт адказу на апытаньне – спыніць усе кантакты зь Беларусьсю, пакуль яна ня стане дэмакратычнай краінай – выбралі толькі некалькі працэнтаў рэспандэнтаў.

«Калі Літва вырашыць, што прагматызм важнейшы за правы чалавека, мы зробімся амаральнай дзяржавай. (...) У Беларусі працэс парушэньня правоў чалавека зайшоў так далёка, што гэта ўжо хутчэй нагадвае змрочныя часы сталінізму. Адзіны спосаб узьдзейнічаць на дыктатара – гэта спалохаць яго. А гэтага можна было б дасягнуць усеагульным асуджэньнем яго дзеяньняў і эканамічнымі санкцыямі. Ня можа быць і гаворкі пра супрацоўніцтва з Лукашэнкам, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе ягоныя апанэнты. (...) І ня трэба перажываць, як гэта робіць прэм'ер Кубілюс, што пацерпяць звычайныя грамадзяне Беларусі. Гэта – дэмагогія. Яны ўжо й так шмат пацярпелі».

Важнасьць дыскусіі аб тым, як далей Эўразьвяз і Літва, найбліжэйшая суседка Беларусі, павінны далей будаваць зносіны з гэтай краінай, можна было б ахарактарызаваць меркаваньне, якое выказаў адзін з удзельнікаў дыскусіі: «Беларусь – гэта другое пасьля Югаславіі выпрабаваньне сутнасных прынцыпаў і геапалітычнай адказнасьці Эўразьвязу як фэдэрацыі дэмакратычных краінаў». А тое, што дагэтуль няма адзінага меркаваньня ў беларускім пытаньні ня толькі на палітычных вяршынях Эўразьвязу, але і сярод эўрапейскіх грамадзянаў, добра ілюструюць вынікі віртуальнай дыскусіі і апытаньня, якія арганізаваў Л.Донскіс.