Арыштаваных расейцаў прымушалі агаворваць лідэраў беларускай апазыцыі

Амбасада Расеі ў Менску лічыць непрымальнымі спробы беларускіх спэцслужбаў аказаць псыхалягічны ціск на арыштаваных расейцаў.

Расейская амбасада заявіла пра выпадкі псыхалягічнага ціску беларускіх спэцслужбаў на арыштаваных расійскіх грамадзянаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава.

"Спробы прадстаўнікоў беларускіх спэцслужбаў учыніць псыхалягічна застрашвальнае ўзьдзеяньне на нашых суайчыньнікаў непрымальныя. Паводле слоў таго ж Брэўса, яго прымушалі даць ілжывыя паказаньні адносна кантактаў з арыштаванымі лідэрамі беларускай апазыцыі і другім затрыманым расейцам" (Гапонавым), — заявіў агенцтву "Інтэрфакс" дарадца амбасады Расеі ў Менску Вадзім Гусеў.

"У адваротным выпадку нашаму грамадзяніну абяцалі перавод у СІЗА КДБ і "несалодкае жыцьцё ў калёніі", — сказаў дыплямат.

Паводле ягоных слоў, "амбасада рашуча выступае супраць падобных мэтадаў беларускага сьледзтва і заклікае беларускую пракуратуру да аб'ектыўнага разгляду справы расейскіх грамадзянаў".

Крымінальная справа ў дачыненьні да Арцёма Брэўса і Івана Гапонава 10 лютага накіраваная ў Менскі гарадзкі суд.

Пра гэта паведаміў агенцтву "Інтэрфакс" старшы памочнік пракурора Менску Сяргей Балашоў.

"Крымінальная справа па частцы 2 артыкулу 293 "Масавыя беспарадкі" Крымінальнага кодэксу Беларусі ў дачыненьні да двух расяянаў накіраваная ў Менскі гарадзкі суд для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці", — паведаміў Балашоў.

На мінулым тыдні Брэўсу і Гапонаву зьмянілі выстаўленае раней абвінавачаньне з арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня 2010 году на ўдзел у іх.

Брэўса і Гапонава затрымалі пасьля падзеяў на плошчы. 29 сьнежня Брэўс і Гапонаў выйшлі на волю і паўторна былі арыштаваныя.

3 лютага кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў назваў непрымальным знаходжаньне двух грамадзянаў Расеі пад арыштам у Беларусі:

“Выстаўленыя супраць іх абвінавачаньні выглядаюць, проста кажучы, несур’ёзна. Мы спрабуем цяпер дабіцца большай яснасьці ад нашых беларускіх калегаў”.