Беларусы едуць па чарговы крэдыт у Маскву

10 лютага дэлегацыя Міністэрства фінансаў Беларусі наведае Маскву. Мэта паездкі — перамовы з расейскімі калегамі наконт крэдыту для будаўніцтва Беларускай АЭС.

Пра гэта сёньня паведаміў намесьнік кіраўніка дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» Аляксандар Локшын на паседжаньні ў віцэ-прэм’ера Ігара Сечына. Намесьнік кіраўніка ўраду даручыў «Росатому» прывесьці графікі будаўніцтва Балтыйскай і Беларускай АЭС у адпаведнасьць з патрэбай Калінінградзкай вобласьці ў электраэнэргіі.

Беларусь плянуе ў 2018 годзе ўвесьці ў эксплюатацыю два блёкі АЭС агульнай магутнасьцю 2,4 тысячы мэгават. Афіцыйны Менск хоча атрымаць крэдыт ня толькі на ўзьвядзеньне тэхналягічных аб’ектаў, але і для будаўніцтва інфраструктуры, аб’ектаў сацыяльна-бытавой сфэры.

Чакаецца, што ў траўні Расея і Беларусь падпішуць генэральны кантракт на будаўніцтва АЭС.

Радыё Свабода