Пракаповіч ня верыць у пляны

Пётар Пракаповіч

Кіраўнік Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч занепакоены тым, што дадатнае сальда ў зьнешнім гандлі можа быць не дасягнута.

Пра гэта ён заявіў у Менску на пасяджэньні прэзыдыюму Савету міністраў, перадае Інтэрфакс.

Пракаповіч бачыць небясьпеку ў аднолькавых тэмпах росту экспарту і імпарту тавараў. У такой сытуацыі, на яго думку, пляны выхаду краіны на дадатнае сальда гандлю могуць стацца невыканальнымі. Пракаповіч адзначыў, што ў праграме разьвіцьця экспарту на 2011—2015 гады запісаны тэмп росту экспарту тавараў у гэтым годзе ў памеры 115,9%, а імпарту тавараў — 115,8%.

"Розьніца толькі ў 0,1%. Ніякай гарантыі няма, што выкананьне заданьня па сальда будзе такое, як запісана. Экспарт і імпарт расьце аднолькавымі тэмпамі. Якія гарантыі могуць быць, што будзе ня тое ж самае, што і раней? У мінулай пяцігодцы мы плянавалі, што тэмп росту экспарту павінен апярэджваць тэмп росту імпарту, а ў гэтай пяцігодцы гэтага не плянуем, пачынаючы зь першага году".