Марцін Полак пра Беларусь: "Эўрапейская Terra Incognita"

Вядомы аўстрыйскі пісьменьнік, журналіст і перакладчык Марцін Полак, ушанаваны сёлета міжнароднай Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй за эўрапейскае ўзаемаразуменьне, заклікаў эўрапейцаў перастаць ігнараваць Беларусь і ставіцца да яе з абыякавасьцю.

"Беларусь — гэта Terra Incognita, белая пляма на мапе ў нашых галовах, — піша Марцін Полак. — І гэта ганебна і недаравальна. Можа, гэта таму, што Беларусь — дыктатура, апошняя дыктатура ў Эўропе, і адчуваць гэта прыкра і няёмка? Што гэта ганьба для нашага дэмакратычнага, прагрэсіўнага кантынэнту, пра якую лепш хочацца маўчаць?

Магчыма. Крытыкі называюць Беларусь запаведнікам сталінскага камунізму. Але хіба гэта якраз не падстава, каб паведамляць пра гэтую краіну? Пра сыстэму Лукашэнкі, якая сядзіць у народзе глыбей, чым пра гэта думаюць шматлікія крытыкі? Ня трэба сябе ашукваць. Беларусь — не Ўкраіна, і ўжо напэўна ня Польшча часоў узьнікненьня "Салідарнасьці". Мы занадта мала ведаем пра гэтую краіну, бо нашы сродкі масавай інфармацыі амаль нічога адтуль не паведамляюць.

Занадта мала мы ведаем і пра беларускую літаратуру. Для большасьці з нас яна таксама Terra Incognita. Нават вядомыя беларускія пісьменьнікі, такія, як Васіль Быкаў, Сьвятлана Алексіевіч, Артур Kлінаў, цудоўная маладая паэтка-лірык Вальжына Морт, Альгерд Бахарэвіч, які жыве ў Нямеччыне, у нямецкамоўнай прасторы дагэтуль застаюцца невядомымі.

У прэстыжным New York Review of Books вядомы амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр прысьвяціў новаму раману "Параноя" беларускага аўтара Віктара Марціновіча аж тры старонкі. У нямецкамоўным жа асяродку, наколькі мне вядома, не было заўважана кнігі, якая распавядала б пра сыстэму Лукашэнкі. Такое невуцтва і абыякавасьць у дачыненьні да Беларусі — жудасьць і ганьба. Надышоў час зьмяніць гэтую сытуацыю".