Мілана Міхалевіч: "Нэрвовы стрэс перажылі абедзьве нашы дачкі"

"Пакараньне ў нашай краіне нясе ня толькі зьняволены, але і яго сваякі — маці, бацька, жонка, муж, дзеці, іншыя блізкія. Кожны зь іх, хто спрабуе неяк аблягчыць лёс зьняволенага. У нас гэтых людзей стала зьневажаюць і абражаюць, яны ў пастаянным напружаньні і стрэсе. За што?" — піша на форуме "Свабоды" адзін са слухачоў і чытачоў праграмы "Здароўе".

"Сьледчыя асабліва любяць ціснуць на арыштантаў СІЗА тым, што доўгі час не даюць спатканьня з блізкімі. Такое катаваньне тлумачыцца "сьледчай неабходнасьцю". З уласнага вопыту ведаю, што найбольш цяжка пакутуюць ад гэтага як псыхічна, так і фізычна старэйшыя ў сям’і — бацькі зьняволеных, а таксама малодшыя — дзеці. Трымайцеся, дарагія!" — піша другі ўдзельнік форуму.

Уберагчы дзіця ад траўмы не ўдалося


Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта, вязьня СІЗА КДБ Алеся Міхалевіча Мілана кажа: "Часам я думаю: дзякуй Богу, што бацькі Алеся да гэтага не дажылі і нічога гэтага ня бачаць. Маці мужа памерла ў 2002 годзе, а бацька — у 2005-м".

Дзьвюм малым дочкам палітыка пазьбегнуць стрэсу, аднак, не ўдалося.
Пасьля другога я была вымушаная адвесьці дзіця да спэцыяліста-нэўроляга.


Паводле Міланы Міхалевіч, арышт мужа найбольш адбіўся на здароўі старэйшай дачкі — 10-гадовай Лесі. Цяпер яе трэба вадзіць да лекара. Што да малодшай Алены-Дамінікі, якой споўнілася год і два месяцы, то яна зрабілася неспакойная. Дзіця забылася адно з сваіх самых першых слоў — "тата", затое вывучыла слова "дзядзя".

Калі арыштоўвалі бацьку, Лесі ў Менску не было. Разам з бабуляй, Міланінай маці, яна паехала на вакацыі за межы Беларусі. Увесь час, пакуль яна не вярнулася, дарослыя, каб не траўмаваць дзяўчынку, спрабавалі схаваць ад яе навіну, аднак не ўдалося.

Расказвае Мілана Міхалевіч:

Міхалевіч: "Мы спадзяваліся, што да канца яе вакацыяў усё вырашыцца пазытыўна. Аднак дзіця, перажыўшы ўсё, у выніку вярнулася з адпачынку з нэрвовым цікам. Мы неяк спачатку спрабавалі здымаць усё гэта зёлкамі, гарбаткамі. Здаецца, усё пачало рабіцца лепей. Аднак другі ператрус 12 студзеня, сьведкай якога стала Леся, прымусіў ісьці да спэцыяліста-нэўроляга.

У нашу даволі маленькую кватэру прыйшлі пяцёра супрацоўнікаў КДБ, да таго ж яны прывялі з сабой нейкага мужчыну-панятога, якога дзесьці самі знайшлі. Столькі незнаёмых людзей, мэта, зь якой яны прыйшлі, —
Замест слова "тата" ў малодшай зьявілася слова"дзядзя". Цяжка, каб яно не зьявілася пры такой колькасьці дзядзяў.
усё гэта вельмі моцна паўплывала на Лесю. Дзякуй Богу, на час самога ператрусу Лесі дазволілі сысьці, але перад тым як выпусьціць дзіця з хаты, яны сказалі, што мусяць абшукаць яе рэчы.

"Свабода": "На Захадзе, калі людзі, асабліва малыя дзеці, перажываюць падобныя стрэсы, то зьвяртаюцца да псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў. У нас гэта не прынята, аднак усё ж людзі паціху пачынаюць наведваць гэтых спэцыялістаў і кажуць, што такое часам дапамагае. Вы з дачкой не зьвярталіся да псыхоляга?"

Міхалевіч: "Мне параілі аднаго псыхоляга. Аднак мы пакуль не зьвярталіся, бо праблема глыбейшая, тут саматыка. У дзіцяці пачаліся нэўралягічныя праблемы, цік. Мяне папярэдзілі, што праблема гэтая вырашаецца ня надта хуткая, аднак мы зможам яе зь цягам часу вырашыць. Я спадзяюся, што гэта атрымаецца да нашага паступленьня ў гімназію сёлета".

Дачку псыхалягічна падтрымліваюць яе раўналеткі


Міхалевіч: "Мы запісваемся на кансультацыю да дзіцячага нэўроляга. Звычайна трапіць да гэтага спэцыяліста ў нас вельмі цяжка. Тым больш што ў паліклініцы, да якой дзіця прыпісанае, нэўроляг працуе толькі з маленькімі дзеткамі, здаецца, да году. То нам далі накіраваньне на кансультацыю да спэцыяліста, які працуе з старэйшымі дзеткамі. Праз тыдзень пойдзем на чарговы кантроль паглядзець, як лячэньне падзейнічала. У Лесі цяпер нейкіх зьнешніх праяў няма, яна ходзіць на заняткі. Аднак вось як гэта на рэфлексах у далейшым адаб’ецца — іншая справа. Карацей, прыйдзем на прыём — пабачым. Дарэчы, Лесі ў псыхалягічным пляне вельмі дапамагаюць і падтрымліваюць яе сябры, аднагодкі, аднаклясьнікі. Я ў захапленьні ад гэтых дзетак".

"Свабода": "Паводле заходніх псыхааналітыкаў, фізычнае зьнікненьне кагосьці з бацькоў адчуваюць нават шасьцімесячныя немаўляты. Вашай малодшай Алене-Дамініцы цяпер 14 месяцаў?"

Міхалевіч: "Мне здаецца, што пакуль яна, дзякуй Богу, не зусім разумее, што адбываецца. Адзінае — яна забылася слова "тата". Яна ведае ўжо некалькі слоў, а слова "тата" ў нас зьявілася нават раней, чым "мама". Слова "мама" ў нас зьявілася на гэтае Божае нараджэньне. А "тата" — больш як за месяц да ўсіх гэтых падзей. Прычым асэнсавана. Цяпер спрабуем зноўку вучыць гэтае слова, паказваючы малой фоты. Дзякуй Богу, Алесевы сябры раздрукавалі яго здымкі. Хацелася б, каб колькасьць слоў у маёй дачкі ўсё ж павялічвалася, а не зьмяншалася. Аднак у яе зьявілася слова "дзядзя". Цяжка, каб яно не зьявілася пры такой колькасьці дзядзяў, якіх дзіця сустракае. Вось так".