Аплата па выбарчых рахунках

У новым сьпісе Эўразьвязу — амаль тры дзясяткі рэгіянальных беларускіх чыноўнікаў ды іншых службовых асобаў , якія мелі дачыненьне да рэпрэсіяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Гэта перадусім пракуроры, судзьдзі, кіраўнікі тэрытарыяльных выбарчых камісій.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Пакараньне чыноўнікам годнае, бо яны цалкам кіравалі працэсам фальшаваньня выбараў"


Уезд у краіны Эўрапейскага зьвязу забаронены пракурору Магілёўскай вобласьці Эдуарду Сянкевічу, начальніку абласнога КДБ Ігару Сяргеенку, старшыні абласной выбарчай камісіі Валерыю Бераставу, а таксама ягонаму папярэдніку Мікалаю Мяцеліцы.

Валерый Берастаў працуе начальнікам галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Магілёўскай вобласьці. У сьпіс неўязных патрапіў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Ягоны нумар у сьпісе — дваццаць тры. Спадар Берастаў гэтак камэнтуе рашэньне Эўразьвязу:

"Гэта справа Эўрапейскага Зьвязу. Я нікуды ехаць не зьбіраюся. Гэта не прэтэнзіі да мяне, гэта прэтэнзіі ў іх да Беларусі. І яны зусім не абгрунтаваныя".

Карэспандэнт: "Выбары, вы лічыце, адбыліся справядліва, без праблемаў?"

Берастаў:
"Адназначна. Я, як экс-старшыня абласной выбарчай камісіі па выбарах прэзыдэнта, сьцьвярджаю, што гэта было свабоднае й законнае волевыяўленьне беларускага народу".

Магілёўскі праваабаронца, назіральнік ад руху БНФ "Адраджэньне" ў абласной выбарчай камісіі Барыс Бухель ухваляе ўнясеньне ў сьпіс Валерыя Берастава і дадае:

Барыс Бухель
"Асабліва шкадую, што ня ўключаныя ягоны намесьнік Беланогаў і сакратарка Макаранка. Яны цалкам кіравалі працэсам фальшаваньня. Відавочна ігнаравалі факты парушэньня заканадаўства. Яны адмаўлялі ў скаргах — не прымалі іх да ўвагі. Кантралявалі ўтварэньне ўчастковых камісіяў. Не запрашалі назіральнікаў на свае сакрэтныя паседжаньні".

Ніводзін апазыцыянэр ня трапіў ва ўчастковыя камісіі рэгіёну, і толькі аднаго -- вылучэнца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі -- зацьвердзілі ў складзе абласной камісіі. Старшыня абласной арганізацыі АГП Ўладзімер Шанцаў лічыць, што ў сьпісе Эўразьвязу замала чыноўнікаў з Магілёўшчыны:

Уладзімер Шанцаў
"Найперш трэба ўключаць у гэтыя сьпісы старшыняў участковых камісіяў і іхных сакратароў. Гэта яны робяць усё беззаконьне. Туды павінна быць уключаная ўся ідэалягічная вэртыкаль, пачынаючы са спадара Малашкі, намесьніка старшыні аблвыканкаму, які курыруе пытаньні ідэалёгіі. А таксама ўсе старшыні выканкамаў".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Гэты судзьдзя пакараў дзясяткі людзей, у яго проста канвэер судовы быў…"

Валеры Саўко — старшыня Гарадзенскага абласнога прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных і іншых устаноў. У "неўязным сьпісе" Эўразьвязу ён пад нумарам 21. Спадар Саўко ўзначальваў на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах абласную выбарчую камісію. Што ён думае пра візавую забарону адносна сябе?
Тое, што мне не дазволілі цяпер выехаць у Эўразьвяз, таксама крыху крыўдна, але, у прынцыпе, я туды ня ежджу, заробак не дазваляе...

Саўко: "Працавалі ў нас назіральнікі ад АБСЭ, доўгатэрміновыя, каротка-, я зь імі сустракаўся, міла ўсьміхаліся. Мілыя людзі, мне вельмі спадабаліся. Калі яны напісалі штосьці дрэннае пра мяне ў сваіх справаздачах, шчырае слова — крыўдна. Тое, што мне не дазволілі цяпер выехаць у Эўразьвяз, таксама крыху крыўдна, але, у прынцыпе, я туды ня ежджу, заробак не дазваляе. Крыўдна…"

Меркаваньні пра сьпіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, выказвае актывіст Саюзу палякаў Андрэй Пачобут, які асабіста пацярпеў за тое, што ў якасьці журналіста "Gazety Wyborczej" быў на плошчы ў Менску:

Андрэй Пачобут
"У гэтым сьпісе, напрыклад, ёсьць судзьдзя, які мяне асудзіў. Ён асудзіў ня толькі мяне, ён асудзіў дзясяткі людзей, проста канвэер судовы быў, Лабко яго прозьвішча. Безумоўна, тое, што ён неўязны ў Эўразьвяз і ў шэраг іншых краінаў, пазытыўна. Разам з тым ёсьць пытаньні да гэтага сьпісу. Там узгадваецца прозьвішча Лучыны, ня ведаю, чым гэты чалавек цяпер займаецца…"

Леанід Лучына ўзначальваў Гарадзенскую абласную выбарчую камісію на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, пасьля якіх трапіў у сьпіс неўязных чыноўнікаў. У цяперашнім сьпісе яго прозьвішча засталося. Нагадаю: у 2010 годзе абласную выбарчую камісію ўзначальваў Валеры Саўко.

Пачобут: "Калі браць Гарадзеншчыну, дзейны старшыня камісіі — зразумела, чаму ён у сьпісе: таму што выбары былі фальсыфікаваныя і ён мае дачыненьне да фальсыфікацыяў. А чаму Лучына? Ня ведаю, гэта трэба спытацца ў Эўразьвязу, у тых, хто складаў гэты сьпіс".

Грамадзкі актывіст, журналіст Уладзімер Хільмановіч мяркуе, што сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў трэба было складаць значна раней, пачынаючы з прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Сьпіс трэба рабіць больш грунтоўна, лічыць Уладзімер Хільмановіч:

Уладзімер Хільмановіч
"На маю думку, павінны ўвайсьці ўсе выканаўчыя структуры, якія займаюцца выбарамі. Ідэалягічныя ўпраўленьні ўсіх выканкамаў, а таксама ўсе члены камісій, апроч некалькіх прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў — усе яны так ці інакш прычыніліся да фальшаваньня выбараў. На маю думку, гэтыя сьпісы маглі б паслужыць у далейшым як люстрацыйныя".

Што Ўладзімер Хільмановіч мае на ўвазе?

"Каб я прымаў у будучыні законы, думаю, што іх трэба было б пажыцьцёва пазбавіць права займаць месцы ў выбарчых камісіях. Таму цяперашні сьпіс ня можа быць аб’ектыўным, ён можа ўключаць людзей, якія даўно былі і ня маюць цяпер дачыненьня да фальшаваньня выбараў. Іншая рэч, не заўсёды гэтыя сьпісы робяць людзі дасьведчаныя, якія ўяўляюць маштабы таго, што адбываецца ў Беларусі".