Міятавіч зноў заклікае спыніць перасьлед журналістаў

Прадстаўніца АБСЭ па пытаньнях СМІ Дуня Міятавіч у чарговы заклікала беларускія ўлады спыніць перасьлед незалежных журналістаў. Пра гэта гаворыцца ў яе заяве, распаўсюджанай 1 лютага прэс-службай АБСЭ.

Як паведамляе агенцтва БелаПАН, Міятавіч выказала шкадаваньне, што ўлады не дазволілі ёй наведаць Беларусь у студзені. Як адзначаецца ў заяве, яна хацела прыехаць у Беларусь, каб абмеркаваць сытуацыю са свабодай СМІ, а таксама лёс журналістак Натальлі Радзінай ды Ірыны Халіп, якія былі затрыманыя 19 сьнежня і некалькі дзён таму вызваленыя з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе і хатні арышт адпаведна.

«Рашэньня беларускіх уладаў аб вызваленьні Радзінай і Халіп відавочна недастаткова. Для таго каб адпавядаць узятым на сябе ў рамках АБСЭ абавязацельствам па свабодзе СМІ, беларускія ўлады павінны зьняць усе абвінавачваньні з журналістак і цалкам іх вызваліць. Яны таксама павінны спыніць усякія затрыманьні, ператрусы ды іншыя формы перасьледу прэсы», – заявіла Міятавіч.

Прадстаўніца АБСЭ па пытаньнях СМІ адзначыла, што двойчы ў студзені накіроўвала лісты міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву з просьбай арганізаваць яе візыт у канцы студзеня. «На жаль, гэтага зроблена не было. Але мы застаемся адкрытымі для супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі ў справе выкананьня імі абавязацельстваў у рамках АБСЭ», – падкрэсьліла Дуня Міятавіч.