Што вырашыла Рада Эўразьвязу па Беларусі

У фінальным дакумэнце рэзалюцыі Эўразьвязу па Беларусі, прынятым 31 студзеня міністрамі замежных спраў краін ЭЗ, агаворваюцца ўмовы адмены ўведзеных абмежавальных захадаў у дачыненьні да беларускіх уладаў. Так, Эўропа гатова перагледзець санкцыі супраць кіраўніцтва краіны ў выпадку, калі з-пад арышту будуць выпушчаны ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту 19 сьнежня ў Мінску. Сярод іншых умоў - далейшая рэформа Выбарчага кодэксу Беларусі, прагрэс у сфэры свабоды выказваньня меркаваньняў, свабоды СМІ, свабоды сходаў і асацыяцыяў.

РАДА ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ

Высновы Рады ЭЗ па Беларусі

Брусэль, 31 студзеня 2011 году

Рада прыняла наступныя рашэньні:

1. Прымаючы пад увагу папярэднія рашэньні Рады па Беларусі і, у прыватнасьці, рашэньні, прынятыя ў кастрычніку 2010 году, заяву Вярхоўнай прадстаўніцы ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан ад 20 сьнежня, а таксама іншыя заявы ЭЗ датычна прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году і наступным гвалтам, Рада глыбока шкадуе, што, згодна з ацэнкай БДІПЧ АБСЭ, прэзыдэнцкія выбары прадэманстравалі, што Беларусі яшчэ трэба будзе правесьці значную работу, каб выканаць свае абавязаньні перад АБСЭ. У прыватнасьці, выбарчы працэс істотна пагоршыўся падчас падліку галасоў, падрываючы тым самым паляпшэньне працэсу правядзеньня выбараў.

2. Рада выказвае асаблівае шкадаваньне з той нагоды, што ноч пасьля выбараў была азмрочаная гвалтам з боку беларускіх уладаў. Яна рашуча асуджае арышт многіх кандыдатаў у прэзыдэнты, сотні актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, а таксама далейшыя затрыманьні і перасьлед апазыцыі, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці па палітычных матывах.

3. Рада чарговы раз пацьвярджае свае патрабаваньні неадкладнага вызваленьня людзей, затрыманых па палітычных матывах пасьля выбараў 19 сьнежня, і іх рэабілітацыі. Рада настойліва заклікае Беларусь паважаць правы зьняволеных і іх сем'яў, надаючы асаблівую ўвагу дзецям затрыманых, а таксама права на юрыдычнае прадстаўніцтва. Акрамя таго, яна падкрэсьлівае неабходнасьць забесьпячэньня доступу членаў сям'і да затрыманых. Рада заклікае беларускія ўлады спыніць перасьлед дэмакратычных сіл, незалежных СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, студэнтаў, а таксама пакласьці канец любым адміністрацыйным перасьледам або дыскрымінацыі асоб, якія рэалізуюць сваё права на свабоду выказваньня меркаваньняў і свабоду сходаў, у тым ліку лідэраў апазыцыйных партый.

4. ЭЗ выказвае шкадаваньне з нагоды рашэньня беларускіх уладаў не падаўжаць мандат офісу АБСЭ ў Менску. ЭЗ перакананы, што мандат офісу АБСЭ яшчэ ня выкананы, і патрабуе неадкладнай адмены гэтага рашэньня беларускіх уладаў.

5. У сьвятле апошніх падзей і зьменаў, якія адбыліся, Рада прыняла рашэньне ўвесьці абмежаваньні на паездкі, а таксама замарозіць актывы асобаў, адказных за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году і наступны гвалтоўны разгон дэмакратычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і прадстаўнікоў незалежных СМІ. Рада таксама прыняла рашэньне аб аднаўленьні абмежаваньняў на паездкі пэўных асобаў у Беларусі, уведзеных у сувязі з выбарамі ў 2004 і 2006 гадоў і наступнымі рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, дзеяньне якіх было прыпыненае 13 кастрычніка 2008 году ў мэтах стымуляваньня прагрэсу. Гэтыя абмежавальныя захады і сьпіс асобаў, супраць якіх накіраваны санкцыі, будзе заставацца адкрытым і пастаянна пераглядацца. Рада падкрэсьлівае, што вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх асобаў, затрыманых па палітычных матывах, будзе ключавым момантам у гэтым пляне. Гэта, нараўне з прагрэсам у кірунку далейшай рэформы Выбарчага кодэксу, свабоды выказваньня меркаваньняў і свабоды СМІ, свабоды сходаў і асацыяцыяў, зробіць магчымай адмену абмежавальных захадаў.

6. Эўрапейскі зьвяз па-ранейшаму цьвёрда прытрымліваецца палітыкі ўмацаваньня супрацоўніцтва з беларускім народам і грамадзянскай супольнасьцю. У сувязі з гэтым ЭЗ працуе над захадамі па аказаньні тэрміновай падтрымкі рэпрэсаваным і палітвязьням, членам іх сем'яў, а таксама грамадзянскай супольнасьці. ЭЗ таксама перагледзіць дапамогу Беларусі, накіраваную на дапамогу насельніцтву, у мэтах далейшага ўмацаваньня падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці няўрадавых арганізацый і студэнтаў, у тым ліку праз Канфэрэнцыю міжнародных донараў, якая пройдзе 2 лютага ў Варшаве.

7. Рада нагадвае пра тое, што яна надае вялікае значэньне разьвіцьцю міжнародных кантактаў зь Беларусьсю на карысьць беларускага народу ў цэлым. Рада чакае пачатку перамоваў па спрашчэньні візавага рэжыму і заключэньня зь Беларусьсю дамовы аб рэадмісіі, як толькі скончацца перамовы. Да заключэньня гэтых пагадненьняў, ЭЗ будзе заахвочваць аптымальнае выкарыстаньне цяперашняга гнуткага візавага рэжыму, у прыватнасьці, магчымасьць для дзяржаваў-удзельніц ЭЗ адмяніць або скараціць кошт візаў для асобных катэгорый грамадзян.

8. ЭЗ па-ранейшаму прытрымліваецца палітыкі ўзаемадзеяньня, у тым ліку праз дыялёг і ўдзел у праекце "Ўсходняга партнэрства", і нагадвае, што ЭЗ пасьлядоўна прапаноўваў паглыбіць свае адносіны зь Беларусьсю. Рада чарговы раз пацьвярджае, што гэткае паглыбленьне залежыць ад прагрэсу ў павазе прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека з боку беларускіх уладаў. ЭЗ па-ранейшаму адкрыты для разьвіцьця двухбаковых адносінаў зь Беларусьсю, калі беларускія ўлады дакажуць сваю гатовасьць выконваць гэтыя прынцыпы. Рада будзе рэгулярна пераглядаць сытуацыю ў Беларусі і гатова разгледзець пытаньне аб далейшых мэтанакіраваных мерах ва ўсіх галінах супрацоўніцтва, дзе гэта патрабуецца.