МЗС пагражае Эўразьвязу "адэкватнымі мерамі"

МЗС Беларусі прыняў заяву ў сувязі з рашэньнем міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ у адказ на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі і арышты ў Беларусі.

Сёньня ўвечары журналісты былі скліканыя на тэрміновую прэс-канфэрэнцыю ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі.

Журналістам давялося чакаць пачатку брыфінгу амаль паўтары гадзіны. Магчыма, гэта было зьвязана з тым, што рашэньне прымалася крыху пазьней, магчыма, у МЗС яшчэ нешта дапрацоўвалі. Але была распаўсюджаная "Заява МЗС Рэспублікі Беларусь у сувязі з прыняцьцем Радай Эўропы заключэньняў па Беларусі".

Як заявіў, агучваючы заяву свайго ведамства, прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, прынятае Эўразьвязам рашэньне "грунтуецца на адкрытым замоўчваньні ініцыятыўных агрэсіўных дзеяньняў і гвалту з боку дэманстрантаў, якія выявіліся ў спробе захопу будынка ўраду і парлямэнту Рэспублікі Беларусь 19 сьнежня 2010 пасьля прэзыдэнцкіх выбараў".

Сярод іншага ў заяве МЗС гаворыцца:

"Сэлектыўнае і прадузятае тлумачэньне ў заключэньнях Эўразьвязу вынікаў міжнароднага назіраньня за выбарамі ў Беларусі накіравана на ігнараваньне яснага волевыяўленьня беларускага народу".

"Напружанасьць у адносінах з Эўразьвязам – гэта ня наш выбар. Аднак рашэньні Рады ЭЗ вымушаюць Рэспубліку Беларусь пайсьці на прапарцыйныя і адэкватныя па зьмесьце меры, якія будуць накіраваныя на ўмацаваньне сувэрэнітэту Беларусі, захаваньне стабільнасьці і кансалідацыі беларускага грамадзтва".