Ала Саньнікава: "Трымаюся дзякуючы салідарнасьці, моцнаму духу родных і Даніку"

Сястра Андрэя Саньнікава Ірына Багданава занепакоеная маральным і фізычным станам старэйшых прадстаўнікоў сям’і Саньнікавых-Халіп і іх трохгадовага ўнука ў сувязі з працяглымі зьдзекамі, якія зь іх чыняць улады.

78-гадовай Але Саньнікавай вызваленьне зь СІЗА КДБ нявесткі, маці ўнука Даніка Ірыны Халіп прынесла немалы стрэс. Радні, якая прыйшла наведаць 3-гадовага Данілу, загадалі вымятацца з хаты. На той час там была сама Ала Саньнікава і сям’я яе старэйшага ўнука — сына Андрэя Саньнікава ад першага шлюбу. Супрацоўнікі КДБ, якія даставілі журналістку дадому, заявілі Але Ўладзімераўне, што ёй забаронена бачыцца зь нявесткай і наведваць унука ў яго дома.

У лісьце да міністраў замежных спраў Эўразьвязу сп-ня Багданава адзначае, што родных не папярэдзілі наконт новай меры стрыманьня для Ірыны Халіп, і таму яны не змаглі падрыхтаваць дзіця да новых гвалтоўных зьменаў у ягоным жыцьці — да сталай прысутнасьці ў доме незнаёмых людзей, да таго, што цяпер яму разам з мамай давядзецца "жыць пад пільным наглядам двух ахоўнікаў, якія ходзяць за імі з пакоя ў пакой". Ірына Багданава назвала такую сытуацыю "нялюдзкім стаўленьнем ня толькі да маленькага хлопчыка, але і да пажылых бацькоў".

Ня так даўно бацька Ірыны Халіп Уладзімер Трафімавіч перанёс некалькі апэрацыяў на вочы, маці ж Андрэя Саньнікава хварэла на асабліва небясьпечную ў яе веку пнэўманію.

Мяне цяпер слухаюць там. Хай


78-гадовая Ала Саньнікава ўсё яшчэ моцна кашляе. Але чуваць, што трымаецца. Тэлефон няспынна звоніць — шмат хто цікавіцца яе здароўем. Часам на лініі здараюцца моцныя шумавыя перашкоды.

"Мяне цяпер слухаюць там", — кажа маці зьняволенага ў СІЗА КДБ кандыдата на прэзыдэнта. — "Хай слухаюць. Я прызвычаілася. Неяк загартавала сябе. Праўда, на самым пачатку, калі сына і нявестку кінулі ў КДБ і нічога пра іх не паведамлялі, увесь час плакала".

Саньнікава: "Канечне, цяжка ўсё гэта. З-за стрэсаў і ўсяго імунітэт, пэўна, зьніжаецца і мы, старыя, хварэем. У дзядулі Дані такое здарылася на нэрвовай глебе з вачыма. А я вось — у мяне было запаленьне лёгкіх. Дзякуй Богу, ёсьць сябры і блізкія, якія ня кідаюць мяне. Самае галоўнае для ўсіх нас — псыхалягічная падтрымка. Яна
Уся сям’я знаходзіцца ў стане стрэсу.
ідзе ад многіх знаёмых і незнаёмых людзей тым, хто сядзіць за кратамі, а таксама нам, іх блізкім. У мяне некалькі разоў было такое: вось едзеш у трамваі ці ідзеш па вуліцы, і раптам людзі падыходзяць, выказваюць спачуваньне, салідарнасьць, прапануюць дапамогу. Гэта вельмі падтрымлівае маральна".

"Яшчэ", — дадае Ала Саньнікава, — "мяне вельмі трымае моц духу сына Андрэя, нявесткі Ірыны, усіх блізкіх, а таксама ўнук Данік".

Саньнікава: "Ведаеце, у мяне чатыры ўнукі, аднак гэты малы такі цудоўны, такі разумны. Назіраеш за ўсёй гэтай сытуацыяй і бачыш, што і яму, такому маленькаму, давялося шмат чаго перажыць, тыя ж стрэсы таксама. Калі дзіця просіць нас не аддаваць яго злым дзядзькам. Ён атрымаў столькі цяпла і любові ад мамы і таты! Сям’я Андрэя зь Ірай — гэта сапраўдны саюз людзей, якія кахаюць адно
Мы хварэем. У дзядулі Дані такое здарылася на нэрвовай глебе з вачыма. А я вось — у мяне было запаленьне лёгкіх.
аднаго і вельмі любяць сваё дзіця".

Гэта не па-людзку — карыстацца такімі рычагамі, як ціск празь дзіця


"Свабода": "Даводзілася гутарыць зь дзіцячымі лекарамі і псыхолягамі, і ў іх такое адчуваньне, што хлопчыка абралі ў якасьці псыхалягічнай зброі, дзеля ціску на яго бацьку, які застаецца ў СІЗА, маці, якая цяпер чакае суду ва ўмовах хатняга арышту, бабуль і дзядулю, якія ня могуць заставацца спакойнымі ў падобнай сытуацыі".

Саньнікава: "Так. Зразумела, гэта прэсінг. Увесь гэты ажыятаж, які яны паднялі сьпярша з апекай — гэта быў такі стрэс і для нас, бабуль і дзядулі. Пэўна ж, і да Андрэя з Ірынай усё даводзілі. Таксама фактарам прэсінгу стала заява па тэлебачаньні, што Андрэю з Ірынай дзіця непатрэбнае. Ну як можна такое сьцьвярджаць? Як можна ўсё гэта рабіць? Гэта не па-людзку — карыстацца такімі рычагамі. Усім можна карыстацца, знаходзіць розныя магчымасьці ціснуць на чалавека, але празь дзіця..." (Плача.)

"Свабода": "Вы сказалі, што трымаецеся, дзякуючы і моцы духу вашага сына. Гэта якасьць сямейная?"
Гэта не па-людзку — ціснуць на чалавека празь дзіця.


Саньнікава: "Тут усё разам, і генэтыка, і нейкія сямейныя прынцыпы, погляды на жыцьцё. У мяне і сын, і дачка, і бачу, што ў маіх дарослых дзяцей такі характар байцоў. Яны не падаюцца нейкаму сілавому ўзьдзеяньню на іх. Вось адвакат ня бачыў Андрэя месяц. Першы раз убачыў яго пасьля брутальнага зьбіцьця, калі стан яго здароўя быў вельмі кепскі, а другі — уначы, некалькі дзён таму. Дык адвакат сказаў мне, што Андрэй застаецца моцны духам, што ён не зламаны маральна. Я кажу: ведаеце, мяне вельмі хвалюе яго фізычны стан. Андрэй ніколі ня быў волатам. А адвакат кажа: здароўе — справа нажыўная, а вось моц духу ў дадзенай сытуацыі вельмі важная. Гэта неяк вельмі мяне парадавала".

Тым часам дачка Алы Ўладзімераўны Ірына Багданава называе ўсё, што робіцца ў дачыненьні да сям’і Саньнікавых-Халіп, "нялюдзкім" і адзначае, што "ўся сям’я знаходзіцца ў стане стрэсу".