Сяргей Марцалеў напісаў бабулі

Бабуля зьняволенага ў СІЗА КДБ Сяргея Марцалева атрымала ліст ад унука.

Зоя Яўменава паведаміла "Народнай волі", што Сяргей даслаў кароткі ліст, больш падобны да цыдулкі. Унук напісаў, што жывы і здаровы. Папрасіў бабулю падзякаваць усім, хто яго падтрымлівае. На ўмовы ўтрыманьня Сяргей ня скардзіцца і просіць бабулю перадаць яму электрычную брытву.

Зоя Фёдараўна сказала, што ёй адразу стала лягчэй, як толькі яна прачытала ліст.

Сяргей Марцалеў быў кіраўніком выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

У ноч на 23 сьнежня беларускія памежнікі зьнялі ў Берасьці Марцалева зь цягніка Менск — Варшава і перадалі міліцыі. Ён ехаў у Варшаву на запіс перадачы для тэлеканалу "Белсат".

Пра месцазнаходжаньне палітыка стала вядома толькі вечарам 24 сьнежня, калі яго сваякам патэлефанавалі зь СІЗА КДБ і паведамілі, што Марцалеў — падазраваны па справе аб масавых непарадках у Менску 19 сьнежня.