ЗША адкажуць на кроў Менску салідарна з Эўразьвязам

ЗША вызначыліся са сваім адказам на брутальныя дзеяньні беларускіх уладаў у дзень выбараў. Паводле прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Філіпа Гордана, гэта будуць больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму і больш адчувальная падтрымка грамадзянскай супольнасьці.

Такая заява Гордана прагучала на сёньняшніх слуханьнях у міжнародным камітэце Сэнату ЗША. Гордан сказаў, што Вашынгтон зьбіраецца аднавіць санкцыі супраць “Белнафтахіму”, падоўжыць дзейныя візавыя забароны, увесьці дадатковыя фінансавыя санкцыі “супраць асобаў і кампаніяў”. ЗША зьбіраюцца падтрымаць ахвяраў рэпрэсій, а таксама дэмакратычных дзеячоў.

Грамадзянскую супольнасьць Беларусі на слуханьнях прадстаўляла Натальля Каляда, адна з кіраўніцаў “Свабоднага тэатру”і адна з тых, хто затрымліваўся на Плошчы. У інтэрвію “Свабодзе” Натальля сказала:

Натальля Каляда
“Слуханьні былі абсалютна неверагоднымі, на маю думку, на такім узроўні яны прайшлі ўвогуле ўпершыню за гісторыю сучаснай Беларусі. Былі прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту, памочнікі Хілары Клінтан, прадстаўнікі Нацыянальнага Дэмакратычнага інстытуту, Freedom House, сэнатары. Размова ішла толькі пра адно -- пра вельмі жорсткія санкцыі, пра тэрміновае вызваленьні ўсіх палітзьняволеных, правядзеньне новых прэзыдэнцкіх выбараў і аб прызнаньні тых, хто зараз знаходзіцца ў зьняволеньні, легітымным урадам Беларусі. Ва ўсякім разе пра гэта (апошняе –рэд.) гаварыла я. Амэрыканскі бок выказваўся за вельмі, падкрэсьліваю, вельмі жорсткія санкцыі. Выступаў сэнатар Дурбін, які на мінулым тыдні быў у Беларусі, расказваў пра тое, што ён бачыў, зь кім сустракаўся. Гэта было каля 50 чалавек -- сваякі палітзьняволеных, тыя, каго арыштоўвалі. Паводле яго ўражаньняў, гэта нагадвае сталінскія часы.”

У інтэрвію "Голасу Амэрыкі" Філіп Гордан выказаў сваё меркаваньне наконт таго, што ЗША мусяць зрабіць, каб Расея стала супрацоўнічаць у пытаньні з правамі чалавека ў Беларусі.

"Мы хацелі б верыць, што Расея таксама, як і мы, хоча бачыць дэмакратыю і стабільнасьць у Беларусі. Расправа над пратэстуючымі і зьмяшчэньне ў турму людзей, якія змагаюцца за прэзыдэнцкую пасаду — гэта не дэмакратыя. Я не бачыў гэтых заяваў, але не згодны з падыходам, пры якім гэта лічыцца ўнутранай справай рэжыму. Мы будзем падтрымліваць апазыцыйных, дэмакратычных актывістаў па ўсім сьвеце, уключна з Беларусьсю".

Памочнік дзяржсакратара таксама выказаўся наконт рэалістычнасьці і эфектыўнасьці мяркуемых санкцый супраць беларускага рэжыму.

"Мы не чакаем, што гэты шлях будзе лёгкім. Але мы адчуваем, што важна паказаць: будуць наступствы, калі рэжым так жорстка падаўляе дэмакратычны пратэст. Мы лічым, што ў мінулым санкцыі, якія мы ўжывалі да Беларусі, былі заўважаны і аказвалі рэальнае ўзьдзеяньне. Мы мусім даць ясна зразумець: у падобных дзеяньняў будуць наступствы. Мы будзем, прынамсі, у кароткатэрміновай пэрспэктыве ўжываць дадатковыя захады, пакуль затрыманыя не будуць адпушчаныя".







Томас Мелія, супрацоўнік апарату Дзяржсакратара, які таксама толькі што вярнуўся зь Менску, падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы з афіцыйнымі прадстаўнікамі беларускага МЗС, дзе ён гаварыў аб хвалі міжнароднага абурэньня і непазьбежнасьці рэзкага адказу. Паводле яго словаў, “урадоўцы стаялі з шэрымі тварамі, зразумеўшы, што іх надзеі на аднаўленьне дачыненьняў зь міжнароднай супольнасьцю выпараюцца, як дым перад вачыма.”

Ці можна дапусьціць, што супрацоўніцтва зь Менскам пачне наладжвацца пасьля вызваленьня вязьняў? Падыход да гэтага , паводле словаў Натальлі Каляды, выпрацоўваецца такі:

“Гутарка ішла і пра тое, што нельга паўтараць ранейшую практыку, калі Лукашэнка браў закладнікаў, пачынаў гандлявацца з Эўразьвязам і пасьля мільённых выплатаў адпускаў палітзьняволеных. Санкцыі павінны быць даведзеныя да канца, гэта значыць, да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў. Тут немагчымы паварот назад, як гэта адбывалася на працягу 16 гадоў. І калі вызваляюць некаторых людзей -- як вызвалілі, напрыклад, Уладзіміра Кобеца, гэта нічога не азначае. Гэта можа быць чарговая пастка, дзеля таго каб паказаць міжнародным структурам, што яны гатовыя ісьці на перамовы. Але ніхто ня пойдзе на гэтыя перамовы і ніякага супрацоўніцва з беларускім рэжымам ня будзе. ”

"Эўропа, не даруй кроў Менска!" - адзін зь пікетаў салідарнасьці (Прага).

Эўразьвяз прыме сваё рашэньне па дачыненьнях зь Беларусьсю на пасяджэньні міністраў замежных спраў 31 студзеня. Чакаецца, што пазыцыя ЗША таксама будзе скаардынаваная да гэтага часу.