Забег афіцыянтаў з падносамі

Сьвежая навіна: айцы Горадні нарэшце вызначыліся з Днём гораду, у якім, нагадаю, нават каралі жылі сваім часам. Будзе абавязкова “шэсьце працоўных калектываў”, а таксама “забег афіцыянтаў з падносамі”. Дату прыдумалі “ад ліхтара”, прышчапілі да іншага сьвята, калі “дружбу народаў” праслаўляюць на гарадзенскіх вуліцах. Два ў адным, словам.

Чужы пашпарт для Горадні


Баюся, начальства не задумвалася над элемэнтарным пытаньнем — што такое, уласна кажучы, Дзень гораду? Гэта дзень народзінаў, як я разумею. У кожнага сёньня ёсьць пашпарт з датай. Афіцыйная газэта дбайна, з нумару ў нумар, паведамляе — калі нарадзіліся ўсе чыноўнікі з Горадні да апошняга райцэнтру: ад старшыні выканкаму да загадчыка аддзелу штучных угнаеньняў сельгасхіміі… Маўляў: віншуем! Але чытачам гэта непатрэбна, іх не цікавяць начальнічкі, напішыце лепей — калі нарадзіўся вядомы прафэсар, мастак, музыкант, паэт, бо яны — таленты, гонар вобласьці, а чыноўнікі, іх — тысячы, сёньня пан, заўтра прапаў…

Дык вось: Дзень Горадні будзе ад сёлета адзначацца напачатку чэрвеня. Раз у чыстым выглядзе, раз — “з гарнірам”, спалучана са сьвятам нацыянальных культураў, што праводзіцца штодва гады. Плюс, аднак, у тым, што раней Дзень гораду злучалі, як звычайна робіцца ў райцэнтрах, з гадавінай вызваленьня ад нямецкай акупацыі ў апошнюю вайну. Самі разумееце, што ўсё да купы было: зранку ганаровая варта, халасты залп у паветра, прамовы каля абласнога вечнага агню, вянкі, чырвоныя сьцягі, а затым ужо танцы і сьпевы каля Леніна, шашлыкі, чабурэкі, начная дыскатэка.

Толькі аднойчы гараджанам дазволілі Дзень Горадні ў чыстым выглядзе, з гістарычным нават прысмакам. Праўда, таксама ў адвольны час, чамусьці ў сярэдзіне верасьня. Камень адкрылі тады блізка Каложы з прысьвячэньнем князю Давыду Гарадзенскаму, які бараніў горад ад крыжакаў калісьці. Дзень гэты запомніўся яшчэ напаўпустымі барамі ў старым горадзе, хаця людзей было мноства на вуліцах. Мы зьдзівіліся, зайшлі з замежным прыяцелем у адзін падвальчык, дзе нам сумна паведамілі, што забаронена прадаваць на сьвята нават піва, прапанавалі старажытны напой “зьбіцень”, прабачыўшыся, што дваццаць грамаў гарэлкі таксама давялося з рэцэптуры выкінуць, каб бар не аштрафавалі.

Дзень сьвятога Губэрта


Калі вы нарадзіліся ў сьнежні, вам ня прыйдзе да галавы, адзначаць свой дзень у ліпені, калі гуркі з градкі зрываюць і можна загараць і купацца ў рэчцы. Тое ж самае з Горадняй. Зразумела, што адзначаць сьвята гораду трэба ў дзень яго заступніка. Перакананы, што начальству вядома: дзень сьвятога Губэрта прыпадае на 3 лістапада. Надвор’е, скажу я вам, бывае даволі брыдкае, з летнім не параўнаць. Але адзначэньне сапраўднай даты напаўняе сьвята адразу зьместам, і ня трэба выдумляць тады штучныя спаборніцтвы афіцыянтаў.

Зазірніце ў “Вікіпэдыю”, там з пэўным піетэтам нават паведамляецца, што герб з аленем сьвятога Губэрта, эўрапейскага патрона паляўнічых, “мае беларускі горад Горадня”. Маўляў, такіх гарадоў зусім вобмаль. Але ж начальства гэтага ня цэніць. Напэўна і па тэлевізары перадач пра падарожжы і сьвяты сярэднявечных заступнікаў, у той жа Гішпаніі, не глядзіць. А якраз гэтыя сьвяты прыцягваюць тысячы і тысячы турыстаў, валюту, уласна кажучы, пра якую гэтак марыць улада. Банальным савецкім шэсьцем працоўных калектываў публіку не прывабіш. І начальству гэта вядома, але ж яно ня здатнае здаць ленінскае паліто ў сэканд-хэнд.

Зразумела, што “працоўныя калектывы” павінны на сьвята сьвятога Губэрта пераўвасобіцца ў прадстаўнікоў сярэдневечных цэхаў, якія існавалі ў Горадні. Павінна быць шэсьце гарадзенскіх паляўнічых, самым вядомым зь якіх быў кароль Стэфан Баторы. Павінен быць, ясна, рыцарскі турнір, сьвята піва, немцы ж ня дурні, што “Актобэрфэст” не забараняюць. І апошняе: на сьвята ў зьбіцень трэба абавязкова дадаваць належныя дваццаць грамаў гарэлкі.