Адлучэньне ад маці — гэта гвалт над дзіцем

Трохгадовы Даніла Саньнікаў адарваны ад сваёй маці, журналісткі Ірыны Халіп, і бацькі — экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, ужо больш як месяц. З 19 сьнежня бацькі малога знаходзяцца ў СІЗА КДБ, і, мяркуючы па ўсім, гэтая разлука можа стаць нашмат даўжэйшай. З гледзішча псыхааналітыкаў і лекараў-пэдыятраў, нават нядоўгая разлука з маці выклікае ў дзіцячай псыхіцы пратэст. Калі ж яна зацягнецца, зьмены ў псыхіцы могуць стаць незваротнымі. Адлучэньне малога ад маці адмыслоўцы расцэньваюць як гвалт над дзіцем.

Кожнае малое дзіця павінна ведаць, што мама яго ня кінула


Маці журналісткі Ірыны Халіп і бабуля Данілы Саньнікава — Люцына Бяльзацкая кажа, што яе непакоіць унутраны стан унука, які раптам, пасьля нядоўгага шчасьлівага дзяцінства, перастаў бачыць сваіх бацькоў.

Бяльзацкая
: "Я часам за яго баюся. Дзеці ўсё вельмі адчуваюць. Нездарма ён спытаўся неяк: "А калі прыйдзе злы дзядзька і скажа: аддайце мне вашага хлопчыка Даню — што вы скажаце?". Ён штодня пытаецца: а дзе мама з татам? Быў, праўда, нейкі час, калі дзіця нібыта паставіла такі бар’ер. Тады Даня нічога не гаварыў. А вось цяпер, як на самым пачатку, кожны дзень пытаецца: дзе мама і тата, чаму яны паехалі і з сабой мяне не ўзялі? Дзіця верыць, што бацькі зьехалі далёка, што там сапсаваўся тэлефон. Але што мама і тата любяць яго і шукаюць яму падарункі".

Псыхолягі лічаць: такія тлумачэньні — маўляў, мама зьехала, але вернецца, — неабходныя. Кожнае малое дзіця павінна ведаць, што мама яго ня кінула, што яна любіць яго і ўвесь час пра яго памятае. Доказам гэтага могуць быць розныя падарункі, якія нібыта перадала мама. Калі ж дзіця, якому ня споўнілася шасьці гадоў, будзе адчуваць, што матчынай постаці побач няма, гэта можа паспрыяць узьнікненьню псыхічнай паталёгіі.

Упершыню да такой высновы ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя прыйшоў дасьледчык дзіцячай дэпрэсіі, вядомы аўстра-амэрыканскі псыхааналітык Рэнэ Шпіц.

Дзіцячы псыхааналітык: "Дзіця перажывае тры стадыі страты сувязі з маці


Назіраючы за адлучанымі ад маці дзецьмі, Рэнэ Шпіц адзначыў, што яны горш за іншых елі, часьцей хварэлі, былі абыякавымі да навакольнага сьвету, у іх адзначалася затрымка псыхічнага і фізычнага разьвіцьця. Даходзіла да таго, што дзіця ўпадала ў прастрацыю, адмаўлялася ад ежы і ўрэшце памірала. Падобныя праявы можна назіраць і сёньня ў дзіцячых дамах, шпіталях дый ва ўсякай сытуацыі, дзе парушаецца эмацыйная сувязь з маці.

Паводле псыхааналітыка, дзіця перажывае, так бы мовіць, тры стадыі страты сувязі з маці. Напачатку яно са сьлязьмі і гневам патрабуе, каб маці вярнулася, і спадзяецца на гэта. Фаза такога пратэсту можа доўжыцца некалькі дзён. Пазьней дзіця цішэе, але відаць, што яно па-ранейшаму моцна заклапочанае адсутнасьцю маці і прагне, каб яна вярнулася, хоць надзеі на гэта і марнеюць. Гэта фаза адчаю. Часта абедзьве фазы чаргуюцца: надзея зьмяняецца адчаем, а той — новай надзеяй. Аднак урэшце адбываецца больш сур'ёзная зьмена. Выглядае, што дзіця нібыта забылася пра маці. Калі ж тая раптам прыходзіць, дзіця глядзіць на яе зь цікаўнасьцю, і можа нават здавацца, што яе не пазнае. Гэта трэцяя фаза — фаза адчужэньня. У кожнай з гэтых фаз дзіця бывае схільнае да ўсплёскаў раздражненьня і дэструктыўных паводзінаў.

Дзіцячы лекар: "Калі дзіцячая душа траўмаваная, бясьсьледна гэта не праходзіць"


Менская дзіцячая лекарка, кандыдат мэдычных навук Натальля лічыць, што фізычнае зьнікненьне маці можа прывесьці да незваротных зьменаў у дзіцячай псыхіцы. Асабліва калі дзіця ня мае чалавека, які мог бы стаць для яго "эмацыйнай апорай".

"Ёсьць дзеці, якія здольныя справіцца са стрэсам, ёсьць няздольныя. У любым выпадку, калі дзіцячая душа траўмаваная, бясьсьледна гэта не праходзіць", лічыць Натальля.

Гісторыю Ірыны Халіп і яе сына менская лекарка камэнтуе наступным чынам.

Натальля: "Усё гэта, як мне здаецца, нейкая псыхалягічная зброя. Зыходзяць з таго, што ніводная нармальная маці ня можа быць адарваная ад дзіцяці. Гэта цалкам можна расцаніць як ціск. Гэта жах. Гэта ідыятызм. Гэта проста абуральна. Самыя мяккія словы, якія я магу сказаць у гэтай сувязі. Гэта якая траўма для дзіцяці.

Паўсюль ідзе прапаганда, каб усынаўлялі дзяцей зь дзіцячых дамоў, пакуль у малых не сфармавалася пачуцьцё адрыву ад маці. Калі ў чалавека адняць маці, пра якое адзінства і цэласнасьць грамадзтва можна гаварыць? Дзіця павінна знаходзіцца ў сям’і, з бацькамі. Адлучэньне — гэта тыя крайнія захады, якія могуць выкарыстоўвацца толькі ў дачыненьні да алькаголікаў і псыхічна нездаровых асобаў, якія няздольныя глядзець за сабой і сваімі нашчадкамі".

Паводле Натальлі, адлучэньне маці ад дзіцяці можна расцэньваць як гвалт над дзіцем. Характэрна, што падобныя рэчы адбываюцца на тле такой актуальнай для Беларусі праблемы, як фізычны, псыхічны і сэксуальны гвалт над дзецьмі ў сем’ях. Прычым многія беларускія дзеці, жывучы ў такіх умовах бацькоўскай нелюбові і зьдзекаў, прызвычайваюцца да сытуацыі і не ўспрымаюць яе як нэгатыўную зьяву.

Як вынікае з дасьледаваньняў экспэртаў ЮНІСЭФ, у ЗША і Заходняй Эўропе выпадкі гвалту старанна выяўляюцца і дакумэнтуюцца, бо людзі заяўляюць у адпаведныя органы, калі падазраюць гвалт над дзіцем. У Беларусі ж гэтая праблема носіць схаваны характар, а таму дзеці часта застаюцца безабароннымі і іх правы не бяруцца пад увагу.