Дэпутатка Бундэстагу сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі

Марылюіза Бэк

Дэпутатка Бундэстагу ад апазыцыйнай партыі "Зялёныя" Марылюіза Бэк сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Сустрэча мае адбыцца ў межах сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая праходзіць у Страсбуры 24 -- 27 студзеня.

Марылюіза Бэк адна зь першых выступіла з крытыкай прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ужо вечарам 19 сьнежня яна заявіла: "Нельга заплюшчваць вочы на тыя сур'ёзныя дэмакратычныя недахопы, якія мы бачылі ў межах гэтай выбарчай кампаніі. Эўразьвяз павінны гэта прызнаць і ня браць удзел у гульні Лукашэнкі з касмэтычнай лібэралізацыяй для прызнаньня выбараў дэмакратычнымі".

27 студзеня на сэсіі ПАРЭ пройдуць дэбаты па сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Такое рашэньне было прынятае 24 студзеня падчас працы бюро ПАРЭ. З ініцыятывай правядзеньня тэрміновых дэбатаў па сытуацыі ў Беларусі выступіла старшыня лібэральнай групы дэпутатаў ПАРЭ Ан Брасэр. Плянуецца, што падчас дэбатаў выступіць дакладчык ПАРЭ па Беларусі фінская дэпутатка Сініка Хурскайнен. Паводле вынікаў дэбатаў чакаецца прыняцце рэзалюцыі, паведамляе БелаПАН.