Апазыцыянэраў пераконваюць, што яны няправільна жывуць

Міліцыя і КДБ працягваюць ціск на апазыцыйных актывістаў, удзельнікаў ініцыятыўных груп кандыдатаў ад апазыцыі, а таксама тых, хто ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 19 сьнежня. У Тураве 10 дзён галадае грамадзкі актывіст.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Пачаліся суды над наваградзкімі актывістамі

24 студзеня на шэсьць базавых велічынь быў асуджаны Наваградзкі актывіст БХД Сяргей Воўчак за тое, што тройчы адмовіўся зьяўляцца паводле позвы ў праваахоўныя органы.

На Сяргея Воўчака, як і на Дар’ю Бахар і Ўладзімера Качагура, складзены два адміністратыўныя пратаколы: адзін за тое, што не зьяўляўся паводле позвы ў праваахоўныя органы, а другі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце падчас выбарчай кампаніі.

Сам Сяргей Воўчак кажа, што падрыхтаваўся да працяглага працэсу, але справу судзьдзя разгледзела ў сваім кабінэце і даволі хутка:

"Мне далі мінімальны штраф — 200 тысяч, гэта шэсьць базавых велічынь — за тое, што я не зьявіўся паводле позвы. Праўда, сваю віну я прызнаў, і, можа, таму такі невялікі штраф. А за ўдзел у пікеце яшчэ будзе суд, толькі позвы яшчэ не было".
Пасьля выбараў, я так думаю, далі загад зачысьціць усіх актыўных людзей у краіне.

Дар’я Бахар атрымала адразу позвы паводле дзьвюх спраў, іх разгляд адбудзецца ў пятніцу. Паводле позваў у праваахоўныя органы яна не зьяўлялася з тае прычыны, што позвы, на яе думку, былі выпісаныя з парушэньнем заканадаўства. Дар’я ўпэўненая, што ўлады імкнуцца іх пакараць хоць нейкім чынам за тое, што яны ўдзельнічалі ў падзеях на Плошчы:

"Пасьля выбараў, я так думаю, далі загад зачысьціць усіх актыўных людзей у краіне. А ў нас, акрамя пікета, нічога не знайшлі, то будуць судзіць за гэта. Што скажаш — беззаконьне працягваецца".

Уладзімер Качагур
распавядае, што яму пісьмова зь міліцыі даслалі толькі два адміністратыўныя пратаколы, а позвы дагэтуль няма. Ён кажа, што разам зь сябрамі не парушаў заканадаўства, бо пасьля таго, як супрацоўнік міліцыі папярэдзіў іх аб неправамернасьці правядзеньня пікету, яны адразу яго згарнулі. Таму спадар Качагур таксама не ўяўляе — за што іх хочуць асудзіць?

"Мая думка, дый усіх нас — улады нам хочуць адпомсьціць за 19-га, — кажа Ўладзімер Качагур. — Проста ў гэтым горадзе мы адзіныя, хто нешта робіць супярэчнае ўладам, і таму яны помсьцяць. Але, канечне, найперш за 19-га, і з КДБ да мяне тэлефанавалі. Наагул, помсьцяць за тое, што не скараемся перад імі".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Участковы жадае навучыць дзяўчыну "правільна жыць"

У Берасьці некаторым затрыманым удзельнікам менскай Плошчы тэлефануюць участковыя міліцыянэры і кажуць, што павінны правесьці зь імі тлумачальную працу.

Сясьцёр Касю і Юлю Пашко выклікалі ў пракуратуру для ўручэньня афіцыйнага папярэджаньня. Сёстры мяркуюць, што гэта зьвязана з падзеямі ў Менску 19 сьнежня.

Кася Сяльдзеўская
зь Берасьця была затрымана на Плошчы ў Менску і асуджана на 10 сутак арышту, які адбывала на Акрэсьціна. На гэтых выходных да яе ў Берасьці абяцаў зайсьці ўчастковы міліцыянт, кажа Кася:

"Тэлефанаваў участковы міліцыянт і сказаў, што жадае правесьці тлумачальную працу са мной. Справа, як ён адзначыў, тычылася майго затрыманьня на Плошчы. Абяцаў, што прыйдзе на выходных, але так яго і не было".

Участковы міліцыянт, кажа Кася, у тэлефоннай размове закідаў ёй памылковы выбар жыцьцёвай пазыцыі:
Міліцыянт сказаў, што яму трэба са мной паразмаўляць наконт таго, што я няправільна жыву.

"Відаць, зь Менску перадалі інфармацыю ў Берасьце пра маё затрыманьне. Таму цяпер і паступіў званок ад участковага. Міліцыянт сказаў, што яму трэба са мной паразмаўляць наконт таго, што я няправільна жыву".

Актывістку РЭП зь Берасьця Зінаіду Міхнюк на допыт у КДБ выклікалі ўжо другі раз. Першы раз яе дапытвалі наконт прысутнасьці на Плошчы і ўдзелу ў мітынгу. Другі раз сьледчага КДБ цікавіла праца актывісткі ў ініцыятыўнай групе Андрэя Саньнікава, распавядае Зінаіда Міхнюк:

"Прыйшоў зь Менску чарговы дакумэнт у берасьцейскі КДБ. Сьледчы вельмі прасіў не разгалошваць пра сам допыт, было сказана, што ў адваротным выпадку прыменяць пакараньне. Пытаньні ж на допыце тычыліся таго, як я пазнаёмілася з Саньнікавым, чаму вырашыла стаць яго даверанай асобай".

Пасьля ператрусаў звычайна супрацоўнікі КДБ выклікаюць людзей на допыты. Пасьля ператрусаў у Баранавічах супрацоўнікі КДБ нікога не забралі, таму цяпер чакаюцца позвы, кажа старшыня баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца:

"На гэты момант пакуль няма выклікаў. Але пасьля ператрусаў пазабіралі ў Вячаслава Болбата і Тацьцяны Малашчанкі кампутары, розныя дакумэнты, улёткі. Але нікога не забралі на допыт. Я думаю, што іх будуць выклікаць па позьве".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Беспрацоўны актывіст трымае галадоўку

У Тураве дзесяць дзён працягвае галадоўку грамадзкі актывіст, былы рэдактар незалежнай малафарматнай газэты "Вольныя навіны" Міхась Козел.

У выходныя спадара Міхася агледзела знаёмая лекарка з Жыткавічаў.

"Трохі паніжаны ціск. Але гэта, у прынцыпе, нармальна для такой сытуацыі. Парэкамэндавала лекарка спыніць галадоўку як мага хутчэй, таму што ў мяне ёсьць хранічныя захворваньні. Гэта ня той выпадак, калі трэба было яе рабіць", — распавядае Міхась Козел.

Галадоўку 38-гадовы актывіст распачаў 14 студзеня. Напярэдадні кіраўнікі сельгаспрадпрыемства "Коленскае", што за дванаццаць кілямэтраў ад Турава, адмовіліся ўзяць спадара Козела на працу жывёлаводам. Міхась адмыслова езьдзіў у Кольна па рэкамэндацыі раённай управы занятасьці насельніцтва — нават пазычыў у знаёмых дзеля гэтага грошы на дарогу. Аднак актывісту не даверылі нават гной выкідаць з-пад жывёлы.

Раней спадар Міхась прапаноўваў свае паслугі Тураўскаму гарвыканкаму — хаця б сьнег расчышчаць у родным горадзе. Аднак старшыня выканкаму Ігар Міцюрыч аб'явіў актывісту, што камунальная гаспадарка й без таго скарачаецца.

Як лічыць Міхась Козел, на працу яго не бяруць таму, што ў раёне з падачы мясцовай улады за ім замацавалася рэпутацыя "бээнэфаўца", хаця, апроч Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ні ў якую іншую партыю спадар Міхась не ўступаў.

Тураўчанін нават пісьмова зьвяртаўся ў райвыканкам па дапамогу, але безвынікова:

"Я яшчэ з восені дасылаў ліст старшыні райвыканкаму Какору — ён мне не адказаў на гэты ліст. А са старшынёй Тураўскага гарвыканкаму мы бачыліся літаральна на мінулым тыдні. Ён мне абяцае, што праца зьявіцца зь вясны. Але вясной праца зьявіцца ня толькі ў калгасах ці яшчэ дзе-кольвечы. Яна зьявіцца і ў фэрмэраў, да якіх я езьдзіў. Я і ў Шруба падпрацоўваў мінулым летам, і ў Альшанах".
Парэкамэндавала лекарка спыніць галадоўку як мага хутчэй, таму што ў мяне ёсьць хранічныя захворваньні.

Прадстаўнік райвыканкаму тым часам сьцьвярджае, што ніякіх абмежаваньняў у працаўладкаваньні, ніякіх там "пячатак апазыцыянэра" ў дачыненьні да спадара Козела ніхто ня ставіў:

"Гэта ўсё абсурд — хто на яго якую пячатку ставіў? Няхай бы працаваў. Адзінае, што ён насамрэч мала працаваў у сваім жыцьці. Ніхто яму штучна нічога не забараняў. Наадварот, мы хацелі яму дапамагчы працаўладкавацца. Але ня ўсё атрымліваецца".

Спадаром Міхасём зараз апякуецца тураўская грамадзкая актывістка Іна Зеніна, настаўніца біялёгіі. Яна, дарэчы, маючы ўнівэрсытэцкую адукацыю, таксама ня можа нідзе ўладкавацца на працу:

"У аддзеле адукацыі мне параілі напісаць заяву — мяне нібыта ў рэзэрв залічаць. І калі будзе вакансія, прапануюць. Але на гэтым усё й скончылася. Між тым я ведаю, што ў мінулым навучальным годзе тут у нас, у Тураве, у суседняй школе быў адзін настаўнік біялёгіі на дзьве школы. У гэтым навучальным годзе ў суседнюю школу — гэта літаральна 3 кілямэтры ад хаты, дзе я жыву, — зноў прыслалі новага настаўніка біялёгіі…"