Васілевіч: Абвінавачаныя і падазраваныя павінны мець адвакатаў

Генэральная пракуратура Беларусі праверыць парадак выкананьня законнасьці пры расьсьледаваньні крымінальнай справы пра падзеі 19 сьнежня, перад тым, як гэта справа будзе накіраваная ў суд. Пра гэта заявіў журналістам генпракурор Рыгор Васілевіч.

Генпракурор адзначыў, што расьсьледаваньнем крымінальнай справы аб масавых беспарадках займаецца "сьледчая група, у якую ўвайшлі супрацоўнікі МУС і КДБ", перадае Інтэрфакс.

"Дадзеная крымінальная справа знаходзіцца ў вытворчасьці сьледчай управы ГУУС Менска, а нагляд за расьсьледаваньнем вядзе пракуратура Менска", - паведаміў Васілевіч.

Адносна доступу адвакатаў да абвінавачаных, генпракурор адзначыў, што кожная асоба, якая знаходзіцца пад сьледзтвам, мае права на адваката, абвінавачаныя і падазраваныя павінны быць забясьпечаны адвакатамі.

Ён паведаміў, што "31 сьнежня прадстаўнік Генпракуратуры Беларусі наведваў у СІЗА КДБ затрыманых па гэтай справе, скаргаў не паступала".

Закранаючы пытаньне пра паказаньні абвінавачанымі, Васілевіч адзначыў, што "яны маюць права не даваць паказаньні, даваць тыя паказаньні, якія лічаць магчымымі".