«Вы перамаглі... Я вас ненавіджу».

Сёньня, празь месяц пасьля свайго затрыманьня, я завяршаю свой расповед пра 10 дзён, якія страсянулі мой унутраны сьвет. Вядома, хацелася б завяршыць яго на аптымістычнай ноце. Але мне няма чым вас абнадзеіць. Турма, якой прысьвечаная заключная, шостая частка майго расповеду, зусім ня «кузьня характараў», дзе выкоўваюцца і ўдасканальваюцца мужныя людзі. У завочнай спрэчцы Аляксандра Салжаніцына і Варлама Шаламава пра досьвед турэмнага зьняволеньня я на баку апошняга. «Я ўпэўнены, што лягер - заўжды адмоўная школа», - пісаў Шаламаў, які васямнаццаць гадоў быў зьняволеным ГУЛАГу, - «нават гадзіну правесьці ў ім нельга - гэта гадзіна растленьня. Нікому ніколі нічога станоўчага лягер ня даў і ня мог даць». Верагодна, зьняволеньне можа пайсьці на карысьць прафэсійнаму рэвалюцыянэру. Дадаць яму жорсткасьці, умацаваць у нянавісьці, навучыць быць хітрым, асьцярожным, выкрутлівым і трывалым. Звычайны ж чалавек - а сярод 700+ арыштаваных абсалютную большасьць складалі самыя звычайныя людзі, якія ня марылі пра кар'еру рэвалюцыянэраў - атрымлівае досьвед бездапаможнасьці, бязмоўнай падпарадкаванасьці і, як вынік, уласнага прыніжэньня. Ня маючы сілаў прымусіць адказаць за сваё прыніжэньне тых, хто ў ім вінаваты, чалавек імкнецца забыць гэты досьвед і ў будучым па магчымасьці пазьбягаць яго.

ПОРНА ДЛЯ ПРЭЗЫДЭНТА


Асабіста я больш за ўсё хацеў бы забыць момант затрыманьня маёй сям'і. Забыць, як адурэлы хам у пагонах казаў маёй жонцы, што яна кепская маці і ў яе трэба забраць дзіцёнка. Успамін аб гэтым не даваў мне спаць у турме. Не забыў і дасюль. А значыць, не дараваў.

Я сам ужо як быццам праз усё гэта праходзіў і таму ня думаў, што мяне можна чымсьці зачапіць. Галоўнымі сюрпрызамі сталі, па-першае, жалезная шафа у аўтазаку, куды я ледзь увапхнуўся і дзе мне давялося праседзець некалькі гадзінаў, амаль ня маючы магчымасьці варухнуцца. Нешта кшталту сярэднявечнага «каменнага мяшка» у манастырскіх турмах. Такая сабе аблегчаная вэрсія пахаваньня жыўцом. Гэта пасьля дня, цалкам праведзенага ў «шклянках» (камэрах памерам прыкладна 1,5 м на 1,5 м, дзе знаходзілася ад 5 да 8 чалавек) суду Ленінскага раёну. Бяз сну, ежы, вады, курыва. Па-другое, нечаканы прыём у Жодзінскай турме. Дзе нас разьдзелі дагала, прымушалі паварочвацца, так і сяк нахіляцца, для чагосьці... здымаючы на відэакамэру. Замардаваны, запалёны мозг спарадзіў вэрсію, што гэта адмысловае «порна для прэзыдэнта», які будзе атрымліваць вычварную асалоду ад відовішча зьнявагі сваіх ворагаў. Ці то матэрыял для БТ, дзе будуць прадэманстраваныя кадры апазыцыянэраў у жалю вартым выглядзе?

Агульная атмасфэра не спрыяла рацыянальнаму мысьленьню. Хто можа сказаць, напрыклад, чым кіраваліся судзьдзі, даючы каму 10, каму 12, каму 15 сутак? Законы ў нас і раней на «палітычных» не распаўсюджваліся, але хаця б дзейнічалі нейкія «паняцьці», была няхай своеасаблівая, але ж лёгіка. Цяпер не было і яе. Гэта як у адным апавяданьні Шаламава, дзе той падсудны, якога заводзілі ў кабінэт налева, атрымліваў, дапусьцім, 10 гадоў, а той, якога направа - 15. Завядуць жа цябе налева або направа - ужо чыстая лятэрэя.


ЖОДЗІНА. ТУРМА № 8, КАМЭРЫ №№ 24, 13


Апроч мяне, у камэры сядзела сем чалавек, маладыя хлопцы ад 20 да 26 гадоў.



(Аўтар малюнка - блогер navicki, таксама арыштант Жодзінскай турмы № 8)

Нядаўні выпускнік ПТВ, цяпер заводзкі сьлесар зь недарэчнай у турэмных умовах татуіроўкай «Homo liber» («Чалавек свабодны») - адзінай сваёй адметнай рысай. Кіроўца аўтобуса, які перабываў у санаторнай расслабленасьці, не зважаючы на навакольныя ўмовы. Ляжаў і ўсяедна глытаў любыя кніжкі, што перадавалі ў камэру, ад апавяданьняў Гі Дэ Мапасана да лекцыяў айца Аляксандра Меня. Больш слухаў, чым гаварыў. Толькі калі зайшла гутарка пра аўтамабілі, актыўна ў яе ўключыўся. Дарэчы, гэтая гутарка, вымушаным слухачом якой я аказаўся, стала для мяне адным з найбольш цяжкіх выпрабаваньняў. Яна распачалася, калі я драмаў, пратачылася ў мой сон і ператварыла яго ў кашмар. Прачнуўся я з галаўным болем і пачашчаным сэрцабіцьцём. Мне і ўвогуле апанаванасьць рэчамі падаецца вычварэньнем на мяжы з нэкрафіліяй, у тых жа канкрэтных умовах шчанячае захапленьне ад абсмоктваньня характарыстык бяздушных жалязяк успрымалася як зьдзек і блюзьнерства. Радзіма ў небясьпецы, а яны тут...

Гэтыя першыя двое на плошчы не былі. Як ня быў там і супрацоўнік банку, нягледзячы на сваё віленскае паходжаньне, навучаньне ў віленскай беларускай школцы і засвоеныя нацыянал-дэмакратычныя перакананьні. Затрыманы быў выпадкова, калі вяртаўся дадому ад сябра, зь якім сьвяткаваў нараджэньне сына. Ягоная жонка мусіла выпісацца з радзільні акурат тады, калі ён адседжваў свае «суткі». Напэўна, таму ў яго ў вачах часта стаялі сьлёзы. Хаця ўголас ён згадваў з тугой ня жонку, а кулінарныя прысмакі і машыну, аб'яву пра продаж якой ён даў напярэдадні - напэўна ж, тэлефануюць, эх-эх.

Зьбялелы ад страху тэставальнік, чыйму зьяўленьню мы штораз зьдзіўляліся, калі ён злазіў зь верхніх нараў, настолькі незаўважнай, амаль прывіднай была ягоная прысутнасьць. Ён амаль заўсёды маўчаў, толькі раз-пораз глухім голасам прасіў гаварыць цішэй, калі ў камэрных размовах гучала «крамола». Дарэчы, менавіта яго цягалі на допыты больш за астатніх. Такога ж самага перапуджанага маладзёна я пазьней бачыў у іншай камэры, і яго таксама дапытвалі ледзь ня кожны дзень. Ня маючы магчымасьці толкам распытаць усіх затрыманых, сьледчыя чапляліся за тых, хто дэманстраваў відавочныя прыкметы страху. І, верагодна, на штосьці іх «раскручвалі». Бо з допытаў тыя хлопцы вярталіся толькі яшчэ больш зьбялелымі і маўклівымі. Пры гэтым тых, хто баяўся найменей, вельмі хутка выпраўлялі назад у камэры, нават калі яны бачылі і маглі распавесьці болей. Сьледчых ня надта цікавіла вэрсія мірнай акцыі пратэсту, на якой настойваў, напрыклад, я. Супрацоўнік КДБ дык увогуле адпусьціў мяне празь лічаныя хвіліны, забыўшыся пра тое, што мяне павінен суправаджаць канвой. Яшчэ і чырванеў чамусьці, калі слухаў мой эмацыйны расповед пра тое, з кім і пры якіх абставінах мяне затрымалі. Навічок, мабыць.

Таленавіты скульптар, якому далі мянушку «Прапаведнік» пасьля таго, як ён крыкнуў, праходзячы праз строй міліцыянтаў: «Гарыце ў пекле!». Я так і не зразумеў, ці быў ён на плошчы, здаецца, не, але, натхнёны арыштам, абдумваў стварэньне скульптуры пад рабочай назвай «Дыктатар» і варыянты палітычных графіці. За суткі да вызваленьня мы разам з «Прапаведнікам» трапілі ў іншую камэру, дзе сядзелі дзядзькі паважнага ўзросту, і сярод іх быў супрацоўнік навукова-дасьледчага цэнтру, які займаўся нейкімі магнітнымі працэсамі. «Прапаведніка» гэта вельмі ўзрадавала, бо ён даўно хацеў знайсьці дасьведчанага чалавека, каб параіцца пра тое, як стварыць скульптуру, заснаваную на выкарыстаньні прынцыпу магнітнай левітацыі. Назіраючы за тым, як яны з запалам абмяркоўваюць гэтую задачу, малююць у сшытку схемы, я з сумам пасьміхаўся, настолькі гэта нагадвала вядомыя сталінскія «шарашкі»... Адпаведны антураж стваралі і стосы часопісаў у камэры: «GEO», «Вокруг света», «Знание - сила», «Наука и религия» ды інш.

Харызматычны і баявіты бармэн, аднафамілец былога міністра МУС Навумава з усіх маіх сукамэрнікаў быў адзіны «ідэйны». Заклікаў усіх, калі кагосьці з нас раптам пачнуць зьбіваць, учыніць у камэры пажар і вэрхал. Не здавацца, супраціўляцца, трымацца разам. Ягоная палымяная прамова на гэты конт - адно з найбольш пазытыўных уражаньняў падчас адседкі. Я нават крыху шкадаваў потым, што нікога з нас ня зьбілі. Зрэшты, мы праявілі сваю стыхійную згуртаванасьць і волю мірным чынам - штодня пасьлядоўна разам адмаўляючыся ад неядомай вячэры. Адзінае што, каб перамагчы адміністрацыю хаця б у такой малой справе - прымусіць іх перастаць карміць людзей памыямі - рашучасьці адной асобна ўзятай камэры недастаткова, патрэбная воля большасьці зьняволеных, у нас жа сувязі з астатняй турмой не было. Потым я з прыкрасьцю даведваўся, што ў сіх-тых іншых камэрах тую памыйную вячэру ўсё ж елі.

На вячэру, апроч «паштэту» з рыбы, які мы ахрысьцілі «рыбіна вока», бо ў ім сапраўды трапляліся рыбіны вочы, наогул ён быў зроблены з дрэнна перакручаных рыбіных рэштак (луска, галовы, хвасты, трыбуха), давалі яшчэ «бігус». Што гэта такое яскрава апісаў нехта Алекс Сідараў у аднайменным аповедзе, зь якім я рэкамэндую азнаёміцца кожнаму, хто прымае актыўны ўдзел у палітычным жыцьці - каб ня бралі ў рот гэтую гадасьць у турме, калі што, ды іншым ня раілі.

«Смак гэтай дрэні параўнаць немагчыма ні з чым. Калі толькі з баявымі атрутнымі рэчывамі тыпу «зарін», «заман», «фасген» і V-газы, ужываньне якіх катэгарычна забароненае шматлікімі міжнароднымі канвэнцыямі...»

Апроч аднафамільца былога міністра МУС, быў у нас і аднафамілец міністра цяперашняга - Куляшоў, бамжаваты алькаголік, які з сваіх 26 гадоў 6 правёў за кратамі. Натуральна, дванаццаць сутак арышту для яго цьху - плюнуць і расьцерці. Каб толькі ня белая гарачка, якая напаткала Куляшова ў турме. Схапілі яго па дарозе ў краму, ня далі за дабаўкай дайсьці, вось і «закараціла» хлопца. Тое, што ён сур'ёзна хворы, было відавочна адразу. Забралі ж яго да лекараў толькі на трэцюю ноч. Калі ён тросься і выгінаўся нібы на электрычным крэсьле, бачыў за шафай свайго брата, а ў акне, за кратамі - маці, прасіў у калідорнага, каб выпусьцілі да яе. Адмахваўся ад усюдыісных павукоў, блытаўся ў правадах на падлозе, падпіраў сьцены, якія пачалі падаць. Тады ўжо па яго прыйшлі. Мы спадзяваліся, завязуць куды ў шпіталь, дык не, уранку вярнулі на месца. Невядома, што і дзе зь ім рабілі, бо ў расповедзе Куляшова рэчаіснасьць відавочна перапляталася з галюцынацыямі. Як быццам доктар працягваў яму шклянку з гарэлкай, але шклянка штораз зьнікала, калі ён спрабаваў яе ўзяць. І дадому яго нібыта вадзілі турэмнымі лябірынтамі. Таму цяжка сказаць, ці сапраўды яго зьбівалі, а нейкі міліцыянт наводзіў пісталет і пагражаў застрэліць, потым укацілі яму конскую дозу морфію і кінулі на ноч у карцэр. Што да морфію, гэта цалкам верагодна, бо праспаў Куляшоў пасьля свайго начнога візыту да доктара больш за суткі. Цягам якіх дзяжурны мо два разы зазірнуў у камэру - праверыць, ці не памёр пацыент. Яму ў шпіталь трэба, кажам, ня бачыце хіба. На што дзяжурны жалезабэтонна адказваў: «Вы што, лекары, адкуль вы ведаеце?».


НА ВОЛІ. КРАІНА Ў КРАТАХ


Нягледзячы на белую гарачку, Куляшоў у турме не адчуваў сябе дыскамфортна, наадварот. Прынамсі, ня трэба клапаціцца пра хлеб надзённы і курыва. Можна яшчэ паспрабаваць сябе ў ролі «бывалага», павыпендрывацца перад навічкамі. (Праўда, глядзеўся ён у ёй досыць камічна, блатны жаргон зь ягоных вуснаў чамусьці выклікаў дружны сьмех, з-за чаго ён моцна крыўдаваў. Але мы ўсё роўна з таго жаргону тое-сёе засвоілі, мабыць, на ўсё жыцьцё: «шлёмка» - алюмініевая міска, «вясло» - лыжка, «кругаль» - алюмініевая кружка, «вата» - матрац ды інш. ) Таму з нагоды «несправядлівасьці» ён не абураўся, нават не заўважыў яе.

Для астатніх сутыкненьне зь несправядлівасьцю аказалася ў той ці іншай ступені шокавым. Аднак адрэагавалі яны на гэты шок па-страўсінаму. Малады бацька, віленчук паводле паходжаньня, які сканчаў беларускую школу ў Вільні і мае досыць трывалыя нацыянал-дэмакратычныя перакананьні, яшчэ ў турме вырашыў для сябе: «Усё, наступным разам (г.зн. падчас правядзеньня «масавых несанкцыянаваных мерапрыемстваў») я ў горад ні нагой». Калі ж я патэлефанаваў яму пасьля вызваленьня, каб даведацца, як жонка з сынам, ці ўсё добра, ён спалохаўся і адмовіўся размаўляць. «Прапаведнік», які ў камэры абдумваў стварэньне скульптуры пад рабочай назвай «Дыктатар» і варыянты палітычных графіці, на волі аб гэтым забыўся. Больш за тое, шакаваў мяне сваімі словамі падчас сустрэчы: «Ведаеш, мне тут параілі нічога не казаць пра суд і пра ўсё астатняе... ну, каб не атрымалася яшчэ горш». Параілі яму таксама не зьвяртацца па грашовую кампэнсацыю аплаты за ўтрыманьне ў турме. (Гэта ў нас цяпер платная паслуга - дзяржава вырашыла манэтызаваць палітычны перасьлед.) «Лепей ня зьвязвацца з гэтымі арганізацыямі...». Прапаведваць жа стаў замірэньне, згоду і адмову ад супраціву. Харызматычны і баявіты бармэн не згубіў харызмы і баявітасьці, не зьмірыўся зь несправядлівасьцю і беззаконьнем, але цяпер ён зьбіраецца «прагаласаваць нагамі», зьехаўшы ў якую-небудзь больш прыдатную для жыцьця краіну...

Дзе яны цяпер? Тыя, з кім мы падзялілі адзін сухар чорнага хлеба на ўсіх, замест аплаткі, на Раство? Разбрыліся па сваіх пэрсанальных камэрах.



(Аўтар малюнка - блогер navicki, таксама арыштант Жодзінскай турмы № 8)

У дзень, калі была спыненая трансьляцыя «Аўтарадыё», мы разам з жонкай вярталіся дадому на таксі і папрасілі кіроўцу пераключыцца на 105.1 FM, каб праверыць, ці сапраўды трансьляцыю спынілі. Мы ўголас выказалі сваё абурэньне - маўляў, закрылі ўсё-ткі, гады. Кіроўца пытаецца: «Хто закрыў, чаму?». І раптам, пачуўшы прозьвішча Някляева і Саньнікава, за чые агітматэрыялы спынілі трансьляцыю радыё, нібы праглынае язык. Спачатку гаманкі, ён замаўкае на ўсю дарогу. Да самага канца не сказаў ані слоўца.

У той момант я зразумеў, што за кратамі апынулася ўся краіна.


ЭПІЛЁГ. «ВЫ ПЕРАМАГЛІ... Я ВАС НЕНАВІДЖУ»


Камэра № 24, мусібыць, была пад асобым кантролем. У адрозьненьне ад іншых, нам не перадавалі незалежнай прэсы. Таму да канца адседкі мы знаходзіліся ў такім самым інфармацыйным вакуўме, у якім перабывае значная, калі ня большая, частка грамадзянаў Беларусі. Фактычна адзіным акном у сьвет заставалася для нас радыё «Unistar» - тое, што «на лепшым баку жыцьця». Звычайная забаўляльна-музычная радыёстанцыя, пакліканая падтрымліваць на належным узроўні шчасьлівую, бестурботную сьвядомасьць слухачоў. Даючы мінімум пераважна пазытыўных навінаў. Трэба сказаць, што гэта нават больш эфэктыўны сродак апрацоўкі грамадзянаў, чым прамое ідэалягічнае ўзьдзеяньне. Апошняе супраць нас таксама спрабавалі задзейнічаць, уключаючы ў дні допытаў замест «Unistar» нейкае ўнутрытурэмнае радыё, дзе ў якасьці ідэалягічнага складніку выкарыстоўвалася хрысьціянская пропаведзь. Сканцэнтраваная вакол такіх выгодных уладам зямным дабрадзейнасьцяў, як паслухмянства і падпарадкаваньне. Дык вось, гэтае радыё ў камэры раздражнёна выключалі. Тады як «Unistar» слухалі з задавальненьнем, хаця, па сутнасьці, яно выконвала тую самую функцыю - заспакаеньня і разьмякчэньня, толькі не наўпрост, а ціхай сапай.

Але першыя некалькі дзён пасьля выбараў у эфіры адбывалася незвычайнае. Там клапаціліся пра здароўе і месцазнаходжаньне Някляева. Паведамлялася, што віншаваньне расейскага прэзыдэнта, пра якое была абвестка ў афіцыйных беларускіх СМІ, адсутнічае на ягоным сайце. Калі ж у эфіры прагучаў «Міт Атлянтыды» - прыпавесьць Мікалая Рэрыха пра катастрафічныя наступствы культу ўладара для краіны, мы вырашылі, што краіна знаходзіцца на мяжы рэвалюцыі...

Аракуламі было прадказана, што Атлянтыда загіне за адрынутую любоў. З тых часоў народ Атлянтыды на ўсе жылы спрабаваў адказваць узаемнасьцю на любоў. Людзі радасна ўсьміхаліся адно аднаму, яны любілі ўладу і ўлада адказвала ім узаемнасьцю. На пасад сеў прамяністы Ўладар, якога людзі ўшаноўвалі як боства. Калі ж той аказаўся пры сьмерці, яны, не жадаючы адпускаць уладара, абступілі ягонае сьмяротнае ложа і не хацелі адыходзіць, як ён ні прасіў іх аб гэтым.

«Тады ўладар сказаў:

- Вы не сышлі? Вы не жадаеце сысьці? Вы яшчэ тут? Цяпер я зразумеў. Ну, я скажу. Скажу адно слова маё. Я вас ненавіджу. Адрынаю вашую любоў. Вы забралі ўсё ад мяне. Вы не аддалі павагі сьмяротнаму ложу… Вашае шчасьце і ваш боль толькі я ведаў. Толькі вашыя гаворкі вецер мне даносіў. Вы забралі сонца маё! Сонца я не відаў; толькі цені вашы я бачыў. Далі, сінія далячыні! Да іх вы мяне не пусьцілі… Мне не вярнуцца да сьвятой зеляніны лесу… Па траве духмянай ужо не хадзіць… На горны хрыбет мне ўжо не падняцца… Лукавіны рэк і зялёных сенажацяў ужо мне не відаць… Па хвалях ужо не насіцца… Вокам ужо не ляцець за крэчатам хуткім… У зоркі ўжо не глядзецца… Вы перамаглі… Галасы начныя чуць я больш ня мог… Загады Бога сталі мне ўжо недаступныя… А я ж мог іх пазнаць… Я мог адчуць сьвятло, сонца і волю… Вы перамаглі… Вы ўсё ад мяне захілілі… Вы забралі ўсё ад мяне… Я вас ненавіджу… Вашую любоў я адрынуў…

Зваліўся ўладар на ложа. І ўстала мора высокай сьцяной, і схавала краіну Атлянтыду».


Розьніца зь мітычнай Атлянтыдай палягае ў тым, што беларускага ўладара губіць ужо ілюзія ўсенароднай любові, якая падпарадкавала яго сабе, і безь якой, нібы бяз моцнага наркотыку, ён ня можа жыць. Нас жа губяць тоўстыя сьцены паміж камэрамі, празь якія мы ня можам дагрукацца адно да аднаго, каб разам адмовіцца есьці «бігус».

Пачатак:

Палёт над зязюліным гняздом па-беларуску
Праспэкт-2010
«Хапун»: бязьлітасны і бессэнсоўны
«Патрэбныя любыя непаўналетнія хлопчыкі»
Дыктатура самапаўтараецца на ўсіх узроўнях