«Мы выйшлі ў імя тых людзей, якія ахвяравалі сабой, каб сьвет пачаў паважаць Беларусь»

Сёньня падчас акцыі маўчаньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску было затрымана каля васьмі чалавек. Сярод іх актывіст Макс Вінярскі. Яшчэ некалькі чалавек было затрымана у падземным пераходзе станцыі мэтро «Плошча Леніна».

Your browser doesn’t support HTML5

Акцыя салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы



Днём у Палацы рэспублікі адбылася чарговая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, а ў восем гадзінаў вечара на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалася акцыя салідарнасьці з палітзьняволенымі. Яе ўдзельнікі моўчкі падыходзілі на плошчу па адным, па двое, запальвалі зьнічы і ставілі іх у цэнтры плошчы. Запаленыя зьнічы — напамін пра падзеі, якія адбыліся 19 сьнежня, калі тысячы людзей былі зьбітыя за тое, што пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў. І гэта знак салідарнасьці са зьняволенымі. Актывіст Макс Вінярскі прынёс з сабой Канстытуцыю Беларусі:

«Грамадзянін Аляксандар Лукашэнка, паклаўшы руку на Канстытуцыю, а, магчыма, і ня толькі руку, як пісалі ў інтэрнэце, прынёс, прынамсі як ён лічыць, прысягу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Я прысягаю ніколі не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку легітымным правіцелем гэтай краіны.
У сваю чаргу я кладу руку на канстытуцыю, трымаю яе ў руцэ, і кажу, што я прысягаю ніколі не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку легітымным правіцелем гэтай краіны, ніколі не прызнаваць яго прэзыдэнтам. Прызнаваць яго толькі ўзурпатарам, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў сваіх руках».

Дзьве жанчыны запалілі сьвечкі на плошчы і сказалі, што прыйшлі ў знак салідарнасьці з арыштаванымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Яны сказалі, што не зьяўляюцца іх сябрамі ці сваякамі, а проста грамадзянкі краіны.

Спадарыня Вера: «Мы выйшлі ў імя тых людзей, якія ахвяравалі сабой, каб сьвет пачаў паважаць Беларусь. Някляеў, Саньнікаў, Міхалевіч, Статкевіч, Халіп і гэтак далей. Там каля 30 чалавек цяпер знаходзіцца. Натуральна, мы стала сочым за сытуацыяй, перажываем. І толькі спадзеў на сусьветную супольнасьць, што нам дапамогуць, на Эўразьвяз, што нам дапамогуць нешта зьмяніць. Самі мы тут, відаць, нічога ня зробім».

Акцыя на плошчы, нашпігаванай міліцыянтамі ў цывільным, працягвалася некалькі хвілінаў. Потым пад’ехаў аўтобус са спэцназам, куды закінулі некалькіх ўдзельнікаў акцыі разам з актывістам Максам Вінярскім. Таксама міліцыянты затрымалі Яраслава Ліхачэўскага, які заляпіў сабе рот скотчам. Ён прыйшоў на плошчу на мыліцах, яго нага была ў гіпсе.

Паводле прэс-сакратара менскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, на плошчы адбыўся несанкцыянаваны пікет. Ён ня выключыў, што ў пастарунку будуць устаноўленыя асобы затрыманых і, магчыма, яны будуць адпушчаныя або суд вызначыць ступень іх адказнасьці за несанкцыянаванае мерапрыемства.

Першыя зьнічы.
Яраслаў Ліхачэўскі прыйшоў на акцыю на мыліцах.


Максім Вінярскі прысягае не прызнаваць Лукашэнку прэзыдэнтам.
Удзельнікаў акцыі затрымліваюць.

Пасьля затрыманьня ўдзельнікаў міліцыянт раскідаў сьвечкі.