Кастусь Жукоўскі: «Я галадаў, не парушаў традыцыі гомельскіх апазыцыянэраў»

Сёньня ў Гомелі пасьля 8 сутак арышту на волю выйшаў гарадзкі каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», удзельнік перадвыбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў Кастусь Жукоўскі. Спадара Жукоўскага затрымалі 13 студзеня ля ўправы КДБ, калі ён здымаў на відэа выклік на допыт грамадзкіх актывістаў, абвінавацілі ў лаянцы і праз суд арыштавалі.

Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі выйшаў з ізалятара схуднелым і няголеным. Усё 8 сутак адміністрацыйнага арышту ён не ўжываў ежу — піў толькі ваду й сок:

«Гэта гомельская такая традыцыя: калі нас саджаюць, мы ўсе трымаем галадоўку. Ну, не сухую, хаця былі выпадкі й сухой. Восем дзён сухой — гэта ўжо небясьпечна для арганізму. Я, не парушаючы традыцыі гомельскіх апазыцыянэраў, таксама трымаў галадоўку на знак пратэсту. Спажываў толькі ваду й сокі, якія мне кожны дзень прывозілі сябры з волі. Гэта вельмі цешыла й давала надзею трываць».

Паплечнікі сустракалі Кастуся Жукоўскага адразу ў трох месцах — ля ізалятара, Цэнтральнага райаддзелу міліцыі і ля дома.

Апошнім часам гомельская міліцыя ня проста адпускае грамадзкіх актывістаў пасьля адбыцьця пакараньня, а імкнецца вывезьці іх так, каб родныя, сябры й паплечнікі не маглі сустрэць іх адразу ля брамы ізалятара часовага ўтрыманьня.

Ведаючы такую цынічную практыку, спадар Жукоўскі адмовіўся заўчасна пакідаць месца адбыцьця арышту. І выйшаў на волю літаральна ў абдымкі нядаўняга сядзельца ізалятара Юрася Захаранкі. Разам яны і дабіраліся дадому да Жукоўскага, дзе яго чакала большасьць сяброў, а таксама хатні выхаванец Жучок.

Жукоўскага вітаюць паплечнікі.
Кастусь Жукоўскі з Жучком.

Гомельскі бард Андрэй Мельнікаў нават захапіў губны гармонік, каб сустрэць Кастуся музыкай.

Жукоўскі лічыць, што яго наўмысна затрымалі 13 студзеня ля КДБ — ужо пасьля ператрусу дома й допыту ва ўправе. Чэкісты проста хацелі забраць відэакамэру:

«Схапілі, таму што „пасьвілі“. Учора прыйшоў кадэбіст у ізалятар і забраў відэакамэру, якая была ў мяне з сабою. Забраў разам з касэтаю. Гэта, хутчэй за ўсё, сьведчыць пра тое, што за мной сачылі, каб гэтую камэру забраць. Не атрымалася ў іх забраць адразу ў КДБ, дык яны забралі ў ІЧУ — ізалятары часовага ўтрыманьня. У актывістаў забіраюць усе носьбіты электроннай інфармацыі — яны баяцца розгаласу. Рэжым працягвае рэпрэсіі — забіраюць камэры, кампутары. Другі, трэці раз вобшукі робяць, як гэта было ў Менску. Баяцца розгаласу, што гэта пойдзе ў народ. Баяцца праўды! Маўляў, мы будзем вывешваць аб’явы, рабіць заявы, таму нас рэпрэсуюць і палохаюць. Не атрымліваецца наўпрост, дзейнічаюць праз жонак, празь сем’і — каб мы маўчалі, не казалі, што было насамрэч».

У ізалятары Кастусь даведаўся, што падчас выбарчай кампаніі супраць яго асабіста й іншых актывістаў вёўся палітычны вышук. Апрача супрацоўніка КДБ, у ізалятар да спадара Жукоўскага прыходзіў міліцыянт з Савецкага райаддзелу міліцыі й склаў чарговы адміністрацыйны пратакол на распаўсюд аб’яваў і ўлётак падчас выбарчай кампаніі ў неналежных месцах. Пры гэтым спасылаўся на відэаздымкі, якія рабілі апэратыўнікі КДБ.

Андрусь Мельнікаў

Андрусь Мельнікаў, гомельскі бард і музыка, які ўжо не аднойчы сустракаў палітычных вязьняў з гармонікам, так камэнтуе хвалю рэпрэсіяў пасьля выбараў:

«Я думаю, што гэта вынік таго, што ў свой час дзяржава пагадзілася, каб усю адказнасьць ускласьці на хворага чалавека. І паколькі гэты чалавек хворы, ён робіць нейкія неадэкватныя рэчы. Нармальныя людзі, актыўныя людзі спрабуюць хоць частку гэтай адказнасьці ўзяць на сябе, адказнасьці за тое, каб тут адбывалася нармальнае жыцьцё. А паколькі чалавек хворы, ён цалкам успрымае гэта як нэгатыў».

Гарбата ў Кастуся дома.

Юрась Захаранка, давераная асоба Мікалая Статкевіча, які быў прэвэнтыўна затрыманы ў дзень асноўнага галасаваньня й пакараны пасьля 12 суткамі адміністрацыйнага арышту, лічыць, што махавік рэпрэсіяў не спыняецца з-за страху самой улады:

«Больш за месяц прайшло, але махавік рэпрэсіяў працуе. Мне падаецца, улада напалохана падзеямі 19 сьнежня, таму й ня можа ніяк спыніцца. Выкарыстоўваючы тыя падзеі, імкнецца ўнесьці страх у шэрагі апазыцыі, запалохаць гэтымі ператрусамі й арыштамі».