"Расея зрабіла падарунак Лукашэнку"

Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін у Маскве

“Расея зрабіла падарунак А. Лукашэнку да ягонага заступленьня на пасаду на новы тэрмін. Хаця з Масквы на сёньняшнюю цырымонію інаўгурацыі ў Менск ніхто не прыедзе, напярэдадні прэм’еры дзьвюх краінаў дамовіліся аб нафце і газу”, – піша расейскае інтэрнэт-выданьне Business FM.

Узамен на танныя нафту і газ Лукашэнка пагадзіўся працягнуць курс на інтэграцыю з Расеяй
Камэнтуючы вынікі перамоў у Маскве прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча і кіраўніка расейскага ўраду Ўладзімера Пуціна, інтэрнэт-выданьне таксама адзначае, што “Расея накіруе на субсыдыі па пастаўках нафты і газу 4 мільярды даляраў. Акрамя таго, стала вядома, што АЭС у Беларусі будзе пабудаваная на расейскі крэдыт. Паводле экспэртаў, у эканамічным сэнсе Расея мала што набывае ад гэтых дамоўленасьцяў... Акрамя канкрэтных пытаньняў паставак нафты і газу, прэм’еры Расеі і Беларусі абмеркавалі іншыя пытаньні. Напрыклад, яны вызначыліся з датай правядзеньня пасяджэньня кабміну саюзнай дзяржавы, а таксама абвясьцілі пра завяршэньне фармаваньня прававой базы адзінай эканамічнай прасторы. На думку палітолягаў, гэта можа сьведчыць, што ўзамен на танныя нафту і газ Лукашэнка пагадзіўся працягнуць курс на інтэграцыю з Расеяй. Пытаньне ў тым, ці будзе непрадказальны беларускі лідэр выконваць свае абяцаньні”, – піша Business FM.

“Будзем імкнуцца да таго, каб аб’ём субсыдаваньня беларускай эканомікі ў нафтавым сэктары складаў суму, ня меншую за тую, якую Беларусь атрымлівала ў 2007-2009 гг. да ўвядзеньня мыты на нафту. Гэтая сума складае 4, 124 мільярды. Ёсьць пэўныя пытаньні з разьлікамі, але мы пацьвердзілі сваю пазыцыю”, – цытуе маскоўская газэта “Ведомости” прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна.

“Беларуская АЭС будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю 2,4 МВт. Увод у эксплюатацыю першага блёку прызначаны на 2016 год, другога – на 2018 год”, – паведамляе “Комсомольская правда”.

«Расея тут выйграе ў сэнсе экспансіі сваёй атамнай энэргетыкі, – заявіў Business FM экспэрт Цэнтру палітычнай каньюнктуры Павел Салін. – І Лукашэнка ўжо намякаў, калі ў нас былі абвастрэньні, летась увосень, што кантракт на будаўніцтва гэтай АЭС могуць атрымаць і іншыя фірмы, у прыватнасьці, амэрыканская кампанія Westinghouse або нейкія іншыя”.

Дума ніякіх заяў наконт вызваленьня расейцаў з беларускіх турмаў прымаць не зьбіраецца
“Российская газета” нагадвае, што Эўрапарлямэнт прыняў жорсткую рэзалюцыю па Беларусі і піша, што “пра гэта прэм’еры паразмаўлялі тэт-а-тэт пасьля прэсавай канфэрэнцыі. Пуцін толькі сказаў, што днямі пры сустрэчы з “адзінаросамі” яны цікавіліся, што ўрад будзе рабіць для вызваленьня расяянаў зь беларускіх турмаў. Пры гэтым ён патлумачыў, што Дума ніякіх заяў на гэты конт, наколькі яму вядома, прымаць не зьбіраецца”.