"Яны ня любяць уладу. І за гэта — дубінай па галаве?.."

Валянцін Жданко

У сваіх карэспандэнцыях, адрасаваных на "Свабоду", нашы слухачы працягваюць абмяркоўваць падзеі 19-га сьнежня і палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Чацьвёра апазыцыйных кандыдатаў — Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч і Аляксей Міхалевіч — ужо месяц застаюцца ў турме КДБ. Такі ж лёс напаткаў дзясяткі іншых грамадзкіх актывістаў, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі на баку супернікаў Аляксандра Лукашэнкі. Палітычная адліга ў Беларусі скончылася, пра лібэралізацыю больш ніхто ня згадвае. Перад краінай зноў зьявілася рэальная пэрспэктыва міжнароднай ізаляцыі з боку дэмакратычнага сьвету.

На гэтую тэму — амаль усе лісты ў нашай студзеньскай пошце. Пачну сёньняшнюю размову з допісу Ніны Якушэвіч зь Берасьця. У сваім лісьце на "Свабоду" слухачка, разважаючы пра магчымасьць міжнародных санкцый супраць беларускага рэжыму, піша:

"Просты беларускі люд перажывае і моліцца за людзей, якіх дыктатар трымае ў няволі. Ці даведаемся мы, хто ў сапраўднасьці арганізаваў тых правакатараў, якія білі шыбы ў Доме ўраду? Наўрад ці. Затое ўсе бачылі, дзеля чаго гэта было выкарыстана — каб зьбіваць, калечыць ні ў чым не вінаватых людзей, якія незадаволены так званымі "выбарамі". Што ж, ён выканаў сваю пагрозу. Памятаеце, казаў: "Ім мала не падасца..."

Усе дэмакратычныя краіны ўстрывожаны тым, што адбываецца цяпер у Беларусі. Яны б і рады ўвесьці эканамічныя санкцыі, ды непакояцца, што гэта нэгатыўна адаб'ецца на простых беларусах. Хочацца сказаць гэтым людзям: не турбуйцеся. Мы выцерпім усё, абы толькі пазбавіцца ад гэтага абрыдлага рэжыму. Ён учапіўся за ўладу, як вош за струп. Толькі ўласнымі сіламі ададраць яго мы наўрад ці здолеем
".

Тое, ці дачакаюцца беларусы зьменаў у сваёй дзяржаве, залежыць найперш не ад міжнародных санкцыяў, спадарыня Ніна, — якімі б істотнымі яны ні выглядалі. Так, супольнасьць дэмакратычных дзяржаў з жахам назірае за той так званай "зачысткай" апазыцыйнай прасторы, якую праводзяць рукамі спэцслужбаў і міліцыі беларускія ўлады. Захад гатовы дапамагчы тым людзям, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі. Але ўсё ж галоўны цяжар адказнасьці за ўласны лёс нясе само беларускае грамадзтва. Сапраўды, беларускія людзі цярплівыя. Цярплівыя нават у тых сытуацыях, у якіх многія іншыя народы абурыліся б супраць несправядлівасьці, прыніжэньня і гвалту.

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Разважаючы над вынікамі нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў, назіраючы за тым, як улада працягвае разгром усіх структураў палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, спадар Марціновіч робіць звыклую для сябе выснову: спадзяваньні на любыя перамены ў беларускай дзяржаве і грамадзтве — марныя. Слухач, у прыватнасьці, піша:

"Ужо колькі разоў пасьля чарговых палітычных узрушэньняў у Беларусі абяцалася: "Будзе абурэньне!", ""Будзе пералом!", "Будзе нешта нечуванае!.." Так казалі і пасьля забароны рэфэрэндуму '92-га году, і пасьля масавых маніфэстацыяў увесну '96-га, і пасьля зьнікненьня Захаранкі і Ганчара ў '99-м, і падчас плошчы Каліноўскага ў 2006-м.... Цяпер нам соты раз абяцаюць "нешта вялікае" ў выніку арышту чатырох былых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Маўляў, павінна нарадзіцца нешта накшталт польскай "Салідарнасьці". Але адкуль яно возьмецца?

Калі азірнуцца назад, то ўжо 22 гады, ад Курапат '88-га году, у 10-мільённай краіне на пратэсты наважваецца толькі 10-тысячны натоўп жыхароў Менску. Нешта гнеў гэтай дзясятай долі аднаго працэнта не пераходзіць на астатнія 99,1 працэнта насельніцтва...

Я лічу: калі да 2012-га году ня будзе перагледжана сама беларуская дэмакратычная ідэя, то Беларусь страціць і магчымыя перамены ў магчымы шасьцігадовы тэрмін прэзыдэнцтва Мядзьведзева паміж 2012—2018 гадамі.

Тады Лукашэнка і група мэнэджмэнту Мясьніковіча бесьперашкодна сфармуюць і ўсталююць пуцінска-назарбаеўскі намэнклятурны варыянт капіталізму ў Беларусі. А цяперашнія каляпазьнякоўскія "шляхабалтыйскія" дэмакраты ў сілу свайго генэзісу ня здолеюць прынесьці карысьці беларускай дэмакратыі нават і пры шасьцігодзьдзі прэзыдэнцтва Мядзьведзева"
.

Колькасьць людзей, якія выходзяць пратэставаць на вуліцу, толькі ўскосна сьведчыць пра рэальныя пратэстныя настроі ў грамадзтве, спадар Алесь. Асабліва — ва ўмовах Беларусі, дзе ўдзел у падобных пратэстах зьвязаны для чалавека зь немалой рызыкай. Адметны прыклад — пасьлявыбарчая масавая акцыя 19-га сьнежня. Пад міліцэйскія дубінкі, арышты, перасьлед на працы і вучобе трапілі ня толькі тыя, хто прыйшоў на плошчу, а нярэдка — выпадковыя мінакі, якія ўвогуле ня маюць ніякага дачыненьня ні да апазыцыі, ні да палітыкі. І заўважце: службовыя асобы, якія прыцягнулі іх да адказнасьці, не панесьлі ніякага пакараньня — нават пасьля таго, як факты нічым не аргумэнтаванага гвалту і самаўпраўства адносна выпадковых людзей сталі агульнавядомымі і відавочнымі...

Несправядлівасьць, бескантрольнасьць улады, самадурства чыноўнікаў і сілавікоў, якія адчуваюць поўную сваю беспакаранасьць, поўная неабароненасьць чалавека перад дзяржаўнай махінай, бескарыснасьць зваротаў у суды, якія нічога не вырашаюць — усё гэта падточвае і знутры разбурае цяперашні беларускі рэжым нашмат больш, чым усе апазыцыйныя партыі і рухі, разам узятыя.

Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў заклапочаны тым, што пасьля падзеяў 19-га сьнежня, у выніку якіх ад палітычных рэпрэсіяў пацярпелі сотні людзей, беларускае грамадзтва фактычна не пачула рэакцыі хрысьціянскай царквы. У сваім лісьце на "Свабоду" спадар Кастусь піша:

"Я не разумею і не магу патлумачыць, чаму ад арыштаваных 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці адвярнулася царква, чаму аб літасьці да іх не папросяць герархі. Згадзіцеся, што тыя, хто выйшаў на плошчу, не парушылі ніякіх запаветаў: яны нікога не забілі, ня ўкралі, не пралюбадзейнічалі — які за імі грэх?

Я хацеў бы таксама зразумець, чаму наш прэзыдэнт мілуе і беспакарана вызваляе шматлікіх казнакрадаў, і ў той жа час да арыштаваных невядома за што кандыдатаў у прэзыдэнты нават не пускаюць адвакатаў. Калі Лукашэнку падтрымліваюць 80% грамадзян, то навошта такая жорсткасьць? Навошта біць дубінкамі па галовах маладзенькіх дзяўчатак? Ці прывядзе гэта ўсё да ладу і спакою ў краіне, ці стане ад гэтага наша грамадзтва лепшым?

Упэўнена адкажу — ні ў якім разе! Зло можа спарадзіць толькі зло, гвалт — толькі гвалт, і ўсё гэта будзе расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі.

Да арыштаваных на плошчы адносяцца горш, чым да вялікіх ворагаў, а яны нават да малых грэшнікаў не падобныя. Так, яны ня любяць уладу, — ну і што?А ці заслужыла ўлада, каб яе любілі? Можа, іх ці іхніх родных або сяброў калі-небудзь абражалі міліцыянты, ім хамілі чыноўнікі, іх вымушалі даваць хабар, іх зьневажалі і падманвалі розныя начальнікі, — ды ці мала каго ўлада крыўдзіла і крыўдзіць? Мяне і маіх родных улада крыўдзіла столькі, што не палічыць, — і дзяцей, і бацькоў, і дзядоў, таму я таксама яе не люблю. Ну і што, мяне цяпер за гэта дубінай па галаве трэба мясіць? Што, апазыцыя ўзьнікае ніадкуль, на шчупакова казаньне ці нейкім іншым чароўным чынам? Ды сама ж улада яе і плодзіць сваімі жорсткімі, нялюдзкімі і несправядлівымі адносінамі да чалавека.

Таму я хацеў бы зьвярнуцца да тых, хто зьяўляецца прыхільнікам чарговы раз пераабранага прэзыдэнта і дзейнай улады, — не судзіце строга тых, хто выходзіць на плошчу, бо сказана: "Не судзеце, каб і вас не судзілі; бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць" (Мацв. 7:1-2). Паспрабуйце выслухаць і зразумець іх, паспачуваць і дапамагчы ім, калі не матэрыяльна, то хоць памаліцеся за іх. Лічыце, што яны ў нечым вінаватыя? Дык даруйце ім, бо Хрыстос нават забойцу на крыжы дараваў.

Давайце ня толькі лічыць сябе хрысьціянамі, але і быць імі!"


Наколькі важныя хрысьціянскія ідэалы і каштоўнасьці для тых асобаў, якія вызначаюць цяпер дзяржаўную палітыку ў Беларусі? Складанае пытаньне. Кіраўнік дзяржавы ў адказ на запыт пра сваё веравызнаньне ў свой час назваўся "праваслаўным атэістам". Як да гэтага паставілася праваслаўная царква — невядома. Як невядома і тое, якую пазыцыю занялі яе герархі ў многіх іншых важных для беларускага грамадзтва пытаньнях. Улады Беларусі дагэтуль ушаноўваюць імёны камуністычных правадыроў, вінаватых, сярод іншага, у расстрэлах і перасьледзе тысяч сьвятароў, рабаваньні і разбурэньні соцень хрысьціянскіх сьвятыняў… Ці ведаем мы стаўленьне царквы да гэтага?

Курапаты — сымбалічнае месца масавых сталінскіх расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей (у тым ліку, зусім магчыма, і асобаў духоўнага званьня) — занядбанае, праз гэта пэрыядычна становіцца аб’ектам нападаў вандалаў. Ці выступіла царква з гэтай нагоды зь якой-небудзь ініцыятывай — ну хоць каб узьвесьці капліцу ў тым месцы?

І вось зараз ад палітычнага перасьледу цярпяць сотні людзей (многія зь якіх, заўважым, вернікі-хрысьціяне), адзіная віна якіх — тое, што яны думаюць інакш, чым гэтая ўлада, што яны адкрыта выказваюць пратэст супраць няпраўды і несправядлівасьці... Ці выказаліся царкоўныя герархі з гэтай нагоды? Ці ўзьнялі свой голас у абарону бязьвінна пакараных, пабітых, пакалечаных? Не, іхнага голасу не чуваць. Сьвятыя айцы абменьваюцца з уладай каляднымі віншаваньнямі і падарункамі, абдымаюцца перад тэлекамэрамі, дэманструючы поўную згоду і ўзаемаразуменьне… А потым дзівяцца і наракаюць, чаму так мала людзей у храмах, чаму моладзь не шукае да іх дарогі…

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка, аўтар якога Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну піша:

"Дзякую за добрую працу 19-га сьнежня і да сёньня. Вы апэратыўна і поўна пра ўсё інфармавалі — адрозна ад іншых мэдыяў, якія пасьля 20-й гадзіны ў тую ноч ужо амаль нічога новага не падавалі. Жадаю ўсім свабодаўцам здароўя, добрага сынтаксісу, лексыкі, вымаўленьня і прафэсійных здабыткаў.

Нават мая жонка — і то нагадвае мне цяпер ураньні, што трэ ўключыць "Свабоду", бо нам цікава і неспакойна за лёс арыштаваных.

Дужа прыемна чуць і таленавітыя званкі на "Свабоду". Шкада толькі, што ўладныя вушы ўсё гэта наўрад ці чуюць".


Подпіс — "Народны слухач Мікалай Бусел, вёска Дуброва Сьветлагорскага раёну".

Дзякуй, спадар Мікалай, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by