Амбасада РФ клапоціцца пра вязьняў-расейцаў


Амбасада Расеі ў Беларусі зьвярнулася ў генэральную пракуратуру з просьбай паінфармаваць аб падставах і матывах арышту двух расейскіх грамадзян - Арцёма Брэўса і Івана Гапонова, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА практычна на працягу месяца. Пра гэта паведаміў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" дарадца амбасады Вадзім Гусеў.

Паводле яго, у дыпляматычным прадстаўніцтве лічаць, што беларускія праваахоўныя органы зацягваюць сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да грамадзян РФ, якія сваю віну адмаўляюць. "Альбо прад'явіце важкія доказы таго, у чым іх абвінавачваюць, альбо вызваліце ", - растлумачыў расейскі дыплямат пазыцыю амбасады.

Тыдзень таму па беларускім тэлебачаньні былі паказаныя дзьве асобы, названыя расейскімі грамадзянамі Максімам Брэўсам і Аляксеем Еўдакімавым, якія распавялі пра свой удзел у падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Аднак высьветлілася, што гэта ня тыя расейскія грамадзяне, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА ў сувязі з падзеямі 19 сьнежня.