Журналісты не патрэбныя на інаўгурацыі?

Аляксандар Лукашэнка

Як паведамляе БелаПАН, прысутнасьць журналістаў на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь не прадугледжана. Будзе арганізавана прамая тэлетрансьляцыя гэтай цырымоніі.

Як паведамлялася раней, інаўгурацыя пройдзе ў Палацы Рэспублікі 21 студзеня. Варта адзначыць, што афіцыйна дата цырымоніі не паведамлялася.

Выбары кіраўніка дзяржавы прайшлі ў Беларусі 19 сьнежня 2010 года. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй прысягу абраны прэзыдэнт павінен прынесьці не пазьней як праз два месяцы з дня абраньня, гэта значыць не пазьней за 19 лютага 2011 года.

Прысяга прыносіцца ва ўрачыстых умовах у прысутнасьці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў.

На інаўгурацыі кіраўнік дзяржавы прамаўляе клятву: "Уступаючы на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся аддана служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, сьвята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі".

Пазьней кіраўнік прэсавай службы А.Лукашэнкі Павал Лёгкі ў інтэрвію "Интерфаксу" абверг інфармацыю пра тое, што журналісты ня змогуць прысутнічаць на інаўгурацыі абранага прэзыдэнта Беларусі.

"Тое, што журналістаў нібыта не запрашаюць на інаўгурацыю прэзыдэнта, гэта адно з двух: альбо трызьненьне запалёнай сьвядомасьці, альбо элемэнтарная правакацыя", - адзначыў кіраўнік прэсавай службы.

Паводле сп-ра Лёгкага "акрамя таго, што інаўгурацыя будзе трансьлявацца ў прамым тэле-і радыёэфіры, журналісты, па сваім жаданьні, змогуць знаходзіцца і на месцы падзеі".