Муратаў: Эўрапарлямэнт рыхтуе беспрэцэдэнтна жорсткія санкцыі

Дзьмітры Муратаў


Праект рэзалюцыі па прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, які будуць абмяркоўваць у панядзелак у Эўрапарлямэнце, утрымлівае беспрэцэдэнтна жорсткія санкцыі ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх чыноўнікаў, заявіў сёньня галоўны рэдактар "Новой газеты" Дзьмітры Муратаў.


Муратава цытуе агенцтва РИА "Новости":

"У бліжэйшы панядзелак на пленарным паседжаньні Эўрапарлямэнту, якое адбудзецца ў Страсбуры, будзе абмеркаваны праект рэзалюцыі. Я ведаю, хто рыхтаваў гэты праект, я сустракаўся з групай дэпутатаў парляменту. У ім зьмяшчаецца патрабаваньне самых жорсткіх, беспрэцэдэнтных для Эўрапарляменту санкцый адносна Лукашэнкі і яго чыноўнікаў", — сказаў Муратаў.

Паводле яго словаў, Эўрапарлямэнт патрабуе вызваліць палітычных вязьняў. Таксама адным з пунктаў рэзалюцыі можа быць патрабаваньне правесьці ў рэспубліцы паўторныя выбары.

"Адначасова з гэтым - паслабленьне візавага рэжыму для іншых грамадзян Беларусі, спрашчэньне, магчымая адмена візавых пошлін, а таксама прадастаўленьне месцаў у эўрапейскіх унівэрсытэтах тым студэнтам, якія па палітычных матывах выключаныя зь беларускіх ВНУ", - паведаміў галоўны рэдактар "Новай газеты".