Калі няма кампутара — у КДБ забіраюць DVD-дыскі

Леанід Аўтухоў

Пасьля ператрусу ў гарадоцкага актывіста Леаніда Аўтухова супрацоўнікі КДБ канфіскавалі 20 DVD-дыскаў і дзьве «флэшкі». Кампутар зьнесьлі яшчэ раней — месяц таму яго забралі судовыя выканаўцы ў кошт нясплачаных штрафаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Леанід Аўтухоў распавёў, што трое супрацоўнікаў віцебскай управы КДБ, адзін зь якіх назваўся адказным па Гарадоцкім раёне, шукалі аргтэхніку ня толькі ў прыватнай хаце актывіста, але нават у лазьні і ў пуні. Знойдзеныя бел-чырвона-белыя сьцягі і ўлёткі іх не зацікавілі.

Супрацоўнікі КДБ сказалі, што загад на ператрус у Леаніда Аўтухова яны атрымалі зь Менску. Ператрус яны праводзілі ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня, хоць ім і вядома, што актывіст з Гарадка не выяжджаў.

Спадар Аўтухоў у дзень выбараў быў назіральнікам. І заўважыў, што ўсе спробы перасоўваньня на ўласным аўто пільна адсочваюцца невядомымі ў цывільным, якія суправаджаюць яго на іншай машыне. Таму дасьведчанасьць супрацоўнікаў КДБ яго не зьдзівіла.