"Тое, што адбылося, нельга лічыць паразай дэмакратаў"

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 12 студзеня 2010 году
Многія людзі ў сёньняшняй Беларусі лічаць, што пасьля 19-га сьнежня 2010-га году краіна стала іншай. І справа ня толькі ў тым, што скончылася кароткая паласа так званай "лібэралізацыі", калі можна было, не баючыся, сабрацца з аднадумцамі на вуліцы, пагаварыць "пра палітыку" ня толькі на кухні і нават зрэдзьчасу пачуць крамольныя думкі на дзяржаўным тэлеканале.

Скончылася ня толькі палітычная адліга. Рэзка зьмянілася стаўленьне ў сьвеце да беларускага кіроўнага рэжыму. Практычна пахаваныя спадзяваньні на збліжэньне з Захадам, на маштабныя заходнія інвэстыцыі… Лёс краіны на бліжэйшыя гады выглядае цьмяным і няпэўным.

Пра гэта — большасьць лістоў у студзеньскай пошце "Свабоды".

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму, дасланага Іванам Зайкевічам з пасёлку Друцк Талачынскага раёну. Слухач піша:

"19-га, 20-га, 21-га сьнежня ня мог адарвацца ад прымача, слухаючы "Свабоду". Тыя жахлівыя падрабязнасьці — як зьбівалі людзей, як запіхвалі ў "варанкі", як прыніжалі і зьдзекаваліся — дагэтуль стаяць перад вачыма. Якая азьвярэласьць, якое дзікунства людзей, якія, здавалася б, павінны служыць закону, абараняць грамадзян!.. Але што казаць, калі ўсе ведаюць, што гэты рэжым трымаецца на міліцэйскіх дубінках.

Я на сабе паспытаў, што гэта такое — калі на цябе накідваюцца на вуліцы некалькі разьюшаных бандытаў. Абараняўся я, як мог. Думаеце, хто-небудзь заступіўся? Не адзін тыдзень потым праляжаў у шпіталі. І цяпер ведаю, дзе і сярод каго я жыву: сярод рабоў, халопаў, злодзеяў, прыслужнікаў, мянтоў і астатняга запалоханага люду.

Я глыбока разумею выдатнага паэта Някляева, ягонае наіўнае жаданьне ўраз перарабіць раба на грамадзяніна. Але як гэта зробіш, калі ў большасьці нашых людзей ня выхавана павага да мастацкага слова, да паэзіі, літаратуры… Рэдка ў каго, асабліва на вёсцы, ёсьць у хаце кніжная паліца. А калі і ёсьць, то ці знойдзеш там кнігі беларускіх творцаў?

Якое ў дыктатара атачэньне, хто яму прыслугоўвае? Якое іх маральнае аблічча? Там адна каштоўнасьць — грошы. Саюз пісьменьнікаў разагналі, усіх астатніх запалохалі. Усюды ім мроіцца пагроза.

У выбарчых камісіях усё прыкормлена — паўсюль незьмяняльнае чынавенства. Яны гатовыя ілгаць, падманваць і людзей, і сябе, выкручвацца, высучвацца, абы толькі застацца пры пасадах і грашах. А чыноўнікі цяпер маюць і два, і тры мільёны рублёў у месяц. Ім ёсьць за што трымацца. Рабочы люд жыве па-іншаму, але ж ён разьяднаны і запалоханы"
.

Ведаю, спадар Іван, што падобнае ўзрушэньне перажылі ў апошнія сьнежаньскія дні мінулага году тысячы і тысячы беларускіх грамадзянаў. І гэта, магчыма, самы галоўны вынік Плошчы.

Людзі, сярод якіх мы жывем — розныя: палахліўцы і сьмельчакі, прыстасаванцы і барацьбіты, палымяныя патрыёты і апалітычныя касмапаліты... Але здараюцца сытуацыі, калі грамадзянскія пачуцьці, жаданьне ахвяраваць чымсьці асабістым дзеля агульнай справядлівасьці і праўды прачынаецца нават у самых далёкіх ад палітыкі людзях, якія ў іншы час абыякава і нават з насьмешкай назіраюць за дробнай валтузьнёй палітыкаў. Многае паказвае на тое, што Беларусь зараз перажывае менавіта такі час.

Жорсткі разгон дэманстрантаў у Менску і наступныя масавыя палітычныя рэпрэсіі сталі вялікім ударам для многіх людзей у Беларусі. Сярод тых, хто ўважліва сачыў і працягвае сачыць за гэтымі падзеямі, — Марк Саньнікаў з Добруша. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"Для сваёй сям'і пасьля перажытага мы вырашылі: больш ня браць ніякага ўдзелу ў падобных кампаніях, а таксама не падпісвацца на прымусовыя афіцыйныя СМІ і не глядзець дзяржаўнае тэлебачаньне. Выключэньнем для нас у частцы пэрыядычных выданьняў можа быць толькі газэта "Народная воля". А калі будзе на тое Божая воля — то і пакінем гэтую краіну, дзе няма будучыні ня толькі для нас, але і для нашых дзяцей. Прынамсі, думаем пра гэта цяпер як пра зусім рэальны варыянт.

Тым ня менш пасьля вядомай "крывавай нядзелі", зладжанай уладамі ў рэлігійнае сьвята, мы ня страцілі веру ў дабрыню і справядлівасьць, і таму будзем маліцца за беларускіх дзекабрыстаў ХХI стагодзьдзя"
.

Тыя людзі, якія пакутуюць зараз у халодных цёмных сутарэньнях "амэрыканкі", таксама маглі зьехаць з краіны. Падстаў для гэтага ў іх было больш чым дастаткова, і атрымаць палітычны прытулак у Эўропе ці Амэрыцы яны маглі лёгка і зусім абгрунтавана… Але вось жа — ня зьехалі.

Хоць, увогуле, падобныя намеры распаўсюджаныя сёньня сярод многіх і многіх беларусаў, і асабліва — у моладзевым асяродзьдзі. Масавая эміграцыя маладой і найбольш актыўнай часткі насельніцтва можа стаць сур'ёзным выпрабаваньнем для краіны, для яе эканомікі, інтэлектуальнага патэнцыялу, увогуле — для будучыні дзяржавы.

Да падзеяў 19-га сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску вяртаецца ў сваім лісьце і Міхаіл Калтуноў зь Менску. Слухач піша:

"Я ў той дзень хварэў — ня мог выйсьці на Плошчу. Але нават па тэлевізары было бачна: натоўп перад Домам ураду быў зусім не агрэсіўны. Шкло ў дзьвярах і шыбы ў вокнах білі некалькі падазроных людзей. Хто яны такія? Чаму іх не затрымалі супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным, якіх шмат было сярод мітынгоўцаў? Чаму ім далі беспакарана схавацца ў натоўпе? Калі і весьці сьледзтва, дык у адносінах да гэтых некалькіх правакатараў, якія трымалі ў руках рыдлёўкі ды мэталічныя кіі. За што ж зьбітыя і кінутыя ў турму сотні ні ў чым не вінаватых лепшых сыноў і дачок Беларусі?

Пытаньняў у мяне да гэтай улады шмат. Напрыклад, чаму пры падліку галасоў назіральнікі бачаць замест бюлетэняў толькі сьпіны сяброў камісіі, якія шчыльна акружаюць стол зь бюлетэнямі? Пасьля выбараў з кім са знаёмых ні размаўляю — амаль усе (працэнтаў восемдзесят) кажуць, што галасавалі ці за Саньнікава, ці за Някляева. А яны абодва зьбітыя і кінутыя ў турму КДБ. Як жа так? Дзе праўда і справядлівасьць, дзе павага да палітычных супернікаў?"
.

Шэраг гэтых зусім лягічных пытаньняў можна працягваць, спадар Міхаіл. Напрыклад, чаму абвінавачаныя ў беспарадках і кінутыя ў турму людзі, якія ўвогуле не былі ў той дзень на плошчы Незалежнасьці? Альбо — на якой падставе праводзяцца ператрусы і канфіскацыі кампутарнай тэхнікі ў журналістаў незалежных мэдыяў? Ці: чаму працягваюцца выклікі ў КДБ, допыты і запалохваньні дэмакратычных актывістаў ва ўсіх рэгіёнах — ня толькі тых, хто быў у той вечар на плошчы, але і тых, хто мог там быць альбо хто проста значыцца ў сьпісах ініцыятыўных груп апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта? Па сутнасьці, людзей перасьледуюць за іхныя палітычныя перакананьні, за тое, што яны думаюць інакш, чым улада. І хто ж тады ў Беларусі гарантуе выкананьне 33-га артыкула Канстытуцыі, які нібыта забясьпечвае кожнаму (цытую) "свабоду поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне"?

Свой погляд на падзеі 19-га сьнежня ды іхныя наступствы для Беларусі — у нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"Усе зараз спачуваюць апазыцыі, шкадуюць яе. А я нашу апазыцыю віншую зь перамогай. Насуперак усім пэсымістычным прагнозам і прадказаньням яна здолела сказаць цьвёрдае "Не!" гэтаму рэжыму. Ёсьць яшчэ, аказваецца, верныя байцы ў яе шэрагах. Тое, што адбылося, я не лічу пройгрышам дэмакратычных сілаў. Няхай задумаецца самадзержац беларускі, куды ён вядзе краіну і як рэальна ацэньваюць у народзе ягоную палітыку.

Лукашэнка ўбачыў, што вельмі вялікая колькасьць людзей не падтрымлівае яго. І пераважна гэта моладзь. А абапіраецца Лукашэнка галоўным чынам на пэнсіянэраў, адстаўнікоў, сілавікоў ды чыноўнікаў, якія атрымліваюць высокія заробкі"
.

Цяжка, спадар Павал, лічыць гэта перамогай і называць пераможцамі тых, хто кінуты ў турму і абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах, каму пагражаюць шматгадовыя тэрміны зьняволеньня. Іншая справа, што маральная перавага на баку менавіта гэтых людзей. Застаецца спадзявацца, што іхныя ахвяры, іхныя пакуты і цярпеньне ня будуць марнымі.

Улада сарвалася ў самы апошні момант — калі жаданая перамога ў выглядзе прызнаньня Захаду была ў яе амаль у кішэні. Дагэтуль да канца незразумела, што стала прычынай такога нечаканага перапуду і неадэкватных рэпрэсіўных дзеяньняў. Разбурана ўсё, што з такімі цяжкасьцямі выбудоўвалася на працягу апошніх гадоў. Адным ударам Лукашэнка змахнуў з шахматнай дошкі ўсе фігуры сваіх палітычных апанэнтаў, але здабытая такім чынам перамога наўрад ці будзе для яго даўгавечнай. Гэтая шахматная партыя ня скончаная.

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Людмілы Доўгер з Воршы. Вось што слухачка піша пра сваё стаўленьне да Радыё Свабода:

"На працягу многіх гадоў праўдзівыя зьвесткі пра падзеі ў Беларусі і сьвеце атрымліваю з вашых перадач. Кожны вечар перад сном на паўтары-дзьве гадзіны ўключаю свой прыймач і настройваюся на "Свабоду". Гэта для мяне стала своеасаблівай патрэбай. "Свабода" — як глыток сьвежага паветра. А на афіцыйным радыё і тэлебачаньні — прапаганда і хлусьня. Бо параўноўваеш іхныя зьвесткі з тым, што бачыш вакол сябе — і хочацца плакаць. Вось ужо сапраўды: абяцанкі-цацанкі — а дурню радасьць".

Ведаем, што ў гэтыя драматычныя для Беларусі дні і тыдні мы займелі шмат новых слухачоў і наведнікаў сайту, для якіх вельмі важна ведаць, што насамрэч адбываецца ў краіне і вакол яе. Патрэба гэтая тым вастрэйшая, што ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць незалежным мэдыям у Беларусі, пагаршаюцца, а крыніц неадцэнзураванай і неадфільтраванай інфармацыі становіцца ўсё менш.

Дзякуй, спадарыня Людміла, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду".

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by