Эштан запатрабуе ад Мартынава вызваленьня палітвязьняў

Кэтрын Эштан

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым запатрабуе вызваленьня палітвязьняў. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла Мая Кацыянчыч, прэс-сакратар спадарыні Эштан. Паводле яе слоў, сустрэча палітыкаў заплянаваная ў Брусэлі 12 студзеня.

У апараце Кэтрын Эштан пацьвердзілі, што яна мае вельмі дакладна пацьвердзіць нязьменнасьць агучанай раней пазыцыі Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі і закліча выпусьціць на волю ўсіх, хто затрыманы з палітычных матываў. Таксама эўрачыноўніца паспрабуе данесьці да беларускіх уладаў пазыцыю ЭЗ адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і наконт адмовы працягнуць мандат місіі АБСЭ ў Менску.

12 студзеня ў Брусэлі ў рамках паседжаньня камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту адбудзецца дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі. На яе запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі, а таксама сваякі альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты і сябры іх выбарчых штабоў.