Пра што папросіць Эўропу Аляксандар Мілінкевіч?

12 студзеня ў Эўрапарлямэнце пройдзе адмысловае паседжаньне па сытуацыі ў Беларусі. Па беларускім пытаньні выступяць камісар у пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле, кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ на выбарах 2010 году Герт Арэнс і намесьнік міністра замежных спраў Літвы, якая старшынюе ў АБСЭ, Эвальдас Ігнатавічус.

На пасяджэньне запрошаная дэлегацыя прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, а таксама сваякі затрыманых па справе 19 сьнежня.

Мяркуецца, што на пасяджэньні выступіць лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

Як паведамляе сайт палітыка, Мілінкевіч лічыць, што ў адказ на масавае парушэньне правоў чалавека Эўразьвязу варта замарозіць адносіны з беларускімі ўладамі.

Замарожваньне стасункаў павінна ўяўляць сабой “прыпыненьне рэалізацыі праграмаў дапамогі эўрапейскіх і міжнародных фінансавых інстытуцыяў, якія рэалізуюцца праз дзяржаўныя структуры Беларусі”.

Для аднаўленьня і працягу дыялёгу з Эўразьвязам улады Беларусі павінны вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць перасьлед дэмакратычных актывістаў і незалежных мэдыяў і аднавіць дзейнасьць Офісу АБСЭ з пашыраным мандатам, мяркуе лідэр руху “За Свабоду”.

Таксама гаворка пойдзе пра гарантыі працягу навучаньня ў краінах ЭЗ для студэнтаў, выключаных зь беларускіх унівэрсытэтаў па палітычных матывах за удзел у мірным пратэсьце 19 сьнежня.

Мілінкевіч трымаецца пазыцыі, што пэрсанальныя візавыя абмежаваньні варта значна пашырыць на фальсыфікатараў выбараў і арганізатараў рэпрэсій розных узроўняў. Будуць названыя канкрэтныя адказныя пасады.

Але найбольш эфэктыўным захадам у адказ на палітычныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі, на думку Аляксандра Мілінкевіча, “была б эфэктыўная падтрымка грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, у тым ліку тых, якія вяшчаюць на Беларусь з тэрыторыі ЭЗ. Вельмі важным пазытыўным крокам з боку Эўразьвязу стане аднабаковае зьніжэньне коштаў шэнгэнскіх візаў з 60 да 35 эўра, а таксама спрашчэньне працэдур атрыманьня іх для беларусаў”.

Паводле Мілінкевіча, сваім рашэньнем аб бясплатных нацыянальных візах для беларусаў Польшча паказвае вельмі добры прыклад для ўсяго ЭЗ.