Хроніка рэпрэсій 6 студзеня. Вобыскі, ператрусы, затрыманьні, суды працягваюцца ў розных гарадах Беларусі.
У Барысаве арыштавалі актывіста Аляксандра Малчанава
21.47 Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміла ягоная маці Галіна Андрэеўна. Па яе словах, супрацоўнікі КДБ прыйшлі ў дом пасьля таго, як Аляксандр вярнуўся з працы. «Правялі вобшук, канфіскавалі сыстэмны блёк, флэшкі. Сашу заклалі рукі ў кайданкі і вывелі. Сказалі, што павезьлі ў Менск», — расказвае Галіна Андрэеўна. Малчанаў нейкі час быў сябрам руху «Зубар», але апошнім часам ні ў якіх арганізацыях ня быў. «На Плошчу паехаў як чэсны чалавек», — зазначае ягоная маці. Жанчына скардзіцца, што пры ўварваньні чэкісты выламалі дзьверы ў доме, цяпер сям’я ня ведае, як іх аднавіць.
Ператрус у Зьмітра Вінаградава зь Мядзеля
18.30 6 студзеня ў Мядзелі адбыўся ператрус у прадпрымальніка, грамадзкага актывіста Зьмітра Вінаградава.
Супрацоўнікі КДБ і міліцыі абышлі ўсе пакоі, перагледзелі ўсе рэчы, забралі сыстэмны блёк кампутара, ноўтбук і дзьве флэшкі.
Дашкевіча і Лобава абвінавацілі ў зьбіцьці прахожых
15.30 Сёньня былі выстаўленыя абвінавачваньні старшыні "Маладога Фронту" Зьмітру Дашкевічу і каардынатару Менскага “МФ” Эдуарду Лобаву паводле ч.3 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу.
Хлопцаў вінавацяць у нападзе на выпадковых мінакоў і зьбіцьці іх кулакамі й мэталічнымі абцугамі. У сваю чаргу маладафронтаўцы сьцьвярджаюць пра правакацыю спэцслужбаў.
Маладафронтаўца забралі адразу пасьля іспыту
14.18 Цяпер маладафронтавец Юльян Місюкевіч знаходзіцца ў Камітэте дзяржаўнай бясьпекі. Як пасьпеў паведаміць хлопец сваім сябрам, як толькі ён здаў экзамэн на фізфаку БДУ, яго адтуль забралі супрацоўнікі КДБ. Верагодна, Місюкевіча дапытваюць у якасьці сьведкі па справе аб масавых беспарадках. Іншых акалічнасьцяў пакуль невядома, паведамляе прэс-служба "Маладога Фронту".
Слонімскага актывіста дапыталі і зачыталі яму артыкул аб крымінальнай адказнасьці.
13.56 Дапытвалі Барыса Кучынскага ў раённым КДБ — пра тое, як ён патрапіў на Плошчу, з кім, што там рабіў і г.д. У КДБ яго пратрымалі больш за дзьве гадзіны. Пасьля допыту, са слоў Барыса Кучынскага, яму далі падпісаць пратакол, а таксама зачыталі артыкул аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пасьля гэтага адпусьцілі. Барыс Кучынскі быў вельмі абураны тым, як яго затрымлівалі. Нагадаю, што пасьля таго, як ён выйшаў з хаты, каб ісьці на пошту, да яго пад’ехала легкавушка. Зь яе выйшлі двое мужчын, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ і, зь яго слоў, запіхалі яго ў машыну. н прасіў кіроўцу спыніцца і хацеў выйсьці, але з машыны яго ўжо не выпускалі.
Барыс Кучынскі толькі нядаўна адбыў 15 сутак на Акрэсьціна за ўдзел у Плошчы.
Ператрус у Жлобіне ў Валера Рыбчанкі
13 53 У Жлобіне ў кватэры кіраўніка раённай арганізацыі партыі левых "Справядлівы сьвет" Валера Рыбчанкі супрацоўнікі Гомельскага УКДБ і міліцыі вядуць ператрус. Як паведамляе былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Марат Афанасьеў са Жлобіна, спэцслужбоўцы й маёр міліцыі зайшлі ў кватэру Рыбчанкі, калі там знаходзіўся толькі непаўналетні сын актывіста.
Афанасьеў: "Мы прыйшлі з Валерам да яго ў кватэру, калі там ужо знаходзіліся два супрацоўнікі Гомельскага УКДБ і ўчастковы міліцыянт. Яны паказалі пасьведчаньні і пастанову на ператрус, падпісаную менскім пракурорам. Наколькі я зразумеў, ператрус зьвязаны з пошукам вінаватых у нанясеньні шкоды Дому ўраду 19 сьнежня. Я прапаноўваў свае паслугі ў якасьці панятога. Аднак мяне выдалілі з кватэры. Участковы хутка прывёў з вуліцы сваіх панятых".
Валер Рыбчанка на прэзыдэнцкіх выбарах у межах кампаніі "За справядлівыя выбары" быў мясцовым каардынатарам назіраньня за ходам галасаваньня, арганізоўваў працу незалежных назіральнікаў на выбарчых участках. Стала вядома таксама, што Гомельскае УКДБ выклікае сёньня на гутарку ў якасьці сьведкі Алега Шабетніка з Рэчыцы, які каардынаваў у рэгіёне выбарчую кампанію Ўладзімера Някляева.
Ператрусы дайшлі і да аўтамабіляў
13.33 Як паведаміла нам жонка Алеся Міхалевіча Мілана, цяпер супрацоўнікі КДБ праводзяць дагляд аўтамабіля "Шкода-Фэліцыя", які належыць Міхалевічам. Аўтамабіль быў прыпаркаваны каля дома, дзе жывуць Міхалевічы, па вуліцы Кісялёва ў Менску. Зараз супрацоўнікі КДБ адкопваюць яго зь сьнегу. Ключ ад аўтамабіля быў у Алеся Міхалевіча падчас ягонага затрыманьня 19 сьнежня. Алесь якраз развозіў на сваёй "Шкодзе" людзей, якія пацярпелі пры разгоне акцыі. Паказальна, што супрацоўнікі КДБ пачалі дагляд аўтамабіля, не дачакаўшыся Міланы Міхалевіч.
У КДБ — паўторна
13.23 Журналіст Уладзімір Хільмановіч паўторна быў выкліканы ў гарадзенскую абласную управу КДБ у справе падзеяў 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Першым разам — пры канцы сьнежня быў складзены пратакол “апытаньня”, сёньня — пратакол допыту. Уладзімір Хільмановіч пасьля допыту распавёў, што яго выклікалі ў якасьці сьведкі. Ён мяркуе, што яму задавалі стандартныя пытаньні, якія задаюць усім тым, хто быў на плошчы, каб вызначыць, ці ўдзельнічаў ён у падзеях і ў якой ступені. Допыт адбыўся з нагоды крымінальнай справы, распачатай па факту гэтак званых масавых беспарадкаў у сталіцы, зазначыў журналіст.
Падпалкоўнік КДБ накіраваў скаргу Генпракурору
13.02 Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валеры Костка сёньня перадаў асабістую скаргу на імя Генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. Ён патрабуе вяртаньня кампутару і прызнаньня нанясеньня яму маральнай шкоды. Як ужо паведамляла "Свабода", 20 сьнежня супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў яго кватэры ў Смалявічах, а таксама ў фэрмэрскай гаспадарцы ў Смалявіцкім раёне. Ператрусы праводзіліся па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Супрацоўнікі КДБ забралі кампутар, які належыць Валеру Костцы. У ім, паводле словаў гаспадара, знаходзілася ўся дакумэнтацыя па ягонай гаспадарцы. Спадар Костка сказаў, што ён не знаходзіўся 19 сьнежня ў Менску.
Ператрус у гомельскім офісе АГП
12.38 У Гомелі ў прыватным доме на вуліцы Палескай, 52, дзе месьціцца офіс абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі й некаторых іншых грамадзкіх арганізацый, міліцыя й асобы ў цывільным распачалі ператрус. Мабільныя тэлефоны рэгіянальных партыйных кіраўнікоў заблякаваныя. Міліцыя перапыняе перамовы з актывістамі і праз гарадзкі тэлефон. Відавочна, што ператрус зьвязаны з падзеямі 19 сьнежня ў Менску.
Адзначым, што кіраўнікі гомельскай арганізацыі АГП ня ўдзельнічалі ў якасьці актывістаў у перадвыбарчых кампаніях альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты з прычыны адсутнасьці "адзінага кандыдата". На выбарах яны арганізавалі назіраньне за ходам датэрміновага й асноўнага галасаваньня ў межах грамадзянскай кампаніі "За справядлівыя выбары". Гэта ўжо ня першы ператрус у офісе на Палескай, 52. Як толькі пачынаюцца выбары — ці то парлямэнцкія, ці то прэзыдэнцкія альбо нейкія іншыя грамадзкія кампаніі, — у офісе на Палескай спэцслужбы й міліцыя ўчыняюць ператрусы, забіраюць кампутары й друкаваныя выданьні.
У Гомелі міліцыя й людзі ў цывільным ломяцца ў кватэры актывістаў
11.58 Сёньня ў Гомелі аб 11-й гадзіне міліцыя й людзі ў цывільным ламаліся ў кватэру грамадзкага актывіста Яўгена Якавенкі. На пачатку 12-й гадзіны паўдзясятка міліцыянтаў і асобаў у цывільным, сярод якіх быў участковы Цэнтральнага райаддзелу міліцыі спадар Чучвага, узялі ў аблогу прыватны дом гарадзкога каардынатара стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Кастуся Жукоўскага. З чым зьвязаная такая пільная ўвага да спадароў Жукоўскага й Якавенкі, пакуль невядома. У нядаўнюю выбарчую кампанію Жукоўскі й Якавенка працавалі ў камандзе Ўладзімера Някляева. Яны зьбіралі подпісы за Някляева пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й штандарам кампаніі "Гавары праўду", вялі актыўную агітацыйную працу.
Слонімскага актывіста вязуць у КДБ
9.57 Барыс Кучынскі выйшаў з хаты, каб ісьці на пошту. Да яго пад’ехала легкавушка, зь яе выйшлі два мужчыны, назваліся супрацоўнікамі КДБ і папрасілі праехаць зь імі. Праз тэлефон Барыс Кучынскі паведаміў, што ня ведае чаму яго такім чынам дастаўляюць у КДБ. Ён прасіў кіроўцу спыніцца і хацеў выйсьці, але яго з машыны ўжо не выпускаюць.
Барыс Кучынскі толькі нядаўна адбыў 15 сутак на Акрэсьціна за ўдзел у Плошчы.
Чарговы суд над актывістам пасьля адсідкі на Акрэсьціна
9.37 6 студзеня ў Горадні адбудзецца суд над моладзевым актывістам Алесям Кіркевічам. Позву яму выдалі падчас дзесяцідзённай адсідкі на Акрэсьціна. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў “несанкцыянаваным мітынгу” падчас сустрэчы кандыдатаў ў прэзыдэнты Статкевіча і Вуса.16 сьнежня падчас візыту кандыдатаў у прэзыдэнты Статкевіча і Вуса ім адмовілі для сустрэчы залю памяшканьня абласной філярмоніі. Аднак побач з будынкам сабраліся выбарцы. Сытуацыю пазьней выправілі, прадставіўшы іншае месца для сустрэчы ў актавай залі ПТВ будаўнікоў. Туды і рушыла калёна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Алесю Кіркевічу інкрымінуюць артыкул 23.34 частка 1 — удзел у несанкцыянаваным мітынгу. У справе фігуруе таксама выкарыстаньне нацыянальнага сьцягу, як незарэгістраванай сымболікі.