Адвакатка Бусько: «Зь сёньняшняга дня я беспрацоўная…»

Калегія Мін’юсту падтрымала рашэньне Кваліфікацыйнай камісіі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь — ануляваць ліцэнзію адвакату Гарадзенскай абласной калегіі Валянціне Бусько. Прычына ануляваньня ліцэнзіі — удзел у несанкцыянаваным мітынгу 19 сьнежня 2010 году. За ўдзел у акцыі Бусько была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці.

Валянціну Бусько затрымалі на Плошчы разам з сынам Яўгенам. Зь яе слоў, яны патрапілі туды выпадкова, прыйшлі проста зь цікаўнасьці. У той дзень яны гасьцявалі ў Менску ў цёткі.

Спадарыня Валянціна распавядае, што іх забралі разам з сынам у ліку першых:

Бусько: «Там была такая цісканіна, было страшна. Мяне ўдарылі міліцыянты шчытом па твары. Уратавала трохі зімовая шапка з казырком. Сыну таксама дасталася, а потым нас усіх запіхалі ў аўтазакі і завезьлі на Акрэсьціна. Там нас разьдзялілі, потым афармлялі, і на наступны дзень адбыўся суд».

Карэспандэнт: «І як выглядаў судовы працэс?»

Бусько: «Ён працягваўся хіба адну хвіліну. Ніхто нікога ні пра што ня слухаў. Стандартная пастанова для ўсіх затрыманых. Ніхто ні з кім не разьбіраўся, ніякіх сьведкаў не запрашалі. Прызначылі пакараньне ў выглядзе 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і за тое, што я выкрыквала лёзунг: «Жыве Беларусь!»

Карэспандэнт: «У якіх умовах вас утрымлівалі?»

Бусько: «Там, дзе трымалі жанчын, не было ложкаў, толькі драўляны насьціл, на якім мы і спалі. Прынесьлі падушкі цьвёрдыя-цьвёрдыя і далі бялізну. А ў некаторых дзяўчат было па 13 чалавек у камэры, то трое зь іх ляжалі на бэтоннай падлозе бяз коўдраў. Не было дзе рукі памыць. Адкрытая прыбіральня, адгароджаная нейкай прыстаўкай каля мэтра вышынёй, інтыму ніякага не стварала».

Карэспандэнт: «Вы адчувалі нейкую падтрымку з волі?»

Бусько: «Мы трымаліся толькі за кошт таго, што нам перадавалі перадачы людзі — ваду, потым нейкія салодкія цукеркі, чакаляд, мандарыны. Перадавалі нам і сурвэткі, і іншыя патрэбныя гігіенічныя рэчы. Прадуктаў для нас не прымалі, паколькі лічылі, што яды дастаткова».

Карэспандэнт: «А што было пасьля таго, як вы выйшлі на волю?»
Паседжаньне прэзыдыюму адбылося безь мяне, ніхто ня слухаў ні маёй пазыцыі, ні маіх довадаў.


Бусько: «Я выйшла першая і засталася ў Менску, каб дачакацца, пакуль выпусьцяць майго сына. Мне патэлефанавалі з працы і запрасілі на 4 студзеня на 10 гадзін раніцы быць на паседжаньні прэзыдыюму ў сувязі з тым, што супраць мяне ўзбуджана дысцыплінарная вытворчасьць па факце прыцягненьня мяне да адміністрацыйнай адказнасьці. Я патлумачыла, што знаходжуся па-за межамі Горадні і зьявіцца не змагу. Але 4-га раніцай яны мне ізноў патэлефанавалі, у іх працавала гучная сувязь. Я ізноў паўтарыла, што знаходжуся па-за межамі гораду, але тым ня менш паседжаньне прэзыдыюму адбылося безь мяне, ніхто ня слухаў ні маёй пазыцыі, ні маіх довадаў. А сёньня, 5 студзеня, я прыйшла на працу і мне далі пастанову прэзыдыюму Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў пра тое, што я прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасьці за правапарушэньне, прадугледжанае ч. 1 арт. 234. І яны прыйшлі да высновы — ускласьці на мяне дысцыплінарную адказнасьць і выключыць з адвакатуры».

Карэспандэнт: «А пра што гаварылася ў пастанове прэзыдыюму, паводле якой вас пазбавілі працы?»

Бусько: «У адпаведнасьці з правіламі адвакацкай этыкі адвакату неабходна клапаціцца аб прэстыжы сваёй прафэсіі, павышэньні яе ролі ў грамадзтве, аб маральных адносінах да самога сябе і пэўных адносінах з боку грамадзтва і г.д. Такім чынам, яны палічылі факт прыцягненьня мяне да адміністрацыйнай адказнасьці недапушчальным. Я ад сёньняшняга дня пазбаўлена працы. У мяне забралі ліцэнзію і пасьведчаньне адваката».

Яшчэ спадарыня Бусько дадае, што, калі яна знаходзілася ў Менску, ёй ужо тэлефанавалі з гарадзенскага КДБ і запрашалі прыйсьці на размову.